Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці адчулі мабільныя апэратары і інтэрнэт-правайдэры падвышаную нагрузку праз каранавірус


Ілюстрацыйнае фота. У менскім мэтро
Ілюстрацыйнае фота. У менскім мэтро

Свабода пацікавілася, ці адчулі мабільныя апэратары і інтэрнэт-правайдэры ў Беларусі падвышаную нагрузку на трафік праз тое, што людзі асьцерагаюцца пандэміі і ўсё больш часу праводзяць дома.

Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>

А1 не выключае зьніжэньня якасьці струменнага відэа

У кампаніі А1, якая ёсьць часткаю эўрапейскага тэлекамунікацыйнага холдынгу A1 Telekom Austria Group, паведамілі, што ўважліва сочаць за тымі захадамі, якія прымаюцца ў Беларусі для прафіляктыкі і стрыманьня пашырэньня COVID-19, каб падрыхтавацца «да розных сцэнароў разьвіцьця падзеяў».

Генэральны дырэктар кампаніі А1 Гельмут Дуз на сваёй старонцы ў фэйсбуку паведаміў, што «ў адпаведнасьці з плянам забесьпячэньня бесьперапыннай дзейнасьці А1 спэцыялісты кампаніі правялі адпаведную працу для маніторынгу тэхнічнага стану сеткі і яе гатоўнасьці да падвышаных нагрузак».

Цяпер сеткі мабільнай (2G / 3G / 4G) і фіксаванай сувязі А1 гатовыя да падвойнай і большых нагрузак на наяўную інфраструктуру.

«Пры неабходнасьці кампанія пакідае за сабой права перагледзець падыход да аказаньня некаторых паслуг, напрыклад, зьнізіць якасьць струменнага відэа, каб запэўніць дастатковы доступ да ўсіх крытычна важных сэрвісаў усім абанэнтам», — паведаміў Гельмут Дуз.

Падобныя захады ўжо прынялі ў Эўропе стрымінгавыя кампаніі YouTube і Netflix.

А1 заявіла, што гарантуе сваім кліентам бесьперапынную тэхнічную і кансультацыйную падтрымку «бяз збояў і ў поўным аб’ёме».

Спэцыялісты кампаніі будуць абслугоўваць сетку А1 у штатным рэжыме, а даступнасьць усіх паслугаў і сэрвісаў будзе залежаць толькі ад пастаўкі энэргетычных рэсурсаў. Спэцыялісты гатовыя да аддаленай працы з дому, што патэнцыйна зьніжае рызыку іх інфікаваньня.

Кампанія абяцае надаць кліентам «найбольш камфортныя ўмовы для карыстаньня паслугамі і сэрвісамі» ва ўмовах прафіляктыкі і стрымліваньня каранавірусу.

Пра дадатковыя захады А1 абяцае паведаміць неўзабаве.

У А1 карэспандэнту Свабоды паведамілі, што пасьля заявы Гельмута Дуза ад 18 сакавіка сытуацыя не памянялася.

МТС: «Нагрузка не павялічылася»

У прэс-службе МТС карэспандэнту Свабоды паведамілі, што на гэты момант працуюць у штатным рэжыме.

«Нагрузка на трафік не павялічылася», — сказалі там.

Што да будучага разьвіцьця падзеяў, то ў МТС упэўненыя, што «сетка дасьць рады якім-хаця нагрузкам, калі гэта будзе патрэбна».

«Белтэлекам»: «Нагрузка адпавядае штатнаму рэжыму працы»

У РУП «Белтэлекам» карэспандэнту Свабоды паведамілі, што праводзяць пастаянны маніторынг якасьці паслуг і даступнасьці службы тэхнічнай падтрымкі. «Цяпер нагрузка на сетку РУП „Белтэлекам“ адпавядае штатнаму рэжыму працы. Хуткасьць доступу ў інтэрнэт застаецца стабільнай і вызначаецца тарыфным плянам абанэнта», — сказалі ў прэс-службе.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG