Трактар з гарэлкай і дым гармалы. Што кіраўнікі розных дзяржаваў раяць рабіць падчас эпідэміі каранавірусу
Свабода сабрала рэакцыю прэзыдэнтаў на пашырэньне ў сьвеце небясьпечнай хваробы.
«Белавія» прыпыняе рэйсы ў расейскія рэгіёны. У Маскву і Пецярбург самалёты пакуль лятаюць
З 18 сакавіка ў зьвязку з прыпыненьнем міжнародных авіяцыйных перавозак у шэрагу краін праз эпідэмію каранавірусу «Белавія» да 1 траўня прыпыняе палёты ў Варонеж, Краснадар, Казань, Ніжні Ноўгарад, Растоў-на-Доне, Сочы і ў маскоўскі аэрапорт Жукоўскі. У маскоўскія аэрапорты Дамадзедава і Шарамецьева, а таксама ў Санкт-Пецярбург рэйсы пакуль не скасавалі.
Вярнуць купленыя загадзя квіткі альбо абмяняць іх на іншыя даты вылету можна да 31 сьнежня 2020 году.
У «Беларускай чыгунцы» сказалі, што ўсе цягнікі ў Расею адпраўляюцца паводле раскладу, ня спынены і папярэдні продаж квіткоў.
Як Украіна змагаецца з каранавірусам
Ва Ўкраіне зарэгістравана 7 выпадкаў заражэньня каранавірусам і два выпадкі сьмерці. Нягледзячы на ня самыя вялікія лічбы, украінскія ўлады ўводзяць жорсткія карантынныя захады.
Сярод захадаў украінскай улады ў барацьбе з каранавірусам — ільготы для бізнэсу і крымінальная адказнасьць грамадзян за парушэньне карантыну.
З поўдня 18 сакавіка ва Ўкраіне спыняецца ўвесь чыгуначны, авіяцыйны і аўтобусны рух — міжнародны і ўнутраны. Улады Кіева, Дняпра і Харкава спыняюць працу мэтро.
Пабрабязьней пра прынятыя захады тут.
Расейскі футбольны чэмпіянат прыпынілі
На сходзе 17 сакавіка клюбы футбольнай Расейскай Прэм’ер-лігі вырашылі прыпыніць матчы прынамсі да 10 красавіка праз пандэмію COVID-19, піша «Спорт-экспресс». Раней былі прыпыненыя матчы Кантынэнтальнай хакейнай лігі і расейскай баскетбольнай Адзінай лігі.
Расейская Прэм’ер-ліга заставалася апошнім з «топавых» футбольных спаборніцтваў Эўропы, які не прыпыняў матчы ў сувязі з каранавірусам. Раней спынілі гульні чэмпіянаты Ангельшчыны, Гішпаніі, Італіі, Нямеччыны, Францыі, Польшчы і іншых краінаў. У расейскай лізе гуляе шэраг беларусаў, у тым ліку капітан зборнай Аляксандар Мартыновіч.
Футбольныя чэмпіянаты працягваюцца ва Ўкраіне (але ў сталіцы ўжо забаранілі спартовыя спаборніцтвы) і Беларусі.
Дзясяткі IT-кампаніяў у Беларусі перайшлі на працу з дому
Паводле Dev.by, ужо 92 кампаніі працуюць цалкам або часткова ў выдаленым рэжыме — некаторыя дазваляюць сядзець дома асобным супрацоўнікам, некаторыя ж цалкам сыходзяць з офісаў.
У ліку такіх EPAM, Wargaming, iTechArt, BelHard, ISSoft, Synesis, Exadel і іншыя, у тым ліку сам Dev.by.
МЗС Беларусі: «Вядомыя 2 выпадкі завозу ў Беларусь каранавірусу з Масквы, зь Беларусі — нікуды»
Прэс-сакратар МЗС Беларусі Анатоль Глаз пракамэнтаваў агенцтву «РИА-Новости» рашэньне Масквы пра закрыцьцё расейскай мяжы для грамадзян Беларусі.
«На сёньняшні дзень устаноўленыя два выпадкі завозу на тэрыторыю Беларусі каранавірусу з Масквы. Астатнія таксама прывезеныя звонку. Беларусы ж пакуль нікому яго ня экспартавалі. Нават ня хочацца фантазіяваць на тэму таго, якія ж павінны быць нашы дзеяньні, кіруючыся лёгікай расейскага боку», — заявіў Анатоль Глаз.
На ягоную думку, у Сусьветнай арганізацыі аховы здароўя, верагодна, «шчыра зьдзівяцца сьцьвярджэньням расейскага боку аб парушэньні Беларусьсю іх рэкамэндацый», пра што напярэдадні заявіла Расея, бо «няма ніводнай рэкамэндацыі, якую б не выконваў беларускі бок».
«Сумна, што рашэньні нашых расейскіх сяброў у большай меры заснаваныя на нейкіх абстрактных прапорцыях, чым на рэальных дадзеных альбо інтарэсах людзей. Тым больш грамадзян краіны, якая зьяўляецца, як было сказана ўчора ў Крамлі, «нашым бліжэйшым партнэрам і саюзьнікам», — дадаў Глаз.
У Беларусі запусьцілі бескантактную дастаўку ежы
Сэрвіс «Эўраопту» E-dostavka.by паведамляе, што робіць бескантактную дастаўку ад 16 сакавіка. Трэба толькі пазначыць, каб пакет пакінулі пад дзьвярыма, і аплаціць замову праз інтэрнэт.
Замовіць можна амаль усе прадукты, якия прадаюцца ў звычайных крамах: хлеб, мяса, мясныя і малочныя прадукты, садавіну і гародніну, бакалею, напоі, дзіцячае харчаваньне і корм для жывёлаў. Не прадаюць алькаголь і тытунь. Дастаўку звычайна ладзяць практычна па ўсіх гарадах краіны, але не ва ўсіх крамах на момант публікацыі ёсьць магчымасьць выбраць час дастаўкі ў бліжэйшыя дні.
Бескантактную дастаўку прапанавалі таксама Menu.by і Enot-Delivery.by — яны дастаўляюць ежу з фаст-фудаў, піцэрыяў, сушы-бараў і рэстарацыяў. Таксама такую дастаўку ладзяць піцэрыі «Тэмпа» і «Доміна’с».
COVID-19 у параўнаньні зь іншымі інфэкцыямі. Адной карцінкай
Польскі ўрад у карантыне, бо ў міністра знайшлі каранавірус
У сувязі з тым, што ў міністра аховы навакольнага асяродзьдзя Польшчы Міхала Вося выявілі каранавірус COVID-19, у аўторак увесь польскі ўрад здае аналізы. 15 міністраў у карантыне, паведамляе выданьне Wiadomosci.
Амбасада ЗША ў Беларусі прыпыніла выдачу візаў у сувязі з каранавірусам
З 17 сакавіка амбасада ЗША ў Менску часова прыпыніла аказаньне паслуг па выдачы неіміграцыйных візаў для грамадзян Беларусі, паведамляе сайт амбасады.
Паслугі, якія амбасада надае грамадзянам ЗША, па-ранейшаму будуць даступныя.
«Амбасада ЗША ў Менску адданая палітыцы абароны здароўя і бясьпекі грамадзян ЗША і супрацоўнікаў прадстаўніцтва. Як толькі пагроза COVID-19 аціхне, амбасада ЗША адновіць паслугі па выдачы неіміграцыйных візаў у поўным аб’ёме», — гаворыцца ў паведамленьні.
Аналягічныя крокі зрабілі і іншыя амбасады.
Украіна ўвяла крымінальную адказнасьць за парушэньне карантыну
Вярхоўная Рада Ўкраіны ўхваліла шэраг шэраг захадаў для змаганьня з каранавірусам COVID-19. У прыватнасьці, дэпутаты ўсталявалі адміністрацыйную і крымінальную адказнасьць за парушэньне карантыннага рэжыму.
Як распавёў намесьнік міністра ўнутраных спраў Украіны Антон Герашчанка, самавольны выхад з карантыну можа карацца штрафам ад 17 да 32 тысяч грыўняў (прыблізна $640-1200) ці абмежаваньнем волі на тэрмін ад паўгоду да трох гадоў. «Тыя ж дзеяньні, калі яны пацягнулі за сабой гібель людзей або іншыя цяжкія наступствы, караюцца пазбаўленьнем волі на тэрмін ад пяці да васьмі гадоў», — падкрэсьліў міністар.
У Менску загадалі закрыць кальянныя і расставіць далей столікі ў рэстарацыях
Рэкамэндацыі выстаўленыя ўсім установам у Менску. Міністэрства пастанавіла, што ўстановам харчаваньня трэба:
- паставіць у холах і прыбіральнях дазатары з антысэптыкамі для апрацоўкі рук;
- павялічыць колькасьць вільготных уборак з дызінфікцыйнымі сродкамі (як часта трэба іх рабіць, не ўдакладняецца);
- разьмясьціць «ва ўсіх агульнадаступных месцах» разьмясьціць стэнды аб прафіляктыцы каранавірусу (узоры стэндаў не прыкладзеныя);
- абмежаваць правядзеньне масавых мерапрыемстваў (крытэры не прыводзяцца);
- зьменшыць колькасьць пасадачны месцаў і забясьпечыць між сталамі ня менш за 1,5 мэтра адлегласьці;
- часова прыпыніць прадстаўленьне паслугаў кальян-сэрвісу.
У беларускіх школах могуць абвясьціць канікулы з 23 сакавіка
У Міністэрстве адукацыі вывучаюць прапанову аб дачасным пачатку школьных канікул з 23 сакавіка. Паводле інфармацыі Свабоды рашэньне на гэты конт чакаецца па абедзе 17 сакавіка.
Вясновыя канікулы ў школьнікаў былі заплянаваныя з 30 сакавіка па 4 красавіка ўключна.
У суседніх зь Беларусьсю краінах у школах і ВНУ ў сувязі з каранавірусам увялі карантын. Паводле маніторынгу ЮНЭСКА, агулам на 16 сакавіка 85 краінаў сьвету закрылі школы па ўсёй краіне, што закранула каля 776,7 млн дзяцей і моладзі. Яшчэ 15 краінаў закрылі школы часткова, ене па ўсёй краіне.
У Польшчы ад каранавірусу памёр пяты чалавек
Як паведамляе польскае Міністэрства аховы здароўя, гэта 57-гадовы мужчына, у якога былі іншыя захворваньні. Ён памёр у горадзе Валбжыху ў Ніжнесылескім ваяводзтве. Агульная колькасьць пацьверджаных выпадкаў каранавірусу ў Польшчы — 205.
WHO: Беларусь выконвае рэкамэндацыі, некантраляванай перадачы каранавірусу няма
Беларускі офіс Сусьветнай арганізацыі здароўя (WHO) апублікаваў 17 сакавіка заяву ў сувязі з распаўсюдам новага каранавірусу і барацьбы зь ім у Беларусі.
У заяве офіс WHO піша, што:
- выказвае падтрымку і салідарнасьць адносна высілкаў Беларусі ў барацьбе з COVID-19, высока цэніць падыход да гэтай барацьбы з боку беларускай сыстэмы аховы здароўя;
- адзначае значныя высілкі і рэсурсы, накіраваныя ў Беларусі на раньняе выяўленьне заражэньня COVID-19 з выкарыстаньнем лябараторнай дыягностыкі, а таксама высілкі ў ізаляцыі, аказаньні дапамогі пацыентам і адсочваньні тых, з кім кантактавалі інфікаваныя;
- вышэй названае — ключавыя захады, рэкамэндаваныя WHO дзеля спыненьня перадачы і прадухіленьня распаўсюду каранавірусу;
- улады Беларусі адкрытыя ў абмене зьвесткамі пра COVID-19 і своечасова прадстаўляюць справаздачы ў WHO адпаведна міжнародным правілам;
- міністэрства здароўя Беларусі рэгулярна дае насельніцтву зьвесткі пра разьвіцьцё сытуацыі з COVID-19 і рэкамэндацыі аб захадах абароны;
- у адсутнасьць у Беларусі некантраляванай перадачы новага каранавірусу захады, што прымаюць улады, адпавядаюць рэкамэндацыям WHO і грунтуюцца на падставе наяўных рызыкаў;
- пры тым у сьвеце сытуацыя з COVID-19 пагаршаецца, усе краіны мусяць рыхтавацца да далейшага распаўсюду інфэкцыі, адэкватна ацэньваць узровень пагрозаў і ведаць, што ўнівэрсальнага падыходу не існуе;
- абмежаваньні на перасоўваньне людзей і тавараў падчас надзвычайных сытуацыяў у ахове здароўя «ў большасьці выпадкаў» ня ёсьць эфэктыўным захадам і «можа адцягнуць рэсурсы ад іншых мерапрыемстваў», пацягнуць збоі ў дастаўцы неабходнай дапамогі, парушыць дзейнасьць суб’ектаў гаспадараньня і нэгатыўныя наступствы для эканомікі і грамадзтва.
Днём раней Аляксандар Лукашэнка заявіў, што «Расея палае ад каранавірусу», а ва ўрадзе Расеі адказалі, што «Беларусь ня робіць дастатковых захадаў для змаганьня з пранікненьнем каранавірусу з трэціх краін, нягледзячы на рэкамэндацыі Сусьветнай арганізацыі здароўя».
Па стане на 17 сакавіка ў Беларусі зафіксавалі 36 выпадкаў COVID-19. Трох пацыентаў ужо выпісалі, рыхтуюцца выпісаць яшчэ некалькіх. Новых выпадкаў за мінулы дзень не зафіксавалі.
Мінадукацыі: ВНУ самі вызначаюць захады для прафіляктыкі каранавірусу
Міністэрства адукацыі Беларусі пакідае на меркаваньне ВНУ, якія менавіта захады прымаць для недапушчэньня распаўсюду каранавірусу COVID-19, сказала БелаПАН прэс-сакратарка міністэрства Людміла Высоцкая. «Мы рэкамэндавалі скарэктаваць навучальны працэс, а ВНУ самі вырашаюць, як мінімізаваць кантакты, пакідаючы ў раскладзе самыя неабходныя заняткі»,— дадала яна.
Так Мінадукацыі пракамэнтавала часовую адмену да 6 красавіка ў некаторых вышэйшых навучальных устаноў лекцый, іншых заняткаў з колькасьцю студэнтаў больш за 60 чалавек, а таксама заняткаў па фізкультуры. Напярэдадні гэтую інфармацыю пацьвердзілі БелаПАН выкладчыкі і студэнты трох ВНУ.
Беларуская чыгунка прыпыніла рух цягнікоў у 7 краінаў. Грошы за квіткі вернуць
На 17 сакавіка Беларуская чыгунка ўжо прыпыніла рух міжнародных цягнікоў у 7 краінаў — Нямеччыну, Латвію, Літву, Польшчу, Францыю, Чэхію і Ўкраіну — «у сувязі з рашэньнем шэрагу краінаў аб прыпыненьні міжнародных чыгуначных пасажырскіх зносінаў» праз эпідэмію каранавірусу.
Нявыкарыстаныя квіткі на адмененыя цягнікі можна вярнуць без дадатковых плат і збораў. Папяровыя квіткі можна здаць у касу, электронныя — праз рэсурс, на якім іх куплялі. Тэрміны вяртаньня не абмежаваныя.
Каранік: за дзень новых выпадкаў COVID-19 не было, Беларусь выконвае рэкамэндацыі WHO
Міністар здароўя Беларусі Уладзімер Каранік заявіў 17 сакавіка, што Беларусь выконвае рэкамэндацыі Сусьветнай арганізацыі здароўя «больш чым хтосьці іншы».
За мінулы дзень у Беларусі ня выявілі ніводнага новага выпадку COVID-19 (раней паведамлялася пра 36 пацыентаў, трох зь якіх ужо выпісалі). Сытуацыя зь вірусам у краіне, кажа Ўладзімер Каранік, застаецца кантраляванай.
Каранік дадаў, што ранейшых частка пацыентаў цяпер рыхтуюць да выпіскі, бо першыя тэсты больш не паказваюць у іх наяўнасьці вірусу SARS-CoV-2.
Цяпер, адзначыў міністар, абмяркоўваюцца новыя захады супраць вірусу, накіраваныя перадусім на недапушчэньне завозу яго ў краіну.
«Мы разумеем, што ў нашых суседзяў сытуацыя ня вельмі добрая, таму мы дадаткова мінімізуем рызыкі завозу да нас», — заявіў міністар, не адзначыўшы, што ўсе суседзі Беларусі ўжо закрылі межы або анансавалі такі крок.
Каранік таксама адзначыў, што Сусьветная арганізацыя здароўя «цалкам падтрымлівае» высілкі Беларусі і лічыць іх найбольш эфэктыўнымі, а закрыцьцё межаў эфэктыўным якраз ня лічыць.
Прэм’ер Манака заразіўся COVID-19
Урад Манака паведаміў 16 сакавіка пра дзявяты станоўчы вынік тэсту на новы каранавірус у княстве насельніцтвам у 38 тысяч чалавек — заразіўся дзяржаўны міністар Манака, 64-гадовы Сэрж Тэль.
Стан здароўя Тэля задавальняльны, ён мае «ня вельмі моцныя сымптомы» і працуе з дому ў самаізаляцыі, трымае кантакт з урадам празь відэасувязь. Цяпер высьвятляецца, з кім ён кантактаваў у апошнія дні і хто можа быць інфікаваны.
Расея перанесла Дзень касманаўтыкі з 12 красавіка на восень праз каранавірус
Традыцыйны сьвяточны канцэрт, прысьвечаны Дню касманаўтыкі, перанесены з 12 красавіка на восень, паведамілі «Інтэрфаксу» ў прэс-службе «Роскосмоса». Дату канцэрту вызначаць пазьней.
Гэта ўжо ня першыя абмежавальныя меры з прычыны вірусу, якія закранулі ракетна-касьмічную галіну. На мінулым тыдні стала вядома, што запуск місіі ExoMars-2020 перанесены зь лета 2020 году на 2022 год. Сярод прычын называліся неабходнасьць дадатковых тэхнічных праверак, а таксама каранавірус. 16 сакавіка на фоне эпідэміі каранавірусу Гвіянскі Касьмічны цэнтар абвясьціў аб прыпыненьні ўсёй пускавой праграмы, а «Роскосмос» — аб абмежаваньні на доступ прэсы на касмадром Байканур.