Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Літву і Польшчу ўжо не заедзеш, а вярнуцца можна. Пасажырскія перавозкі ў Расею ніхто не скасоўваў


Міжнародныя зносіны Беларусі з Украінай і дзяржавамі Эўразьвязу часова прыпыненыя. Аднак беларусы, якія апынуліся за мяжой, могуць вярнуцца на радзіму. І цягнікі, і аўтобусы, і самалёты ў Расею пакуль не скасавалі — усе рэйсы выконваюцца, нягледзячы на заявы расейскага боку пра закрыцьцё мяжы зь Беларусьсю.

Як выбрацца з Польшчы

Буйныя аўтобусныя перавозьнікі «Менсктранс» і Ecolines з 16 сакавіка скасавалі рэйсы ў Польшчу. Кампанія express.bу, якая перавозіла беларусаў у аэрапорты Варшавы і назад у Менск, таксама з панядзелка спыніла зносіны з Польшчай.

Для беларусаў, якія яшчэ застаюцца ў Варшаве, Ecolines арганізаваў дадатковыя рэйсы 16 і 17 сакавіка — выезд у 21.45.

З 17 па 22 сакавіка будзе працаваць маршрут Белая Падляская — Тарэспаль — Берасьце, перавозьнік — фірма Markus. Зь Белай Падляскай аўтобус штодня адпраўляецца а 12-й мясцовага часу, з Тарэспаля — у 12.40.

А на пераходзе Кузьніца — Брузгі польска-беларускую мяжу можна перайсьці пешшу.

У Польшы беларусы могуць зьвярнуцца ў консульскую установу Беларусі на тэлефон +48 694 459 554.

Як даехаць да Беларусі зь Літвы

Усе цягнікі Беларускай і Літоўскай чыгунак на маршруце Менск — Вільня скасаваны. Хто набываў квіткі загадзя, можа вярнуць грошы ў білетных касах без дадатковых платаў і збораў. Грошы за электронныя білеты вяртаюць праз той інтэрнэт-рэсурс, дзе быў набыты квіток. Тэрміны вяртаньня квіткоў не абмежаваныя, запэўнілі Свабоду на Беларускай чыгунцы.

Цягнікі Расейскіх чыгунак на маршруце Калінінград — Масква, Калінінград — Санкт-Пецярбург, Калінінград — Адлер (якія праходзяць празь Беларусь) пойдуць транзытам па тэрыторыі Літоўскай Рэспублікі без прыпынкаў, без пасадкі і высадкі пасажыраў у Кене, Вільні, Кібартах.

Так што застаецца толькі два варыянты: аўтамабіль ці пераход мяжы пешшу. Беларусы могуць выехаць зь Літвы маршрутам Вільня — пункт пропуску Прывалка — Горадня 17 сакавіка ў 13.00 і ў 17.00, паведамляе амбасада Беларусі ў Літве. Адпраўленьне ад гатэлю «Грата» зь Вільні (Vytenio g. 9).

Калі беларусы яшчэ застаюцца ў Літве, дабрацца да мяжы можна любым транспартам, а потым перайсьці мяжу пешшу і далей ужо дабірацца дадому.

Беларусы дагэтуль вяртаюцца з Эўропы таннымі лініямі Ryanair і Wizzair у літоўскія аэрапорты. Кампанія Sheddi.by, якая арганізуе рэйсы ў аэрапорты Вільні, Коўна і назад у Менск, будзе перавозіць пасажыраў да 19 сакавіка. Як паведаміла прадстаўніца кампаніі Свабодзе, па 2-3 маршруткі ў дзень і зь Вільні, і з Коўна пакуль ходзяць да Менску. У Вільню і Коўна маршруткі едуць парожнімі, а зь Літвы назад ужо зь беларусамі.

Тэлефон беларускай консульскай установы ў Літве +370 699 59 434.

Квіткі ў Расею прадаюць на ўсе даты, аўтобусы і цягнікі ходзяць

Што да Расеі, якая 16 сакавіка абвясьціла аб закрыцьці для перамяшчэньня людзей сваёй мяжы зь Беларусьсю, пакуль ніякай пэўнай інфармацыі ў буйных перавозьнікаў няма.

16 сакавіка квіткі на аўтобусы у Маскву і «Менсктранс», і Есolines прадавалі на ўсе наступныя даты, усе заплянаваныя рэйсы пакуль выконваюцца.

«Ніякіх указаньняў скасаваць рэйсы, спыніць продаж квіткоў у Расею мы не атрымлівалі,у панядзелак усе заплянаваныя рэйсы выконваюцца. На Расею — у Маскву, Санкт-Пецярбург квіткі пакуль прадаюцца. Але раім пасажырам сачыць за інфармацыяй, бо, зразумела, у кожны момант сытуацыя можа зьмяніцца.

Калі пасажыры вырашылі ня ехаць, вярнуць квіткі можна ў вызначаным парадку бяз страты грошай», — патлумачыла Свабодзе супрацоўніца «Менсктрансу».

16 сакавіка Есolines робіць апошні рэйс у Санкт-Пецярбург. У Маскву квіткі прадаюцца і на бліжэйшыя дні, рэйсаў ніхто не скасоўваў, паведамілі Свабодзе ў кампаніі.

Што да чыгункі, у Расею ўсе цягнікі надалей ходзяць згодна з папярэднім раскладам.

«З Расеяй на гэты момант у нас мяжа не закрытая. Усе цягнікі ходзяць паводле раскладу. Пакуль у нас афіцыйных дакумэнтаў няма. А што будзе далей — ня ведаем, усё можа зьмяніцца ў кожную хвіліну», — сказалі Свабодзе ў бюро даведак Беларускай чыгункі.

Самалёты ў Расею таксама лятаюць

«Белавія» з 16 сакавіка прыпыніла рэйсы ў Кішынёў, Рыгу, Баку, Бэйрут. Раней былі скасаваныя рэйсы ва Ўкраіну, Кіпр, Польшчу.

Вярнуць грошы альбо зьмяніць дату вылету на скасаваныя рэйсы можна да 31 сьнежня 2020 году.

Усе астатнія рэйсы адбываюцца паводле раскладу, у тым ліку ў Расею.

«Мы пастаянна абнаўляем інфармацыю на сайце і ў сацыяльных сетках, калі штосьці зьмяняецца — мы зусім не зацікаўленыя штосьці хаваць. Апэратыўна інфармуем пасажыраў. Пакуль усе рэйсы і ў Расею, і ў астатнія краіны выконваюцца паводле раскладу», — запэўніла Свабоду супрацоўніца прэсавай службы кампаніі «Белавія».

Прычым прадстаўнікі ўсіх кампаніяў перавозьнікаў падкрэсьлілі, што даюць інфармацыю «на бягучы момант, але ўсё раптам можа зьмяніцца».

Што трэба ведаць пра новы каранавірус COVID-19

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG