Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея закрывае мяжу зь Беларусьсю для перамяшчэньня людзей

абноўлена

©Shutterstock
©Shutterstock

Прэм’ер-міністар Расеі Міхаіл Мішусьцін абвясьціў 16 сакавіка аб рашэньні закрыць мяжу зь Беларусьсю для перасоўваньня людзей.

«Мы таксама прынялі рашэньне аб закрыцьці мяжы зь Беларусьсю для перамяшчэньня людзей, зрабілі шэраг іншых папераджальных крокаў, — перадае ТАСС словы расейскага прэм’ера Мішусьціна. — Мы і далей будзем рабіць усё дзеля абароны нашай краіны ад гэтай новай пагрозы, дзейнічаць на апярэджаньне, прымаць вычарпальныя захады, каб не дапусьціць у першую чаргу масавага распаўсюду каранавірусу».

Калі рашэньне набудзе моц, не ўдакладняецца.

Абмежаваньняў на беларуска-расейскай мяжы яшчэ няма

Прадстаўнік Памежнага ўпраўленьня Фэдэральнай службы бясьпекі Расеі па Смаленскай вобласьці Аляксандар Лазенка ў камэнтары для Свабоды паведаміў, што перасоўваньне людзей і транспарту ажыцьцяўляецца ў звычайным рэжыме.

Аднак пры гэтым параіў зьвярнуцца па больш уцямныя тлумачэньні ў цэнтральны офіс ФСБ у Маскве. Там, у сваю чаргу, сказалі, што агучаць рашэньне неўзабаве, калі завершыцца «апэратыўная нарада» ў прэм'ер-міністра Міхаіла Мішусьціна.

У Цэнтры грамадзкіх сувязяў ФСБ не ўзяліся прагназаваць, ці будуць абмежаваньні тычыцца толькі «перасоўваньня людзей», як адзначыў кіраўнік расейскага ўраду, або ўсёй транспартнай плыні.

Як тэхнічна можна закрыць «празрыстую» мяжу так званай саюзнай дзяржавы, ніхто з суразмоўцаў спрагназаваць ня ўзяўся. Але раней расейскія памежнікі ўжо выстаўлялі мабільныя пасты на асноўных трасах, калі змагаліся зь несанкцыйнай прадукцыяй, якая транзытам ішла празь Беларусь з краін Эўразьвязу.

Гэта была апошняя мяжа Беларусі, якую не закрылі суседзі

Іншыя суседнія зь Беларусьсю краіны ўжо абвясьцілі карантын або надзвычайнае становішча, закрылі межы і пасажырскія авіязносіны.

Днём 15 сакавіка Мішусьцін размаўляў па тэлефоне зь беларускім прэм’ерам Сяргеем Румасам — паведамлялася, што ён «праінфармаваў аб новых захадах, якія будзе рабіць Расейская Фэдэрацыя ў сувязі з распаўсюдам каранавіруснай інфэкцыі».

На расейскім дзяржаўным тэлеканале «Россия» вядоўца Дзьмітры Кісялёў вечарам 15 сакавіка заявіў сярод іншага, што нібыта «зь меркаваньняў карантыну» Расея закрые мяжу зь Беларусьсю «ў найбліжэйшы тыдзень».​

Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>

Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG