Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці паваляць беларускую эканоміку закрытыя межы. Разьбіраемся з экспэртамі


Пустая дарога перад памежным пераходам з Украінай
Пустая дарога перад памежным пераходам з Украінай

Расея, Украіна, Літва, Латвія і Польшча закрылі свае межы ў сувязі з пандэміяй каранавірусу. У гэтыя краіны Беларусь прадае сваю прадукцыю, а таксама імпартуе адтуль патрэбныя тавары. Як закрыцьцё межаў адаб’ецца на беларускай эканоміцы, разьбіраемся з экспэртамі.

16 сакавіка стала вядома, што і Расея закрывае свае межы. Гэтая краіна-суседка Беларусі стала апошняй, хто прыняў такое рашэньне. Беларусь сваіх межаў не закрывала, а Лукашэнка раскрытыкаваў Расею за такі крок.

«Я з свайго досьведу хачу некаторым гарачым галовам у Расеі параіць думаць, перш чым казаць. Рэч у тым, што закрываць, як і пачаць нейкую вайну, заўсёды прасьцей, чым потым з гэтай сытуацыі выходзіць. Як можна прымаць такія рашэньні? Не параіўшыся, паставіць перад фактам. Гэта для мяне незразумела», — сказаў Лукашэнка.

«Калі заблякуюць транзыт — усё будзе вельмі кепска»

На Расею прыпадае каля 90% экспартнага рынку беларускіх харчовых тавараў. Але закрыцьцё межаў не азначае забарону перамяшчаць тавары. Напрыклад, на мяжы зь Літвой прапускаюць беларускія грузавікі, але не на ўсіх пунктах, праз што ствараюцца чэргі.

«Пакуль незразумела, каго будзе датычыць забарона на перамяшчэньне празь мяжу з Расеяй. Няясна, ці закране яна людзей, якія працуюць у Расеі, ці грузавікі. Калі гэта адаб’ецца толькі на турыстах, але будуць выключэньні для грузавікоў і тых, хто там працуе, — гэта адна гісторыя. Калі спыніцца грузапаток, зразумела, гэта вельмі дрэнна для нас. Але Расеі гэта ня вельмі выгадна, бо Беларусь пастаўляе шмат харчаваньня туды, у эпідэмію — гэта ня вельмі добра для іх», — разважае старэйшы аналітык «Альпары» Вадзім Іосуб.

«Гэта добры шанец памяняць эканоміку»

Закрыцьцё межаў — гэта страты для кампаніяў, дзяржавы і асобных людзей, лічыць кіраўнік цэнтру Мізэса Яраслаў Раманчук. Але ў сытуацыі, калі ўсе краіны закрываюць межы, — гэта чакана.

«Кожная краіна мае права так рабіць, і трэба гэта прыняць як аб’ектыўны фактар. У гэтай сытуацыі трэба прымаць захады, каб мінімізаваць страты для людзей. Можна паставіць „на стоп“ падаткі, зрабіць страхоўкі. Але гэтая сытуацыя — добры шанец падумаць, як жыць далей. Калі ня будзе карантыну, а нафта будзе ўсё адно па 25 даляраў за барэль, калі адпадаюць даходы бюджэту на мільярд даляраў, то нельга ўсё скідваць толькі на каранавірус. Трэба будаваць новую эканоміку, чаго ніхто ня робіць», — кажа Яраслаў Раманчук.

Ад закрыцьця межаў з Эўропай Беларусь таксама мае страты — для транспартнай сфэры, для турыстычнай. Але гэта форс-мажор, які трэба ўспрымаць аб’ектыўна, упэўнены Яраслаў Раманчук. Пры гэтым ёсьць сфэры, якія надалей зарабляюць.

«Гэта магчымасьць дывэрсыфікацыі, ВНУ могуць вучыць онлайн, працягвае зарабляць ІТ-сфэра. Трэба рабіць тое, што ў гэтых умовах палепшыць жыцьцё для беларусаў. А мы замест гэтага крытыкуем увесь сьвет», — дадае Яраслаў Раманчук.

Летась Беларусь прадала ў Расею тавараў на 13,5 мільярда даляраў паводле Белстату. Гэта 37 мільёнаў даляраў штодня. Калі перамяшчэньне грузаў спыніцца на 2 тыдні — стратаў будзе на паўмільярда даляраў.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус COVID-19

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG