Нацыянальны чыгуначны перавозьнік «Укрзалізниця» часова скасоўвае рух прыгарадных цягнікоў, якія хадзілі празь дзяржаўную мяжу зь Беларусьсю.
У прыватнасьці, ад сёньня скасаваныя рэйсы Ковель — Выжва — Ковель і Выжва — Хаціслаў — Выжва, а з 21 сакавіка Гомель — Сноўск — Гомель.
Апроч таго, ад сёньня абмяжоўваюць маршруты цягнікоў Ковель — Хаціслаў — Ковель, Сарны — Гарынь — Здалбунаў, Берасьце — Забалоцьце — Берасьце, Баранавічы — Удрыцк — Баранавічы, а пачынаючы з 21 сакавіка Чарнігаў — Ёлча — Чарнігаў. Гэтыя цягнікі хадзіць у Беларусь ня будуць.
У гарадах-мільёньніках узмацнілі карантын
Гарадзкія ўлады Кіева, Львова, Адэсы, Івана-Франкоўску, Запарожжа, Палтавы, Мікалаева і Сумаў абвясьцлі аб узмацненьні карантыну. Ва ўсіх гарадах з 17 сакавіка будуць закрытыя ўсе грамадзкія аб’екты, апроч прадуктовых крамаў, заправак, аптэк, банкаў, пошты, вакзалаў і мэдычных установаў.
Улады рыхтуюцца да надзвычайнага становішча?
Вярхоўная Рада Ўкраіны абвясьціла аб правядзеньні а 8-й раніцы 17 сакавіка пазачарговага пасяджэньня, каб ухваліць два законапраекты аб захадах барацьбы з пашырэньнем небясьпечнага вірусу.
Украінскія СМІ паведамляюць, што таксама заўтра Рада нацыянальнай бясьпекі і абароны на сваім пасяджэньні можа ўхваліць рашэньне аб увядзеньні ў краіне надзвычайнага становішча.
На сёньня ва Ўкраіне афіцыйна пацьверджана пяць выпадкаў заражэньня небясьпечным каранавірусам. Міністэрства аховы здароўя Ўкраіны ініцыюе ўвядзеньне больш жорсткіх захадаў, каб прадухіліць эпідэмію, — абмежаваць перасоўваньне людзей па вуліцы і закрыць усе ўстановы грамадзкага харчаваньня.
Міністар аховы здароўя Ільля Емец напярэдадні заявіў:
«Мы ня маем права чакаць масавага заражэньня ўкраінцаў. Мы павінны дзейнічаць неадкладна, на апярэджваньне. Жорстка і без выключэньняў. Неабходна закрыць прадпрыемствы грамадзкага харчаваньня і гандлёвыя цэнтры, працаваць мусяць толькі аптэкі і прадуктовыя крамы, абмежаваць рух усярэдзіне краіны, увесьці дыстанцыйны рэжым працы, перагледзець рэжым працы грамадзкага транспарту і абмежаваць дазволены збор людзей групамі да 10 чалавек».