Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«У мяне цётка ў моргу ляжыць!» Што адбываецца на мяжы Беларусі і Ўкраіны


Апошні рэйс Гомель — Кіеў
Апошні рэйс Гомель — Кіеў

Украіна з панядзелка закрыла межы. Пункты пропуску апоўначы абмежавалі сваю працу, спыніўся аўтамабільны і пешаходны рух. Цяпер на тэрыторыю Ўкраіны праз гэтыя пункты могуць трапіць толькі ўкраінскія грамадзяне ці беларусы, якія маюць від на жыхарства. Свабода праверыла, як працуюць абмежаваньні на беларуска-ўкраінскай мяжы.

Беларуская чыгунка скасавала цягнікі ва Ўкраіну. Ня едуць туды і аўтобусы. У 11.30 з гомельскага аўтавакзалу рушыў апошні аўтобус у Кіеў. Калі наступны, ніхто ня ведае. Карантын. Каранавірус.

Апошні аўтобус на Кіеў

У апошнім аўтобусе займаюць месцы ўкраінцы. Яны вяртаюцца дахаты — у Чарнігаў і Кіеў.

Звычайна з гомельскага аўтавакзалу праз кожныя дзьве гадзіны едуць аўтобусы на Чарнігаў і Кіеў. Цяпер на плятформах пуста. На апошні аўтобус прададзеныя ўсе квіткі.

Аўтобуса чакае Дарʼя, якая жыве ва ўкраінскім Славянску. У Гомель дзяўчына прыяжджала да свайго хлопца, зь якім пазнаёмілася ў інтэрнэце. Раней гомелец сам прыяжджаў да дзяўчыны ва Ўкраіну, а цяпер — яна да яго ў госьці. «Цяпер мой малады чалавек ня зможа да мяне прыехаць, калі карантын падоўжаць. Будзе сумна... Сваёй машыны ў мяне няма, а аўтобусы скасавалі — будзем чакаць, калі ўсё гэта скончыцца», — кажа Дарʼя.

Украінка Галіна плянавала ехаць дахаты 20 сакавіка, але давялося зьмяніць пляны. Яна прыяжджае ў Гомель да пастарэлай маці. Аналягічна адведвала старую маці і Ларыса Рыгораўна.

«І ў мяне быў білет да Кіева на 20 сакавіка. Давялося яго здаваць, калі даведалася, што мяжу закрываюць — прыйшло паведамленьне на тэлефон. Добра, што тут у Гомлі брат, таму ён будзе далей даглядаць маму», — кажа ўкраінка.

Украінцы падтрымліваюць рашэньне закрыць мяжу.

«У гэтай сытуацыі асабліва грамадзяне мусяць быць законапаслухмянымі, каб не захварэць і не заразіць блізкіх. У Кітаі як закрылі межы, так і пайшла на спад эпідэмія», — кажа Ларыса Рыгораўна.

Жыве ў Гомлі і маці жыхара Жытоміра Віктара.

«Навіны беларускія глядзеў у тэлевізары — там амаль ні слова пра каранавірус. Нічога не казалі і пра тое, што Ўкраіна закрывае мяжу. Пашанцавала, што трапіў на апошні аўтобус», — кажа ўкраінец.

Двое хлопцаў дабіраюцца дахаты ва Ўкраіну зь Літвы.

«Наш прэзыдэнт папрасіў, каб усе прыехалі на радзіму. Мы згодныя з гэтым — калі, ня дай Божа, захварэць, то лепш ужо дома хварэць. Лячэньне значна таньней абыдзецца, — кажа Раман. — Але не спадабалася, што дрэнна прадумалі з транспартам. Зь Літвы мы дабраліся да Менску, там сказалі, што мяжа закрытая і транспарт адменены. Я патэлефанаваў у консульства, там сказалі, што дапамогуць, але яшчэ дагэтуль ня ведаюць, якім чынам адпраўляць людзей дадому. Параілі ехаць у Гомель і адсюль браць таксі. Гэта ж колькі грошай давялося бы выдаткаваць! Добра, што пасьпелі да аўтобуса»

«Хто маю цётку пахавае?»

Шаша Гомель — Чарнігаў нязвыкла пустая.

Едуць ва Ўкраіну толькі фуры і бэнзавозы. Беларускія памежнікі працуюць у пальчатках і масках. Яны папярэджваюць, што беларусаў бязь віду на жыхарства ўкраінцы не прапусьцяць. Ахвочых «прарвацца» не назіраецца.

Каля пункту пропуску «Новая Гута» стаіць разгубленая пасажырка з чамаданамі. Гэта расейка Аксана Сьмірнова. Яе толькі што не пусьцілі ва Ўкраіну. Яна суткі дабіралася з Санкт-Пецярбургу на пахаваньне сваёй цёткі. І ня трапіла — праз забарону на ўезд «неўкраінцам». Аксана ня хоча фатаграфавацца — змучаная доўгай дарогай і стрэсам.

«Я адзіная яе пляменьніца. У мяне і паперы на руках. Але ўкраінскія памежнікі ня сталі і слухаць. Нельга, і ўсё! А яна ў моргу ляжыць... Я сама нарадзілася ў Краменчуку, я не чужая! Дабіралася суткі дасюль на маршрутцы. Усіх з маршруткі прапусьцілі, бо гэта ўкраінцы, а мяне высадзілі. Цяпер вярнуся на перакладных у Гомель. Затым — у Піцер. Буду прасіць суседзяў у Краменчуку, каб пахавалі цётку, пашлю ім грошы», — роспачна кажа Аксана.

Шэсьць месяцаў таму яна пахавала ў Краменчуку маці. Цяпер ня здолела трапіць на пахаваньне апошняй сваячкі там. «Гэта жах. Гэта хаос, а не каранавірус. Я ж не забаўляцца ехала туды, не падарожнічаць, не на сьвяты», — кажа расейка.

Яна рэзэрвавала месца ў маршрутцы Кіеў — Крамянчук. Ужо даведалася, што ва Ўкраіне спыняюць транспартныя зносіны паміж гарадамі, маршрутка да Краменчука скасаваная.

«Людзі, гэта проста жах нейкі», — кажа на разьвітаньне Аксана.

400 беларусаў-сьвідроўнікаў могуць застацца ў Палтаўскай вобласьці

Да пункту пропуску «Новая Гута» падʼехаў супрацоўнік «Беларуснафты». Ён занепакоены сытуацыяй зь перасячэньнем мяжы і вырашыў асабіста праверыць: ці пусьцяць беларусаў ва Ўкраіну, ці выпусьцяць назад.

У Палтаўскай вобласьці на газакандэнсатным радовішчы беларускія нафтавікі прабіваюць сьвідравіны. Яны працуюць вахтамі. Цяпер там, паводле супрацоўніка «Беларуснафты», 400 чалавек. Назад яны, пэўна, прыедуць, але ім на зьмену мусяць выправіцца іншыя беларусы-сьвідроўнікі.

Супрацоўнік «Беларуснафты» кажа, што калі «новых» работнікаў ня пусьцяць празь мяжу, то «старыя» мусяць там застацца працаваць. Пусьцяць ці ня пусьцяць памежнікі сьвідроўнікаў — пакуль незразумела.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус COVID-19

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG