Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Вядомыя 2 выпадкі завозу ў Беларусь каранавірусу з Масквы, зь Беларусі — нікуды», — МЗС пра закрыцьцё Расеяй мяжы 


Прэс-сакратар МЗС Беларусі Анатоль Глаз
Прэс-сакратар МЗС Беларусі Анатоль Глаз

Прэс-сакратар МЗС Беларусі Анатоль Глаз пракамэнтаваў агенцтву «РИА-Новости» рашэньне Масквы пра закрыцьцё расейскай мяжы для грамадзян Беларусі.

Камэнтар зьмясьціла на сваім сайце МЗС Беларусі.

«На сёньняшні дзень устаноўленыя два выпадкі завозу на тэрыторыю Беларусі каранавірусу з Масквы. Астатнія таксама прывезеныя звонку. Беларусы ж пакуль нікому яго ня экспартавалі. Нават ня хочацца фантазаваць на тэму таго, якія ж павінны быць нашы дзеяньні, кіруючыся лёгікай расейскага боку», — заявіў Анатоль Глаз.

На ягоную думку, у Сусьветнай арганізацыі здароўя, верагодна, «шчыра зьдзівяцца сьцьвярджэньням расейскага боку аб парушэньні Беларусьсю іх рэкамэндацый», пра што напярэдадні заявіла Расея, бо «няма ніводнай рэкамэндацыі, якую б не выконваў беларускі бок».

«Сумна, што рашэньні нашых расейскіх сяброў у большай меры заснаваныя на нейкіх абстрактных прапорцыях, чым на рэальных зьвестках альбо інтарэсах людзей. Тым больш грамадзян краіны, якая зьяўляецца, як было сказана ўчора ў Крамлі, «нашым бліжэйшым партнэрам і саюзьнікам», — дадаў Глаз.

Днём раней кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка заявіў, што «Расея палае ад каранавірусу», на што ва ўрадзе Расеі адказалі, што «Беларусь ня робіць дастатковых захадаў для змаганьня з пранікненьнем каранавірусу з трэціх краін, нягледзячы на рэкамэндацыі Сусьветнай арганізацыі здароўя».

17 сакавіка Беларускі офіс Сусьветнай арганізацыі здароўя (САЗ) апублікаваў заяву ў сувязі з распаўсюдам новага каранавірусу і барацьбы зь ім у Беларусі, у якой заявіў, што Беларусь выконвае рэкамэндацыі САЗ, і ў арганізацыі «высока цэняць падыход да барацьбы з каранавірусам з боку беларускай сыстэмы аховы здароўя» і адзначаюць «значныя высілкі і рэсурсы, накіраваныя ў Беларусі на раньняе выяўленьне заражэньня COVID-19, а таксама высілкі ў ізаляцыі, аказаньні дапамогі пацыентам і адсочваньні тых, з кім кантактавалі інфікаваныя».

Па стане на 17 сакавіка ў Беларусі зафіксавалі 36 выпадкаў COVID-19. Трох пацыентаў ужо выпісалі, рыхтуюцца выпісаць яшчэ некалькіх. Новых выпадкаў за мінулы дзень не зафіксавалі.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус COVID-19

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG