Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Трактар з гарэлкай і дым гармалы. Што кіраўнікі розных дзяржаваў раяць рабіць падчас эпідэміі


Ілюстрацыйнае фота. Шпіталізацыя хворага з падазрэньнем на каранавірус COVID-19 у Менску

Свабода сабрала рэакцыю прэзыдэнтаў на пашырэньне ў сьвеце небясьпечнай хваробы.

Аляксандар Лукашэнка, кіраўнік Беларусі. Мяркуе, што ад каранавірусу ратуе праца на трактары і гарэлка

«Часьцей мыйце рукі, своечасова сьнедайце, абедайце і вячэрайце, — параіў беларусам Аляксандар Лукашэнка. — Я чалавек непітушчы, але апошнім часам жартам кажу, што гарэлкай, напэўна, ня толькі рукі трэба мыць, але і ў дзень 40-50 грамаў у пераліку на чысты сьпірт — цкаваць гэты вірус. Але не на працы!.. Прыемна глядзець у тэлевізары — людзі на трактары працуюць, ніхто ня кажа пра вірусы. Там трактар вылечыць усіх, поле ўсіх лечыць».

Гурбангулы Бэрдымухамэдаў, прэзыдэнт Туркмэністану. Раіць абкурваць хворых і іхнае жытло лекавымі травамі

«Нашы мудрыя продкі цьвёрда трымаліся традыцыі: абкурваньне дымам гармалы (травяністая расьліна, характэрная для стэпаў, мае інсэктыцыдныя ўласьцівасьці. — РС) падчас важных падзеяў, — параіў грамадзянам сваёй краіны Бэрдымухамэдаў. — Няхай гэта будзе пераезд у новы дом, жаніцьба, а таксама ў пэўную пару году, калі ўзьнікалі інфэкцыйныя хваробы».

Джузэпэ Контэ, кіраўнік ураду Італіі. Заклікае да карантыну і адказнасьці

«Усяго некалькі дзён таму я папрасіў вас зьмяніць свае глыбока ўкарэненыя звычкі, застаючыся дома як мага даўжэй, — сказаў Контэ ў звароце да італьянцаў. — Пераважная большасьць вас адказалі згодай. Калі я прыняў захады, якія абмяжоўваюць некаторыя з нашых любімых свабодаў, я ведаў, што гэта быў першы крок, але не апошні... Цяпер прыйшоў час зрабіць яшчэ адзін крок наперад... Хачу сказаць вам яшчэ адну рэч: калі мы ўсе будзем выконваць гэтыя правілы, мы хутчэй выберамся з гэтай надзвычайнай сытуацыі. Краіне патрэбная адказнасьць кожнага з нас, адказнасьць 60 мільёнаў італьянцаў, якія штодня прыносяць невялікія ахвяры».

Уладзімір Зяленскі, прэзыдэнт Украіны. Прапануе адчуваць адзінства народу

«Людзі не разумеюць, як важна быць адной краінай у такія цяжкія часы, — сказаў Зяленскі. — Нягледзячы на тое, што ў нас пытаньне з каранавірусам, калі можна так сказаць, у параўнаньні зь іншымі краінамі, статыстыка ў нас, прабачце за забабоны, адна з найлепшых, але мы павінны зрабіць так, каб нічога не пагоршылася».

Дональд Трамп, прэзыдэнт ЗША. Абяцае адсьвяткаваць перамогу над хваробай

«У кожнага з нас крытычна важная роля ў спыненьні распаўсюджваньня і перадачы вірусу, — сказаў Трамп. — Калі кожны зробіць гэтую зьмену ці гэтыя важныя зьмены і ахвяруецца цяпер, мы рушым як адна нацыя, і мы пераможам гэты вірус, і зьбіраемся ўсе разам наладзіць вялікае сьвяткаваньне. Празь некалькі тыдняў мэтанакіраванай працы мы можам пераламіць хаду падзеяў і зрабіць гэта хутка».

Уладзімір Пуцін, прэзыдэнт Расеі. Папярэджвае аб праблемах у эканоміцы

«Глябальныя фінансавыя і сыравінныя рынкі вельмі чуйна рэагуюць на падзеі плянэтарнага маштабу, — заявіў Пуцін. — Такія, як каранавірус. У Расіі робіцца ўсё неабходнае для барацьбе з гэтым небясьпечным захворваньнем, прынятыя адпаведныя захады. Спадзяюся, што яны будуць эфэктыўнымі. Сытуацыя ў цэлым пад кантролем... Трэба паглядзець, як рэагаваць на тое, што адбываецца ў сувязі з эканамічным уплывам успышкі каранавіруса. Нэгатыўныя наступствы ўжо даюць пра сябе знаць, закранаюць усю сыстэму гаспадарчых сувязяў, практычна ўсе дзяржавы, зважаючы на сёньняшнюю найвышэйшую ўзаемазалежнасьць і ўзаемазьвязанасьць эканомік».

Што трэба ведаць пра новы каранавірус COVID-19

  • УЖЫВУЮ Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі
  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Проста чханьне — не сымптом каранавірусу.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

25 новых адказаў пра каранавірус ад Сусьветнай арганізацыі здароўя, мэдычных аўтарытэтаў і з найлепшай практыкі

Пашырэньне каранавірусу ў сьвеце. Гадзіна за гадзінай

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG