Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шпіталь для лячэньня пацыентаў з каранавірусам, уладкаваны ў школьнай спартовай залі ў Бішкеку, Кіргізстан
Шпіталь для лячэньня пацыентаў з каранавірусам, уладкаваны ў школьнай спартовай залі ў Бішкеку, Кіргізстан

Пандэмія каранавірусу ў Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі

абноўлена

Карысныя парады

17:45 1.3.2020

Колькасьць заражаных каранавірусам у Брытаніі ўзрасла да 35

Брытанскія ўлады заявілі, што 1 сакавіка зарэгістравалі 12 новых выпадкаў заражэньня каранавірусам, у выніку чаго агульная колькасць інфікаваных у краіне вырасла да 35 чалавек.

Пра гэта паведамляе Reuters, удакладняючы, што трое з гэтага ліку мелі цесны кантакт з раней заражанай асобай, шасьцёра нядаўна прыехалі з Італіі, а двое з Ірану. Адна з нова заражаных асобаў нікуды не падарожнічала апошнім часам, і мэдыкі пакуль ня высьветлілі, якім чынам яна заразілася.

17:06 1.3.2020

Трэці выпадак у Беларусі? У жанчыны зь Віцебску западозрылі новы каранавірус

Міністэрства здароўя Беларусі паведаміла пра новае падазрэньне на COVID-19: адзін з тэстаў на новы каранавірус даў станоўчы вынік у беларускі зь Віцебску.

Гаворка ў паведамленьні міністэрства ідзе аб падазрэньні, але не адназначным выяўленьні вірусу: выявілі толькі фрагмэнт РНК, які можа належыць вірусу SARS-CoV-2.

Жанчына і два ейныя калегі былі на поўначы Італіі і праходзілі праверку ў сувязі з успышкай вірусу ў рэгіёне.

14:52 1.3.2020

Па паўтысячы новых хворых у Кітаі і Паўднёвай Карэі

Ухань, жанчына ў самаробнай масцы
Ухань, жанчына ў самаробнай масцы

На сярэдзіну дня 1 сакавіка вядома, што за мінулы дзень у Кітаі выявілі 576 новых выпадкаў COVID-19, у Паўднёвай Карэі — 586, у Іране — 385, у Нямеччыне — 38, у Гішпаніі — 15, у Францыі і Аўстраліі — па 4, у Нарвэгіі і Фінляндыі — па два. Першы выпадак зафіксавалі ў Армэніі. Памерлі 35 хворых у Кітаі, 11 у Іране, 3 у Паўднёвай Карэі, па адным у Японіі, Тайляндзе і Аўстраліі.

Большая частка новых выпадкаў у Кітаі — 565 — зафіксаваная ў горадзе Ўхань, адкуль пачаўся распаўсюд вірусу. Пры тым 233 выпадкі зафіксавалі ў гарадзкой турме, перадае Reuters.

Колькасьць новых выпадкаў у Кітаі найвялікшая з 22 лютага, але агулам тэмпы распаўсюду вірусу спадаюць, а колькасьць сьмерцяў за суботу — другая найменшая за люты.

12:21 1.3.2020

У Беларусі падазраюць другі выпадак COVID-19

Мінздароўя пацьвердзіла, што ёсьць «адзін сумнеўны вынік» аналізаў на новы каранавірус без «клінічных праяваў» хваробы. Канчатковы вынік мае зьявіцца 2 сакавіка. Інфэкцыю падазраюць у бацькі сяброўкі іранскага студэнта БНТУ — першага ў Беларусі пацыента з новым каранавірусам.

10:34 1.3.2020

Чацьвёра дзяцей заразіліся каранавірусам у дзіцячым садку ў Нямеччыне

Паводле мясцовых уладаў, усе дзеці, якія заразіліся COVID-19, хадзілі ў адзін і той жа дзіцячы садок у акрузе Гайнсбэрг, выхавацелька якога раней заразілася новым каранавірусам.

З хворых дзяцей толькі адзін мае лёгкія сымптомы прастуды, ва ўсіх стан задавальняльны.

Агулам садок наведвалі 114 дзяцей, зь іх 100 праверылі, яшчэ 14 бацькі не прывезьлі на дабраахвотны тэст.

Успышку ў Нямеччыне папярэдне зьвязваюць з мужам і жонкай з Гайнсбэрга (муж цяпер у крытычным стане). Яны наведвалі карнавальную імпрэзу, многія ўдзельнікі якой захварэлі.

09:14 1.3.2020

Першая сьмерць ад COVID-19 у Тайляндзе

Як піша Reuters, першай ахвярай новага каранавірусу ў Тайляндзе стаў 35-гадовы генэральны дырэктар Дэпартамэнту кантролю захворваньняў. Агулам у краіне зафіксавалі 42 выпадкі COVID-19, пры тым 30 пацыентаў ужо выпісалі здаровымі, 11 застаюцца ў шпіталях.

01:48 1.3.2020

Па стане на раніцу 1 сакавіка, каранавірус COVID-19 выявілі ў 64 краінах у 86 922 чалавек (зь іх 79 931 у Кітаі). Зь іх 2979 чалавекі памерлі (зь іх 2872 у Кітаі).

01:35 1.3.2020

Першая сьмерць ад каранавірусу ў ЗША

Хворая, жыхар штату Вашынгтон, памерла ў шпіталі ў прадмесьці Сіэтлу.

Як паведаміў на прэсавай канфэрэнцыі прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп, гэта была пацыентка павышанай рызыкі, якой было «пад 60 гадоў». Ён заклікаў амэрыканцаў не панікаваць пасьля першай сьмерці ад каранавірусу ў ЗША

01:15 1.3.2020

Колькасьць выпадкаў заражэньня каранавірусам у Італіі дасягнула 1049

Пры гэтым, 29 чалавек памерлі; 50 — выздаравелі.

З агульнага ліку заражаных 52% пацыентаў застаюцца пад карантынам у сваіх дамах, бо ня маюць патрэбу ў шпіталізацыі.

16:47 29.2.2020

Міністэрства аховы здароўя: у панядзелак у аптэкі завязуць мільён масак

Лячэбныя ўстановы Менску пад кантролем Міністэрства аховы здароўя праводзяць тэставаньне акружэньня захварэлага на каранавірус студэнта-іранца, таксама правяраюцца студэнты і выкладчыкі Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўнівэрсытэту (БНТУ), паведаміла ў суботу прэс-служба Міністэрства аховы здароўя.

«Пакуль што ўсе вынікі адмоўныя», — гаворыцца ў паведамленьні.

«Пацыент з Ірану і тыя, хто быў шпіталізаваны зь ім у інфэкцыйную бальніцу, адчуваюць сябе здавальняюча», — адзначаюць у Міністэрстве аховы здароўя.

Таксама ў ведамстве падкрэсьліваюць, што былі ўжытыя захады для задавальненьня ажыятажнага попыту на ахоўныя маскі. «Сёньня ў Менск у аптэкі „Белфармацыя“ прыйшло 100 тысячаў, а ў панядзелак чакаем яшчэ 1 мільён масак на склады», - гаворыцца ў паведамленьні.

12:18 29.2.2020

Іранскі студэнт застаецца на карантыне

Іранскі студэнт, у якога выявілі каранавірус, пачувае сябе добра і застаецца на карантыне на два тыдні

11:51 29.2.2020

У ЗША адклалі саміт АСЕАН. З-за каранавірусу

ЗША прынялі рашэньне адкласьці саміт зь лідэрамі дзяржаў Паўднёва-Усходняй Азіі, які павінен прайсьці 14 сакавіка ў Лас-Вэгасе. Прычынай адмены саміту стала эпідэмія каранавірусу COVID-19.

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп запрасіў на саміт лідэраў 10 дзяржаў Асацыяцыі дзяржаў Паўднёва-Усходняй Азіі (АСЕАН) у лістападзе.

10:57 29.2.2020

Намёты ў двары інфэкцыйнага шпіталя «на магчымую пэрспэктыву»

МНС разгарнула намёты ў двары Менскага інфэкцыйнага шпіталя. Як патлумачыла прэс-сакратарка Міністэрства аховы здароўя Юлія Бородун, гэта дзеяньне «на магчымую пэрспэктыву».

10:55 29.2.2020

Што беларусы кажуць пра каранавірус? ВІДЭА

Cвабода распытала ў мінакоў у Менску, як яны рэагуюць на новы вірус і якія захады прымаюць для прафіляктыкі.

09:28 29.2.2020

«Настройваемся на горшае»

Даведаліся, як каранавірус уплывае на беларускі бізнэс.

«Як далей будуць разьвівацца падзеі, пакуль складана сказаць. З аднаго боку, яны нібыта і не адмаўляюцца ад абавязаньняў, зь іншага боку — не сьпяшаюцца іх выконваць. Да таго ж падчас кітайскага Новага году яны ўсе былі на выходных», — апавядае дырэктар «Гудс фром Чайна».

09:21 29.2.2020

Як засьцерагчыся ад каранавірусу

Сабралі для вас галоўныя парады Сусьветнай арганізацыі здароўя.

09:14 29.2.2020

Сусьветная арганізацыя здароўя павялічыла ўзровень пагрозы распаўсюду COVID-19

Сусьветная арганізацыя здароўя павысіла да «вельмі высокага» (very high) узровень пагрозы глябальнага распаўсюду каранавірусу.

Агулам па стане на 28 лютага зафіксавана 83 тысячы выпадкаў заражэньня каранавірусам COVID-19 у больш чым 50 краінах. Улады Кітаю заяўляюць, што тэмпы распаўсюду эпідэміі зьніжаюцца. Аднак ва ўмовах карантыну ў Кітаі апынуліся 50 мільёнаў чалавек. Найбольш буйныя пасьля Кітаю агмяні каранавірусу знаходзяцца ў Паўднёвай Карэі, Іране і Італіі.

17:52 28.2.2020

Пасьля іранскага студэнта з каранавірусам шпіталізавалі 26 яго аднагрупнікаў і 7 выкладчыкаў

Пасьля інфармацыі пра выяўленьне каранавіруса ў іранскага студэнта БНТУ шпіталізавалі 26 яго аднагрупнікаў і 7 выкладыкаў.

Пра гэта паведаміў міністар аховы здароўя Беларусі Уладзімер Каранік. Цяпер вырашаецца пытаньне з пасажырамі, якія ляцелі зь ім на адным авіярэйсе. У яго дзяўчыны і сям’і пакуль не выяўлены прызнакі каранавіруса.

У інфэкцыйную лякарню за апошнія суткі дабравольна зьвярнуліся 28 пацыентаў, 16 зь іх шпіталізавалі. Пра гэта паведаміў намесьнік галоўнага лекара Менскай інфэкцыйнай лякарні Сьвятаслаў Вельгін.

«За ранак да нас зьвярнуліся 26 чалавек, 16 зь іх шпіталізаваныя з прэвэнтыўнай мэтай. Ім робяць аналіз, праз суткі атрымоўваюць вынік. Пацыента могуць адпусьціць на амбулаторны рэжым ці даглядзець», — паведаміў Сьвятаслаў Вельгін.

Уладзімер Каранік паведаміў, што ў Беларусі зробяць больш пунктаў, дзе можна здаць аналіз на каранавірус. Першасны вынік тэсту можна атрымаць ужо праз 5 гадзінаў. Калі ёсьць сумневы, праводзяцца ўдакладняючыя тэсты.

Да канца дня апублікуе сьпіс пунктаў па ўсёй краіне, дзе можна здаць аналіз на каранавірус. Гэта будуць не паліклінікі, а спэцыяльныя цэнтры, паведаміў журналістам Уладзімер Каранік.

Каранавірус, каранавірус у Беларусі, каранавірус у сьвеце, коронавирус, коронавирус в Беларуси, коронавирус в мире, Лукашенко про коронавирус

17:43 28.2.2020

Кожны дзень у Беларусі правяраюць 20 тысяч чалавек, якія прылятаюць у Беларусь

Пра гэта паведаміла намесьнік галоўнага лекара па эмідэміялёгіі Цэнтра гігіены і эпідеміялёгіі Ірына Глінская.

Ірына Глінская
Ірына Глінская

Ірына Глінская: «На мінулым тыдні мы акцэнтавалі ўвагу на асобах, якія вяртаюцца з Кітаю. На гэтым тыдні гэты сьпіс пашырыўся. Акцэнт мы робім на грамадзянах, якія вяртаюцца зь Італіі, Паўднёвай Карэі і Ірану. У адносінах да ўсіх асоб праводзіцца санітарна-карантынны кантроль. Каля 20 тысяч чалавек штодзень праходзяць такі кантроль. Яны запаўняюць анкеты, даюць свае дадзеныя. Таксама ў адносінах да гэтых людзей праводзіцца лабараторнае дасьледаваньне адразу па прыбыцьці».

Калі чалавек прыбывае з пералічаных краін і адчувае сябе абсалютна задровым, яму прапануюць прайсьці дасьледаваньні па прыбыцьці і пасьля — праз 14 дзён, дадала Ірына Глінская.

17:34 28.2.2020

Мізндароўя: Ажыятаж з маскамі не рацыянальны

Міністар аховы здароўя Уладзімер Каранік паведаміў, што за палову дня 28 лютага ў Менску выкупілі 70 тысяч марлевых масак. Ён назваў гэта эмацыянальнай рэакцыяй і заклікаў прыслухацца да рэкамэндацый экспэртаў.

У адной зь менскіх аптэк, 28 лютага
У адной зь менскіх аптэк, 28 лютага

Міністар паведаміў, што ў Беларусі выпускаюць каля 200 тысяч марлевых масак і 40 тысяч аднаразовых масак у дзень. Апроч таго ў міністэрстве чакаюць пастаўкі 1,1 млн масак з-за мяжы ў панядзелак.

«Калі ўсе кажуць, што масак у аптэках няма, трэба памятаць пра тое, што ёсьць дзяржаўныя аптэкі, а ёсьць прыватныя. Мы ня можам умешвыцца ў дзеяньне суб’ектаў гаспадарваньня і загадваць ім закупіць маскі. Для пачатку для камэрцыйных аптэк гэта быў нецікавы тавар. Мы напісалі рэкамендацыйныя лісты і атрымалі заяўку на пастаўку масак», — распавёў Уладзімір Каранік.

Прадстаўнік усясьветнай арганізацыі аховы здароўя ў Беларусі Батыр Бердыклычаў падкрэсьліў, што здаровым людзям маскі не патрэбныя. Яны патрэбны хворым, каб не заразіць астатніх, а таксама мэдыкам і тым, хто даглядае хворых.

Загрузіць яшчэ

XS
SM
MD
LG