Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палата прадстаўнікоў сёлета ня прыме закон аб хатнім гвалце


Акцыя беларускай ініцыятывы «Маршыруй, дзетка» супраць хатняга гвалту над жанчынамі, 28 сьнежня 2019 году
Акцыя беларускай ініцыятывы «Маршыруй, дзетка» супраць хатняга гвалту над жанчынамі, 28 сьнежня 2019 году

Палата прадстаўнікоў у 2020 годзе ня будзе прымаць закон аб хатнім гвалце. Пра гэта напісана ў адказе на калектыўны зварот прадстаўнікоў «пралайфэрскіх арганізацый». Копію адказу Свабодзе перадаў адзін з удзельнікаў закрытай групы пралайфэраў на ўмовах ананімнасьці.

Прадстаўнікі пралайфэрскіх арганізацый накіравалі ў Палату прадстаўнікоў калектыўны зварот пра «катэгарычнае непрыманьне законапраекту аб супрацьдзеяньні хатняму гвалту». Зварот разглядалі пастаянныя камісіі Палаты прадстаўнікоў па нацыянальнай бясьпецы, па адукацыі, культуры і навуцы, па правах чалавека, нацыянальных адносінах і СМІ. Адказ даў старшыня пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па нацыянальнай бясьпецы Алег Белаконеў.

Ён падзякаваў заяўнікам за «неабыякавае стаўленьне да лёсу падрастаючага пакаленьня». І паведаміў:

  • пляны на 2020 год, зацьверджаныя ўказам прэзыдэнта ад 26 сьнежня 2019, не прадугледжваюць распрацоўкі законапраекту аб супрацьдзеяньні хатняму гвалту;
  • ініцыяваньне законапраекту, які «рэгулюе такія праваадносіны, у цяперашні час лічым немэтазгодным».

Таксама пралайфэры прасілі прыняць нарматыўны акт аб абароне сямейных каштоўнасьцяў.

Старшыня камісіі адказаў:

  • У 2018/2019 навучальным годзе ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі было забясьпечана вывучэньне ў 9–11 клясах факультатыўных заняткаў «Асновы сямейнага жыцьця» і «Падрыхтоўка вучняў да сямейнага жыцьця», «мэтай якіх зьяўляецца фармаваньне каштоўнасных адносін да інстытуту шлюбу і сям’і»;
  • Міністэрства адукацыі рэкамэндавала да выкарыстаньня вучэбную праграму факультатыўных заняткаў для 5–11 клясаў «Асновы праваслаўнай культуры», «мэтавымі ўстаноўкамі якой зьяўляецца фармаваньне ўяўленьняў аб прызначэньні сям’і і нараджэньні дзяцей, аб цнатлівасьці як духоўнай і цялеснай чысьціні чалавека»;
  • У Беларусі дзейнічае Грамадзка-кансультатыўная рада па абароне дзяцей ад інфармацыі, якая наносіць шкоду іх здароўю і разьвіцьцю.

Хто заяўнікі?

Гэта група грамадзян, якія называюць сябе прадстаўнікамі пралайфэрскіх арганізацый. Яны пішуць калектыўныя звароты ў дзяржаўныя органы з просьбамі забараніць у Беларусі «прапаганду ЛГБТ-ідэалёгіі», выступаюць супраць закону аб хатнім гвалце, прасілі Міністэрства аховы здароўя забараніць апэрацыі па зьмене полу.

Як караюць за хатні гвалт у Беларусі?

У Беларусі няма мэханізму прадухіленьня хатняга гвалту, ёсьць толькі пакараньні за фактычна ўчынены гвалт. Канстытуцыя Беларусі гарантуе права на прыватнае жыцьцё, недатыкальнасьць, абарону гонару і годнасьці.

Паводле МУС, у 2019 годзе ад хатняга гвалту загінулі 55 чалавек і 4,5 тысячы хатніх скандалістаў сёлета прымусова адселеныя ад сям’і.

Пасьля крытыкі Аляксандра Лукашэнкі ў 2018 годзе, які расказаў, што сам біў свайго сына, Міністэрства ўнутраных спраў адмовілася ад падрыхтоўкі закону «Аб супрацьдзеяньні хатняму гвалту».

У канцэпцыі таго законапраекту:

  • Даваліся азначэньні хатняга гвалту і крыўдзіцеля;
  • Уводзілася працэдура ацэнкі рызыкі — вызначэньня верагоднасьці паўторнага нанясеньня шкоды жыцьцю ці здароўю пацярпелага;
  • Прадугледжвалася ўжываньне так званага абарончага прадпісаньня, якое абмяжоўвае дзеяньні агрэсара на час ад 3 да 30 сутак.

Для ахвяраў хатняга гвалту дзейнічае «гарачая лінія» па нумары тэлефона 8 801 100-8-801.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG