Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міністэрства інфармацыі не падтрымала ініцыятыву забараніць у СМІ «прапаганду ЛГБТ-ідэалёгіі». Пакуль


Ілюстрацыйнае фота. Сьцяг ЛГБТ
Ілюстрацыйнае фота. Сьцяг ЛГБТ

Міністэрства інфармацыі адказала на зварот прадстаўнікоў пралайфэрскіх арганізацый, якія пісалі ў адміністрацыю прэзыдэнта, Савет Міністраў і парлямэнт. Заяўнікі — каля сотні чалавек — патрабавалі забараніць у СМІ «прапаганду ЛГБТ-ідэалёгіі». Міністэрства інфармацыі пакуль не задаволіла іх патрабаваньне.

Што здарылася?

У Беларусі існуе група людзей, якія называюць сябе прадстаўнікамі пралайфэрскіх арганізацый. Яны актыўна выступаюць супраць

  • абортаў,
  • прыняцьця закону супраць хатняга гвалту — «ЛГБТ-ідэалёгіі».

Прадстаўнікі гэтай групы абурыліся артыкуламі на найбуйнейшым інфармацыйным партале Беларусі Tut.by, разьмешчанымі 17 траўня, у міжнародны дзень барацьбы з гамафобіяй. Яны напісалі шэраг зваротаў у інстанцыі з патрабаваньнямі:

  • пакараць Tut.by,
  • прыняць закон аб забароне «ЛГБТ-ідэалёгіі»,
  • перагледзець экспэртную выснову аб прыкметах экстрэмізму ў газэце «Вечерний Могилев».

У публікацыях гэтага выданьня, вядомага сваімі артыкуламі з дыскрымінацыйным ухілам пра ЛГБТ-супольнасьць, экспэрты знайшлі прыкметы экстрэмізму.

Грамадзяне спасылаліся на Кодэкс аб шлюбе, закон «Аб дэмаграфічнай бясьпецы», Канцэпцыю нацыянальнай бясьпекі.

Заяўнікі ўпэўненыя, што публікацыі ў СМІ на тэму ЛГБТ-супольнасьці руйнуюць сем’і, разбураюць «духоўныя традыцыі Беларусі», шкодзяць маралі, падрываюць аўтарытэт бацькоў.

Як адрэагавала Міністэрства інфармацыі

Копію адказу зь міністэрства Свабодзе перадалі чытачы.

Намесьнік міністра Ігар Бузоўскі адказаў заяўнікам, што падзяляе іх пазыцыю адносна неабходнасьці захаваньня традыцыйных для нашай краіны сямейных каштоўнасьцяў, інстытутаў шлюбу і сям’і.

Міністэрства інфармацыі падтрымлівае ініцыятыву звароту ў розныя інстанцыі, каб абмежаваць магчымасьці распаўсюджваньня інфармацыі, якая стварае пагрозу дэмаграфічнай бясьпецы.

Асьвятленьне ў СМІ «пазначанай у зваротах тэматыкі» ўзятае на асобны кантроль.

«Аднак у сувязі з адсутнасьцю ў заканадаўстве нормаў, якія забараняюць распаўсюджваньне інфармацыі, якая прапагандуе нетрадыцыйныя сэксуальныя стасункі, а таксама экспэртнага органа, які б прызнаваў матэрыялы СМІ такімі, адсутнічаюць і прававыя падставы для прыцягненьня да адказнасьці СМІ, у тым ліку Tut.by», — зазначыў намесьнік міністра.

Міністэрства ня будзе

  • ініцыяваць зьмены заканадаўства, у тым ліку канцэпцыі нацыянальнай бясьпекі, і спрыяць заканадаўчаму замацаваньню адказнасьці за прапаганду трансгендэрных ідэй і гомасэксуальных адносін, бо гэта не кампэтэнцыя міністэрства;
  • пераглядаць на патрабаваньне пралайфэраў экспэртнае заключэньне ў дачыненьні да газэты «Вечерний Могилев», у публікацыях якой былі знойдзеныя прыкметы экстрэмізму. Заяўнікі патрабавалі «апраўдаць» газэту, якая стаіць на пазыцыях «абароны сямейных каштоўнасьцяў».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG