МУС зноў адрэагавала на вясёлкавы сьцяг на брытанскай амбасадзе, зьвязала з ростам пэдафіліі

Міністар унутраных справаў Ігар Шуневіч, архіўнае фота
Міністар унутраных справаў Ігар Шуневіч, архіўнае фота

Міністэрства ўнутраных справаў апублікавала на сваім сайце паведамленьне з абурэньнем з нагоды вывешваньня вясёлкавага сьцяга на амбасадзе Вялікай Брытаніі ў Менску.

Паводле міністэрства, гэты сьцяг — сымбаль «людзей зь нетрадыцыйнай сэксуальнай арыентацыяй». 17 траўня, калі ў сьвеце адзначаецца Дзень барацьбы з гамафорбіяй, «прыхільнікі аднаполых стасункаў вызначылі для сябе нейкай сьвяточнай датай», піша МУС, а для Беларусі гэты дзень «не зьяўляецца значным».

МУС сьцьвярджае, што ахоўвае каштоўнасьці мацярынства, дзяцінства і інстытут сям’і, а «штучнае разьдзьмуваньне тэмы аднаполых стасункаў дэструктыўнае, парушае нормы маралі, вядзе да росту злачынстваў сэксуальнага характару ў дачыненьні да дзяцей».

Ніякіх доказаў сувязі пэдафіліі з ЛГБТ-супольнасьцю МУС не прыводзіць. Дасьледаваньняў, у якіх паказвалася б сувязь колькасьці выпадкаў пэдафіліі і публічнай актыўнасьці ЛГБТ-супольнасьці, у сьвеце не публікавалася.

Аўтар цяперашняй заявы на сайце МУС не напісаны. Але летась МУС таксама публікавала заяву супраць аналягічнай акцыі брытанскай амбасады, і аўтарам той заявы называлі асабіста міністра ўнутраных справаў Ігара Шуневіча. На сайце МУС сьцьвярджалася, што «аднаполыя стасункі — гэта падробка». Тады Шуневіч казаў, што палічыў вывешваньне сьцяга «прапагандай таго ладу жыцьця, які для нас непрымальны».

Міністар замежных справаў Беларусі Ўладзімер Макей летась ня стаў крытыкаваць Шуневіча, але заявіў, што перад такімі заявамі «трэба думаць пра наступствы», а Эўразьвязу пажадаў не «навязваць тыя ці іншыя рэчы, якія ўжо даўно ўстаяліся ў нейкіх краінах».

Шуневіч пазьней заявіў, што ў функцыі ягонага ведамства нібыта ўваходзіць таксама «ахова маральнасьці» (гэта не замацавана прынамсі ў публічных праўных актах).

​
XS
SM
MD
LG