Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праваабаронцы патрабуюць прыцягнуць міністра Шуневіча да крымінальнай адказнасьці


Міністар унутраных спраў Беларусі Ігар Шуневіч
Міністар унутраных спраў Беларусі Ігар Шуневіч

Праваабарончы цэнтар «Вясна» за подпісам старшыні Алеся Бяляцкага і юрыст Валянцін Стэфановіч накіравалі заявы ў Генэральную пракуратуру і Сьледчы камітэт Беларусі, у якіх патрабуюць правесьці праверку па факце дыскрымінацыйных выказваньняў міністра унутраных спраў Ігара Шуневіча па тэлебачаньні, паведамляе «Вясна».

Гаворка ідзе пра інтэрвію Шуневіча, у якім ён выказаўся адносна грамадзян Беларусі, якія належаць да супольнасьці ЛГБТК+, назваўшы іх «дзіравымі».

Праваабаронцы адзначаюць, што ў беларускім грамадзтве і так дастаткова высокі ўзровень гамафобіі, што часам прыводзіць нават да зьдзяйсьненьня злачынстваў супраць жыцьця і здароўя грамадзянаў па матывах нянавісьці менавіта па прыкмеце іх сэксуальнай арыентацыі.

«Замест таго, каб супрацьстаяць такім нэгатыўным праявам, міністар Шуневіч дазваляе сабе ўжываць жарганізмы, характэрныя для носьбітаў крымінальнай субкультуры альбо носьбітаў нэанацысцкіх поглядаў», — гаворыцца ў заяве.

Паводле правабаабаронцы Валянціна Стэфановіча, такія выказваньні «носяць абразьлівы характар і прапагандуюць у беларускім грамадзтве нянавісьць і дыскрымінацыю ў дачыненьні да грамадзян Беларусі па прыкмеце іх сэксуальнай арыентацыі», а таксама сьведчаць пра нізкую прававую культуру і неразуменьне прынцыпаў дзейнасьці органаў МУС, нормаў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і міжнародных нормаў у галіне правоў чалавека, ратыфікаваных Беларусьсю, адзначаецца ў заяве да старшыні Сьледчага камітэту.

«Такім чынам лічу, што ў дзеяньнях міністра ўнутраных спраў можа ўтрымлівацца склад злачынства паводле арт. 130 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь (распальваньне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай ці іншай сацыяльнай варажнечы ці розьні)», — піша Валянцін Стэфановіч і ў адпаведнасьці з арт. 174 Крымінальна-працэсуальнага кодэксу просіць СК правесьці праверку ўказаных ў заяве фактаў і па яе выніках прыцягнуць Ігара Шуневіча да крымінальнай адказнасьці.

Паводле гэтых жа абставінаў праваабаронцы просяць правесьці і пракурорскую праверку, даць ім належную прававую ацэнку.

Таксама яны праінфармавалі незалежнага экспэрта Рады па правах чалавека ААН па абароне ад гвалту і дыскрымінацыі па прыкметах сэксуальнай арыентацыі і гендарнай ідэнтычнасьці Віктара Мадрыгаль-Барлоса па факце публічных выказваньняў Шуневіча і прасілі яго зьвярнуць увагу беларускага ўраду на недапушчальнасьць такога кшталту заяваў службовых асобаў і і неабходнасьць прытрымлівацца міжнародных абавязацельстваў у галіне абароны і заахвочвання правоў чалавека.

МУС і сэкс: што адбывалася апошнім часам

  • 17 траўня 2018 году, у Міжнародны дзень барацьбы з гамафобіяй, амбасады Вялікай Брытаніі і ЗША ў Менску вывесілі вясёлкавыя сьцягі.
  • 20 траўня 2018 Міністэрства ўнутраных спраў апублікавала заяву, дзе назвала аднаполыя адносіны падробкай.
  • 21 траўня кіраўнік МУС Ігар Шуневіч назваў вывешваньне міжнароднага сымбаля ЛГБТ-супольнасьці прапагандай «непрымальнага» ладу жыцьця.
  • 7 чэрвеня 2018 Шуневіч заявіў, што «ахова маральнасьці» — гэта функцыя МУС, хоць такой функцыі ў законе «Аб органах унутраных спраў» няма.
  • Улетку супрацоўнікі міліцыі неаднаразова ладзілі аблавы на закрытыя ЛГБТ- і сьвінг-вечарыны, удзельнікаў затрымлівалі.
  • У сьнежні 2018 году ў інтэрвію тэлеканалу АНТ Шуневіч назваў частку грамадзян Беларусі «дзіравымі». Некаторыя ўспрынялі гэтае выказваньне як адрасаванае ЛГБТК+ супольнасьці. Праваабарончы цэнтар «Вясна» назваў гэтае выказваньне гамафобным і патрабавала прыцягнуць Шуневіча да крымінальнай адказнасьці. Генпракуратура назвала выказваньне «асабістым меркаваньнем».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG