Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Наведнікі менскага клюбу, дзе праходзяць закрытыя ЛГБТ-вечарыны, паведамляюць пра начны налёт АМАП


«​ЛГБТ-клюмба» насупраць будынка МУС, 28 чэрвеня 2018
«​ЛГБТ-клюмба» насупраць будынка МУС, 28 чэрвеня 2018

«Думаю, гэта зьвязана з «​ЛГБТ-клюмбай» каля менскага гарадавога», – выказаў меркаваньне адзін са сьведкаў міліцэйскай праверкі.

Па словах наведніцы клюбу, людзі ў масках АМАП і людзі ў штацкім уварваліся ў клюб прыкладна ў 00.40 30 чэрвеня.

«Нічога не тлумачылі, вельмі груба, прымянялі сілу, хапалі людзей. Заломвалі рукі, хапалі за шыю, прыціскалі да сьценкі. Ва ўсіх перапісвалі пашпартныя дадзеныя, нумары тэлефонаў, месца працы. Усіх прымусілі сабрацца на танцполе і трымалі стоячы, як быдла, без тлумачэньняў, на працягу двух гадзінаў, – распавядае наведніца. – На просьбу схадзіць у туалет адказвалі «стаяць», і нікому не дазвалялі выйсьці. Ужо пад канец дзяўчат сталі выпускаць у туалет. Правяралі алькаголь у бары, нібыта нічога супрацьзаконнага не знайшлі».

Дзяўчына кажа, што людзей з клюбу не выпускалі, але ўнутр дазвалялі зайсьці.

Яшчэ адзін сталы наведнік распавёў, што АМАП паводзіўся груба, але нікога ня білі. Дваіх чалавек затрымалі, але яны вярнуліся ў клюб хвілінаў праз пятнаццаць.

Ён распавёў, што такія акцыі здараюцца нячаста. Па ягоным меркаваньне, гэта зьвязаная з нядаўнай акцыяй у падтрымку ЛГБТ-супольнасьці, якую правялі студэнты Свабоднага тэатра.

Прэс-сакратар менскай міліцыі Натальля Ганусевіч паведаміла Радыё Свабода, што на момант звароту журналістаў не валодае інфармацыяй пра падобныя мерапрыемствы АМАП.

Андрэй Завалей, каардынатар кампаніі «Справа Пі» памяці Міхаіла ПішчэўскагаАндрэй Завалей паведаміў, што 29 чэрвеня была таксама амаль сарваная вечарына супраць гамафобіі.

«На пачатку адкрыцьця да нас прыйшла праверка МНС. Мы вымушаныя былі паўтары гадзіны чакаць, затрымалі пачатак вечарыны. Але потым яны сыйшлі, – распавядае Завалей. – Думаю, гэта не выпадковасьць таксама».

28 чэрвеня дзве дзяўчыны і хлапец паставілі каля гарадзкой скульптуры менскага гарадавога кветкі колераў вясёлкі (сымбалю ЛГБТ – РС.). Удзельнікаў акцыі і журналіста, які яе здымаў, затрымалі. Ноч яны правялі ў Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў. На наступны дзень кожны зь іх атрымаў у судзе штраф у 3 базавыя велічыні.

Што важна ведаць​

  • 17 траўня, у Міжнародны дзень барацьбы з гамафобіяй, амбасады Вялікай Брытаніі і ЗША ў Менску вывесілі вясёлкавыя сьцягі.
  • 20 траўня Міністэрства ўнутраных спраў апублікавала заяву, дзе назвала аднаполыя адносіны падробкай.
  • 21 траўня на сайце petitions.by пачаўся збор подпісаў «За міліцыю для ўсіх». У пэтыцыі просяць праверыць законнасьць выказваньняў МУС. На момант публікацыі пад пэтыцыяй падпісалася больш за 1800 чалавек.
  • 21 траўня кіраўнік МУС Ігар Шуневіч назваў вывешваньне міжнароднага сымбаля ЛГБТ-супольнасьці прапагандай «непрымальнага» ладу жыцьця.
  • Ад 22 траўня ў адказ на заяву МУС у сацыяльных сетках пачалі зьяўляцца допісы з тэгам #янеподделка.
  • 23 траўня міністар замежных спраў Уладзімер Макей заявіў, што існуе шэраг рэчаў, «непрымальных» для беларускага мэнталітэту. Макей адзначыў важнасьць і неадназначнасьць тэматыкі «правоў мяншыняў».
  • 30 траўня старшыня Моладзі БНФ скрытыкавала «навязваньне ЛГБТ» і «паўсюднае вывешваньне сваёй сымболікі».
  • 7 чэрвеня Шуневіч заявіў, што «ахова маральнасьці» — гэта функцыя МУС, хоць такой функцыі ў законе «Аб органах унутраных справаў» няма.
  • 16 чэвеня партрэт Ігара Шуневіча несьлі на прайд-парадзе ў ЗША.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG