Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пра што гаварылі па тэлефоне прэзыдэнты Ўкраіны і Ірану


Прэзыдэнт Ірану
Прэзыдэнт Ірану

Прадстаўнікі прэзыдэнтаў Украіны Уладзіміра Зяленскага і Ірана Хасана Роўхані паведамілі пра іх тэлефонную размову пасьля таго, як Тэгеран афіцыйна прызнаў сябе вінаватым у зьбіваньні ўкраінскага пасажырскага самалёта каля іранскай сталіцы ракетай СПА.

Размова адбылася зь ініцыятывы іранскага боку.

«Роўхані выказаў спачуваньні ўкраінскаму народу і сем’ям загінуўшых у выніку зьбіваньня самалёту рэйсу PS752 „Міжнародных авіяліній Украіны“. Ён папрасіў прабачэньня ад іранскага боку за трагедыю, якая забрала 176 чалавечых жыцьцяў. Кіраўнік Ісламскай Рэспублікі Іран цалкам прызнае, што трагедыя адбылася праз памылковыя дзеяньні ваенных гэтай краіны. Афіцыйны Тэгеран запэўніў, што ўсе датычныя да авіякатастрофы будуць прыцягнутыя да адказнасьці, а ўкраінскай экспэртнай групе будзе аказана ўся неабходная падтрымка для далейшага эфэктыўнага супрацоўніцтва ў юрыдычнай і тэхнічнай плоскасьцях», — паведамілі ў офісе прэзыдэнта Ўкраіны.

Як паведамляецца, Зяленскі, у прыватнасьці, заявіў: «Прызнаньне „ракетнай вэрсіі“ як прычыны катастрофы адкрыла шлях для працягу яе расьсьледаваньня бязь якіх-небудзь затрымак і перашкодаў. Чакаю далейшае канструктыўнае ўзаемадзеяньне з Іранам у адпаведнасьці з нормамі міжнароднага права».

Прэзыдэнт Украіны
Прэзыдэнт Украіны

Ён таксама адзначыў, што неабходна як мага хутчэй ідэнтыфікаваць і вярнуць на радзіму целы ўкраінскіх грамадзянаў — ужо на наступным тыдні, да 19 студзеня.

Роўхані, гаворыцца ў паведамленьні, «запэўніў, што ўжо сёньня ноччу дасьць адпаведныя даручэньні, каб рэпатрыяцыя целаў адбылася як мага хутчэй».

Сам Зяленскі пасьля размовы з Роўхані напісаў у твітэры:

«Прызнаньне зьбіваньня нашага самалёту — крок у патрэбным кірунку. Настойваю на неадкладным завяршэньні ідэнтыфікацыі целаў і вяртаньні іх ва Ўкраіну. Вінаватыя павінны быць прыцягнутыя да адказнасьці. Чакаем поўнага юрыдычнага і тэхнічнага ўзаемадзеяньня ў далейшым».

У адміністрацыі прэзыдэнта Ірану паведамілі, што Роўхані даручыў міністру замежных справаў сваёй краіны знаходзіцца ў кантакце з кіраўніком МЗС Украіны для далейшага супрацоўніцтва ў гэтай справе і падкрэсьліў, што Іран будзе прытрымлівацца ўсіх сваіх юрыдычных абавязацельстваў.

Зяленскі, як паведамляе іранскі бок, сказаў Роўхані, што заява прэзыдэнта Ірану з прызнаньнем памылкі і прабачэньнем вельмі важная для Ўкраіны, і Кіеў высока ацэньвае такія дзеяньні Тэгерана і яго дзейснае супрацоўніцтва з украінскім бокам у цяперашніх умовах.

Крушэньне ўкраінскага самалёту ў Іране. Што трэба ведаць

  • Самалёт Boeing 737-800 NG (рэйс PS752, рэгістрацыйны нумар UR-PSR) вылецеў каля 6:10 8 студзеня маршрутам Тэгеран — Кіеў, зьнік з радараў празь некалькі хвілінаў пасьля ўзьлёту.
  • Усе на борце загінулі. На борце было 167 пасажыраў, а таксама 9 чальцоў экіпажу. Авіякампанія МАУ апублікавала сьпісы загінулых пасажыраў і чальцоў экіпажу.
  • Сярод загінулых у катастрофе было найбольш грамадзян Ірану (82 чалавекі) і Канады (63 чалавекі), а таксама 11 грамадзян Украіны (2 пасажыры і 9 чальцоў экіпажу), 10 грамадзян Швэцыі, 4 — Аўганістану, 3 — Нямеччыны і 3 — Вялікай Брытаніі, паведаміў міністар замежных спраў Украіны Вадзім Прыстайка.
  • Самалёт быў выраблены ў 2016 годзе, атрыманы МАУ непасрэдна з заводу Boeing, апошні раз прайшоў плянавае тэхнічнае абслугоўваньне 6 студзеня 2020 году. МАУ заяўляе, што гарантуе спраўнасьць сваіх самалётаў і высокую кваліфікацыю пілётаў.
  • Паводле першай рэакцыі іранскага боку, самалёт разьбіўся з тэхнічных прычынаў, якія прывялі да аварыі рухавіка.
  • 11 студзеня, праз 3 дні пасьля катастрофы, прэзыдэнт Ірана Хасан Роўхані прызнаў, што іранскія вайскоўцы па памылцы зьбілі пасажырскі Boeing 737 «Міжнародных авіяліній Украіны». Ён распарадзіўся знайсьці вінаватых у гэтай трагедыі.
  • Камандуючы ваенна-касьмічнымі сіламі Ірана Амір Алі Хаджызадэ паведаміў, што апэратар супрацьпаветранай абароны Ірану самастойна вырашыў выпусьціць крылатую ракету па самалёце, ня здолеўшы звязацца з камандаваньнем.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Яшчэ на гэтую тэму

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG