Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Корпус вартавых Ісламскай рэвалюцыі ўзяў на сябе «поўную адказнасьць» за катастрофу ўкраінскага самалёта


Камандуючы Амір Алі Хаджызаде

Корпус вартавых Ісламскай рэвалюцыі, элітнай іранскай вайсковай часткі, узяў на сябе «поўную адказнасьць» за катастрофу ўкраінскага самалёта пад Тэгеранам.

Камандзір паветранымі сіламі корпусу Амір Алі Хаджызадэ заявіў у прамове на дзяржаўным тэлебачаньні, што яго аэракасьмічнае падразьдзяленьне зьбіла ўкраінскі лайнэр. Паводле яго, украінскі самалёт быў памылкова «ідэнтыфікаваны як крылатая ракета».

Іранскае кіраўніцтва заявіла, што вінаватыя ў трагедыі будуць прыцягнутыя да адказнасьці.

Глыбокае спачуваньне сем’ям 176 загінулых выказаў вярхоўны лідэр Ірана аятала Алі Хамэнэі.

Раней у паведамленьні Узброеных сіл Ірану гаварылася, што ўкраінскі самалёт «наблізіўся да адчувальнага ваеннага цэнтра IRGC (Корпусу вартавых Ісламскай рэвалюцыі) на вышыні і ва ўмовах, якія нагадваюць варожае нацэльваньне».

11 студзеня ўлады Ірану прызналі, што ўкраінскі самалёт быў зьбіты. Прэзыдэнт Ірану Хасан Ругані заявіў, што «праз чалавечую памылку былі запушчаны ракеты, якія выклікалі разбуральную катастрофу ўкраінскага самалёта і гібель 176 нявінных людзей». Ён дадаў, што расьсьледаваньне працягваецца, назваўшы трагедыю «недаравальнай памылкай».

Адразу пасьля прызнаньня прэзыдэнт Украіны Уладзімір Зяленскі запатрабаваў ад Ірана запэўніваньняў у гатоўнасьці «да поўнага і адкрытага расьсьледаваньня, прыцягненьня вінаватых да адказнасьці, вяртаньня целаў загінулых, выплаты кампэнсацый і афіцыйных выбачэньняў па дыпляматычных каналах».

Крушэньне ўкраінскага самалёту ў Іране. Што трэба ведаць

  • Самалёт Boeing 737-800 NG (рэйс PS752, рэгістрацыйны нумар UR-PSR) вылецеў каля 6:10 8 студзеня маршрутам Тэгеран — Кіеў, зьнік з радараў празь некалькі хвілінаў пасьля ўзьлёту.
  • Усе на борце загінулі. На борце было 167 пасажыраў, а таксама 9 чальцоў экіпажу. Авіякампанія МАУ апублікавала сьпісы загінулых пасажыраў і чальцоў экіпажу.
  • Сярод загінулых у катастрофе было найбольш грамадзян Ірану (82 чалавекі) і Канады (63 чалавекі), а таксама 11 грамадзян Украіны (2 пасажыры і 9 чальцоў экіпажу), 10 грамадзян Швэцыі, 4 — Аўганістану, 3 — Нямеччыны і 3 — Вялікай Брытаніі, паведаміў міністар замежных спраў Украіны Вадзім Прыстайка.
  • Самалёт быў выраблены ў 2016 годзе, атрыманы МАУ непасрэдна з заводу Boeing, апошні раз прайшоў плянавае тэхнічнае абслугоўваньне 6 студзеня 2020 году. МАУ заяўляе, што гарантуе спраўнасьць сваіх самалётаў і высокую кваліфікацыю пілётаў.
  • Паводле першай рэакцыі іранскага боку, самалёт разьбіўся з тэхнічных прычынаў, якія прывялі да аварыі рухавіка.
  • 11 студзеня, праз 3 дні пасьля катастрофы, прэзыдэнт Ірана Хасан Роўхані прызнаў, што іранскія вайскоўцы па памылцы зьбілі пасажырскі Boeing 737 «Міжнародных авіяліній Украіны». Ён распарадзіўся знайсьці вінаватых у гэтай трагедыі.
  • Камандуючы ваенна-касьмічнымі сіламі Ірана Амір Алі Хаджызадэ паведаміў, што апэратар супрацьпаветранай абароны Ірану самастойна вырашыў выпусьціць крылатую ракету па самалёце, ня здолеўшы звязацца з камандаваньнем.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Яшчэ на гэтую тэму

XS
SM
MD
LG