Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зяленскі назваў вэрсію аб ракеце «непацьверджанай» і папрасіў кіраўнікоў ЗША і Канады падзяліцца інфармацыяй


Уладзімір Зяленскі сустракаецца са сваякамі ўкраінцаў, якія загінулі ў авіякатастрофе.
Уладзімір Зяленскі сустракаецца са сваякамі ўкраінцаў, якія загінулі ў авіякатастрофе.

Прэзыдэнт Украіны Уладзімір Зяленскі раніцай 10 студзеня зьвярнуўся да лідэраў ЗША, Канады і Вялікабрытаніі.

Ён папрасіў іх перадаць сьледчым ўсе наяўныя доказы, якія тычацца катастрофы ўкраінскага самалёта ў Іране, і падкрэсьліў, што «вэрсія ракеты на сёньняшні дзень разглядаецца, але ўсё яшчэ зьяўляецца непацьверджанай»:

«Сёньня гэтым працэсам займаецца камісія ў справе расьсьледаваньня прычын катастрофы. Мы чакаем, што ёй будзе дадзена ўся інфармацыя, якая неабходная для правядзеньня расьсьледаваньня. Вэрсія ракеты разглядаецца, але яе статус на сёньняшні дзень зьяўляецца непацьверджаным. Але ўлічваючы апошнія заявы лідэраў дзяржаў у СМІ, мы заклікаем усіх міжнародных партнэраў — кіраўнікоў урадаў ЗША, Канады і Злучанага Каралеўства — падаць дадзеныя і доказы».

Зяленскі таксама анансаваў размову зь дзяржсакратаром ЗША Майкам Пампэо пра тое, што самалёт нібыта быў зьбіты ракетай.

«Наша мэта складаецца ў тым, каб выявіць праўду. Мы лічым гэта абавязкам усёй міжнароднай супольнасьці перад сем’ямі загіблых. Памяць ахвяраў і каштоўнасьць чалавечага жыцьця вышэй за любыя палітычныя матывы», — падкрэсьліў украінскі прэзыдэнт.

«Боінг-737» Міжнародных ўкраінскіх авіяліній, які ляцеў у Кіеў, разьбіўся 8 студзеня неўзабаве пасьля вылету з аэрапорту Тэгерану, у выніку чаго загінулі ўсе 176 чалавек, якія былі на борце. Сярод загінуўшых былі 11 украінцаў, а таксама грамадзяне Ірану, Канады і іншых краін.

Напярэдадні, 9 студзеня прэм’ер-міністар Канады Джастын Трудо заявіў, што яго краіна «валодае дадзенымі разьведкі зь некалькіх крыніц», якія паказваюць на тое, што ўкраінскі авіялайнэр, які разьбіўся 8 студзеня каля Тэгерану, быў зьбіты іранскай ракетай клясы «зямля-паветра». На прэс-канфэрэнцыі ў Атаве Трудо заявіў, што зьнішчэнне авіялайнэра магло быць «ненаўмысным».

Амаль адначасова з прэм’ерам Канады амэрыканскія інфармацыйныя генцтвы са спасылкай на неназваныя крыніцы ва ўрадзе ЗША таксама паведамілі, што самалёт Міжнародных авіяліній Украіны, верагодна, быў зьбіты іранскай ракетай у выніку памылкі.

Гэтую ж вэрсію раней агучваў кіраўнік Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны Ўкраіны: паводле яго словаў, украінскія сьледчыя маюць намер шукаць на месцы падзеньня лайнэра аскепкі ракеты ЗРК «Тор» расейскай вытворчасьці.

Кіраўнік грамадзянскай авіяцыі Ірану назваў гэтую інфармацыю «абсурднымі чуткамі». Але пры гэтым раней іранскія ўлады адмовіліся перадаваць іншым краінам дадзеныя «чорных скрынь» з самалёта, які разьбіўся, і заявілі, што самастойна зоймуцца расшыфроўкай.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG