Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«У найвышэйшай ступені верагодна». Вайсковы экспэрт — пра інфармацыю аб зьбітым праз памылку ўкраінскім самалёце


Амэрыканскія інфармагенцтвы са спасылкай на неназваныя крыніцы ва ўрадзе ЗША паведамляюць, што самалёт Міжнародных авіяліній Украіны, імаверна, быў зьбіты іранскай ракетай праз памылку.

Адна з афіцыйных асобаў ЗША паведаміла Reuters і AP, што амэрыканскія спадарожнікі зафіксавалі запуск дзьвюх ракетаў іранскай СПА незадоўга да крушэньня самалёту, пасьля чаго адбыліся выбухі. Кіраўнік грамадзянскай авіяцыі Ірана назваў «абсурднымі чуткамі» паведамленьне аб тым, што ўкраінскі самалёт мог быць памылкова зьбіты іранскімі сіламі СПА, піша Reuters.

Пра сытуацыю Настоящее время пагаварыла з расейским ваенным аглядальнікам Аляксандрам Гольцам.

— Наколькі праўдападобнай вам падаецца такая вэрсія?

Аляксандар Гольц
Аляксандар Гольц

— Калі і можа аднекуль прыйсьці больш-менш дакладная інфармацыя пра тое, што адбылося ў небе над Тэгеранам, дык гэта з Амэрыкі. Менавіта ў амэрыканцаў ёсьць тое, што прыгожа называецца «нацыянальнымі сродкамі выведкі», а на самай справе зьяўляецца спадарожнікамі-шпіёнамі. Зразумела, што ў момант абвастрэньня адносін са Злучанымі Штатамі над Тэгеранам вісіць даволі шмат амэрыканскіх выведвальных спадарожнікаў. Менавіта яны могуць даць вычарпальную інфармацыю, была ці не была ракета.

Тое, што ўцечка адбылася адначасова ў два даволі паважаных амэрыканскіх выданьня, а потым на гэта намякнуў Дональд Трамп, кажа пра тое, што іранцы датычныя да гібелі самалёта. З практычнага пункту гледжаньня, гэта ў найвышэйшай ступені верагодна. За некаторы час да гэтага былі нанесеныя ўдары іранцамі па амэрыканскіх базах, і, вядома, сыстэмы СПА Ірану былі прыведзеныя ў рэжым гатоўнасьці. Стала быць, яны чакалі чагосьці жахлівага. У гэты момант любая памылка магчымая.

— Але гэта гучыць безадказна.

— У найноўшай гісторыі ёсьць шмат выпадкаў, калі грамадзянскі самалёт прымалі за вайсковы. І падчас «Буры ў пустыні» амэрыканцы прынялі іранскі лайнэр за самалёт у атацы, і малайзійскі лайнэр быў прыняты ва Ўкраіне за вайсковы самалёт, хутчэй за ўсё, украінскі, і параўнальна нядаўна удалыя сырыйскія сілы СПА расстралялі расейскі самалёт у небе над сваёй краінай. Калі ідуць баявыя дзеяньні альбо да іх рыхтуюцца, то такая сытуацыя цалкам рэальная, асабліва калі мець на ўвазе, мякка кажучы, невысокі ўзровень падрыхтоўкі вайскоўцаў на Блізкім Усходзе.

— Якія ракеты знаходзяцца на ўзбраеньні ў Ірану?

— Расея ў 2016 годзе прадала Ірану чатыры дывізіёна ракет С-300. У Ірана ёсьць сыстэмы блізкага і сярэдняга радыюсу дзеяньня ТОР і «Панцыр». І параўнальна нядаўна іранцы заявілі, што яны стварылі ўласную сыстэму СПА.

— Калі гэта спрацавалі ракеты, дык гэта мае быць бачна на відэа?

— На відэа відаць тое, што здымаюць. Здымалі ўжо выбліск, а што было да гэтага, не зусім зразумела.

Што вядома пра крушэньне:

  • Самалёт Boeing 737-800 NG (рэйс PS752, рэгістрацыйны нумар UR-PSR) вылецеў каля 6.10 8 студзеня маршрутам Тэгеран — Кіеў, зьнік з радараў празь некалькі хвілінаў пасьля ўзьлёту.
  • Усе на борце загінулі. На борце было 167 пасажыраў, а таксама 9 чальцоў экіпажу. Авіякампанія МАУ апублікавала сьпісы загінулых пасажыраў і чальцоў экіпажу.
  • Сярод загінулых у катастрофе было найбольш грамадзян Ірану (82 чалавекі) і Канады (63 чалавекі), а таксама 11 грамадзян Украіны (2 пасажыры і 9 чальцоў экіпажу), 10 грамадзян Швэцыі, 4 — Аўганістану, 3 — Нямеччыны і 3 — Вялікай Брытаніі, паведаміў міністар замежных спраў Украіны Вадзім Прыстайка.
  • Паводле папярэдніх зьвестак іранскага боку, самалёт разьбіўся з тэхнічных прычынаў, якія прывялі да аварыі рухавіка. МАУ перадавала, што цяпер у Іране вэрсіі тэракту або ракетнай атакі выключаюцца, але пазьней выдаліла гэты сказ з прэс-рэлізу. У інтэрнэце ж распаўсюджваюцца розныя чуткі пра магчымую сувязь катастрофы з канфліктам Ірану і ЗША — ніякіх афіцыйных заяваў пра такую сувязь не было. Расьсьледаваньне маюць правесьці ўлады Ўкраіны і Ірану, кампанія Boeing. МАУ супрацоўнічае з украінскімі ўладамі, каб высьветліць прычыны катастрофы.
  • Самалёт быў выраблены ў 2016 годзе, атрыманы МАУ непасрэдна з заводу Boeing, апошні раз прайшоў плянавае тэхнічнае абслугоўваньне 6 студзеня 2020 году. МАУ заяўляе, што гарантуе спраўнасьць сваіх самалётаў і высокую кваліфікацыю пілётаў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG