Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украінскі самалёт перад падзеньнем разьвярнуўся ў аэрапорт, — іранскае расьсьледаваньне


Авіяляйнэр Boeing 737-800NG авіякампаніі «Міжнародныя авіялініі Ўкраіны», які пацярпеў крушэньне неўзабаве пасьля ўзьлёту з Тэгерана, перад падзеньнем разьвярнуўся назад.

«Самалёт, які спачатку ішоў на захад, каб пакінуць зону аэрапорта, павярнуў управа пасьля праблемы і быў накіраваны назад у аэрапорт у момант катастрофы», — заявіла Іранская арганізацыя грамадзянскай авіяцыі на сваім сайце.

«Самалёт зьнік з экранаў радараў у той момант, калі ён дасягнуў 8000 футаў (2400 мэтраў). Пілёт не дасылаў радыёпаведамленьня аб незвычайных абставінах. Паводле відавочцаў, на борце самалёта быў відаць агонь, які інтэнсіўна разгараўся», — дадала арганізацыя, паведамляючы пра першыя вынікі расьсьледаваньня.

Самалёт Boeing 737-800NG авіякампаніі «Міжнародныя авіялініі Ўкраіны» рэйсау PS752 з Тэгерана ў Кіеў пацярпеў катастрофу неўзабаве пасьля ўзьлёту зь міжнароднага аэрапорта сталіцы Ірана раніцай 8 студзеня. Загінулі ўсе 176 чалавек, якія былі ў самалёце, — 167 пасажыраў і 9 чальцоў экіпажу. Сярод загінулых — 11 грамадзян Украіны (увесь экіпаж і 2 пасажыры).

Самалёт быў выраблены ў 2016 годзе. Як запэўнілі ў кампаніі, ён быў спраўны і прайшоў апошняе плянавае тэхнічнае абслугоўваньне перад вылетам 6 студзеня.

Міністар замежных справаў Украіны Вадзім Прыстайка заявіў, што дамовіўся зь Іранам аб шчыльнай каардынацыі сьледчых груп дзьвюх краін у расьсьледаваньні катастрофы ўкраінскага самалёта непадалёк Тэгерана і высьвятленьня яе прычыны.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG