Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Большасьць загінулых у авіякатастрофе ў Іране — іранцы і канадцы, беларусаў не было на борце


На месцы авіякатастрофы 8 студзеня

Сярод загінулых у катастрофе самалёта Boeing 737 «Міжнароднай авіякампаніі Ўкраіны» ў Тэгеране было найбольш грамадзян Ірану і Канады, заявіў міністар замежных спраў Украіны Вадзім Прыстайка.

Паводле Прыстайкі, на борце рэйсу PS752, які вылецеў каля 6.10 8 студзеня маршрутам Тэгеран — Кіеў, знаходзіліся грамадзяне наступных краінаў:

  • Іран — 82 чалавекі;
  • Канада — 63;
  • Украіна — 2 + 9 (экіпаж);
  • Швэцыя — 10;
  • Аўганістан — 4;
  • Нямеччына — 3;
  • Вялікая Брытанія — 3.

Што вядома пра катастрофу на момант публікацыі:

  • Самалёт Boeing 737-800 NG (рэйс PS752, рэгістрацыйны нумар UR-PSR) вылецеў каля 6.10 8 студзеня маршрутам Тэгеран — Кіеў, зьнік з радараў празь некалькі хвілінаў пасьля ўзьлёту.
  • Усе на борце загінулі. На рэйс купілі квіткі 168 чалавек, але, паводле папярэдніх зьвестак, на борце было 167 пасажыраў, а таксама 9 чальцоў экіпажу.
  • МАУ пакуль не публікуе сьпісы загінулых. Пазьней — як абяцаюць, да канца дня — сьпісы зьявяцца на афіцыйным сайце авіякампаніі. Цяпер МАУ зьвязваецца са сваякамі загінулых, «аказвае ўсю магчымую дапамогу».
  • Паводле папярэдніх зьвестак іранскага боку, самалёт разьбіўся з тэхнічных прычынаў, якія прывялі да аварыі рухавіка. МАУ перадае, што цяпер вэрсіі тэракту або ракетнай атакі выключаюцца. У інтэрнэце ж распаўсюджваюцца розныя чуткі пра магчымую сувязь катастрофы з канфліктам Ірану і ЗША — ніякіх афіцыйных заяваў пра такую сувязь не было. Расьсьледаваньне маюць правесьці ўлады Ўкраіны і Ірану, кампанія Boeing. МАУ супрацоўнічае з украінскімі ўладамі, каб высьветліць прычыны катастрофы.
  • Самалёт быў выраблены ў 2016 годзе, атрыманы МАУ непасрэдна з заводу Boeing, апошні раз прайшоў плянавае тэхнічнае абслугоўваньне 6 студзеня 2020 году. МАУ заяўляе, што гарантуе спраўнасьць сваіх самалётаў і высокую кваліфікацыю пілётаў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG