Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэзыдэнт Ірану прызнаў, што іранскія вайскоўцы выпадкова зьбілі ўкраінскі пасажырскі самалёт


Прэзыдэнт Ірану Хасан Рухані
Прэзыдэнт Ірану Хасан Рухані

Прэзыдэнт Ірана Хасан Рухані пацьвердзіў, што іранскія вайскоўцы праз памылку зьбілі пасажырскі Boeing 737 «Міжнародных авіялініяў Украіны». Ён заявіў, што распарадзіўся знайсьці вінаватых у гэтай трагедыі.

«У атмасфэры пагрозаў і запалохваньня з боку агрэсіўнага амэрыканскага рэжыму іранскай нацыі пасьля пакутніцкай сьмерці генэрала Касэма Сулеймані і для абароны ад магчымых нападаў амэрыканскай арміі Ўзброеныя сілы Ірану былі прыведзеныя ў стан поўнай баявой гатоўнасьці, што, на жаль, прывяло да гэтай жудаснай катастрофы, якая забрала жыцьці дзясяткаў нявінных людзей», — гаворыцца ў заяве прэзыдэнта Ірану.

Рухані выказаў глыбокія спачуваньні блізкім загінулых. Ён таксама заявіў, што даручыў прыняць усе неабходныя захады для кампэнсацыі іхным сем'ям.

«Міністэрства замежных справаў будзе ажыцьцяўляць поўнае консульскае супрацоўніцтва з мэтай выяўленьня і вяртаньня целаў загінулых у іхныя семʼі», — адзначыў Рухані.

«Таксама неабходна зьліквідаваць усе слабыя моманты комплексаў супрацьпаветранай абароны, прыняць неабходныя захады, каб ніколі такія катастрофы не паўтараліся», — сказаў прэзыдэнт.

9 студзеня ва Ўкраіне заявілі, што сярод вэрсіяў катастрофы — паражэньне самалёта ракетай, выпушчанай зэнітна-ракетным комплексам «Тор-М1» расейскай вытворчасьці. Ён знаходзіцца на ўзбраеньні войска Ірану.

Самалёт Boeing 737-800 NG украінскай кампаніі МАУ, які накіроўвася ў Кіеў, пацярпеў катастрофу каля аэрапорту ў Тэгеране 8 студзеня. Загінулі 176 чалавек.

Крушэньне ўкраінскага самалёту ў Іране. Што трэба ведаць

  • Самалёт Boeing 737-800 NG (рэйс PS752, рэгістрацыйны нумар UR-PSR) вылецеў каля 6:10 8 студзеня маршрутам Тэгеран — Кіеў, зьнік з радараў празь некалькі хвілінаў пасьля ўзьлёту.
  • Усе на борце загінулі. На борце было 167 пасажыраў, а таксама 9 чальцоў экіпажу. Авіякампанія МАУ апублікавала сьпісы загінулых пасажыраў і чальцоў экіпажу.
  • Сярод загінулых у катастрофе было найбольш грамадзян Ірану (82 чалавекі) і Канады (63 чалавекі), а таксама 11 грамадзян Украіны (2 пасажыры і 9 чальцоў экіпажу), 10 грамадзян Швэцыі, 4 — Аўганістану, 3 — Нямеччыны і 3 — Вялікай Брытаніі, паведаміў міністар замежных спраў Украіны Вадзім Прыстайка.
  • Самалёт быў выраблены ў 2016 годзе, атрыманы МАУ непасрэдна з заводу Boeing, апошні раз прайшоў плянавае тэхнічнае абслугоўваньне 6 студзеня 2020 году. МАУ заяўляе, што гарантуе спраўнасьць сваіх самалётаў і высокую кваліфікацыю пілётаў.
  • Паводле першай рэакцыі іранскага боку, самалёт разьбіўся з тэхнічных прычынаў, якія прывялі да аварыі рухавіка.
  • 11 студзеня, праз 3 дні пасьля катастрофы, прэзыдэнт Ірана Хасан Роўхані прызнаў, што іранскія вайскоўцы па памылцы зьбілі пасажырскі Boeing 737 «Міжнародных авіяліній Украіны». Ён распарадзіўся знайсьці вінаватых у гэтай трагедыі.
  • Камандуючы ваенна-касьмічнымі сіламі Ірана Амір Алі Хаджызадэ паведаміў, што апэратар супрацьпаветранай абароны Ірану самастойна вырашыў выпусьціць крылатую ракету па самалёце, ня здолеўшы звязацца з камандаваньнем.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG