Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Lufthansa скасавала рэйсы ў Тэгеран. Адзін самалёт вярнуўся з паўдарогі


Нямецкая авіякампанія Lufthansa у пятніцу абвясьціла аб скасаваньні ўсіх сваіх рэйсаў у Тэгеран да 20 студзеня ўключна ў сувязі зь «няпэўнай сытуацыяй» у сфэры бясьпекі паветранай прасторы над іранскай сталіцай.​

У заяве кампаніі сказана, што ідзецца пра захады перасьцярогі. Рашэньне, ці адновяцца рэйсы ў сталіцу Ірану, прымуць пазьней з улікам абставінаў.

Рашэньне было абвешчана на наступны дзень пасьля таго, як шэраг СМІ са спасылкай на крыніцы ў выведцы ЗША і іншых краінаў, а затым і лідэры Канады і Вялікай Брытаніі заявілі, што «Боінг» украінскай авіякампаніі, які разьбіўся 8 студзеня неўзабаве пасьля вылету з аэрапорту Тэгерану, як мяркуецца, быў зьбіты іранскай ракетай.

Увечары ў чацьвер, у лічаныя хвіліны пасьля таго, як зьявіліся паведамленьні аб ракеце і відэа яе меркаванага пападаньня ў самалёт, лайнэр Lufthansa, які ляцеў з Франкфурту-на-Майне ў Тэгеран, разьвярнуўся над Румыніяй і вярнуўся ў Нямеччыну.

Адразу пасьля катастрофы ўкраінскага самалёту шэраг авіякампаніяў зьмянілі маршруты рэйсаў, каб унікнуць паветранай прасторы над Іракам і Іранам. Сярод іх Qantas, Singapore Airlines і Air France. Маршруты з Паўднёва-Усходняй Азіі і Аўстраліі ў Эўропу цяпер праходзяць над Аўганістанам, Туркмэністанам і Каўкаскім рэгіёнам. «Росавиация» таксама апублікавала падобную рэкамэндацыю, аднак «Аэрафлот» працягвае лётаць над Іранам, а таксама зьдзяйсьняць рэйсы ў Тэгеран. Над Іранам, у тым ліку ў Эўропу, таксама працягваюць лётаць самалёты авіякампаніяў многіх краін Азіі.

Улады Ірану адмаўляюць вэрсію пра тое, што ўкраінскі самалёт, на борце якога загінулі 176 чалавек, быў зьбіты.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG