Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Якія сувязі мае Беларусь з Іранам і ці шмат там беларусаў?


Афіцыйныя сьцягі Беларусі і Ірану, каляж ©Shutterstock

Апошнім часам пра Іран шмат навінаў. Сабралі важную інфармацыю пра стасункі Беларусі з гэтай краінай.

Галоўныя навіны пра падзеі ў Іране за апошнія дні

  • 8 студзеня самалёт Boeing-737 Міжнародных авіяліній Украіны, што ляцеў з Тэгерану ў Кіеў, разьбіўся на ўзьлёце.
  • Раней Іран нанёс ракетныя ўдары па амэрыканскіх вайскоўцах, разьмешчаных у Іраку.
  • 3 студзеня ў выніку паветранага ўдару па міжнародным аэрапорце Багдаду быў забіты генэрал Касэм Сулеймані, кіраўнік сілаў «Кудс» — падразьдзяленьня Корпусу вартавых ісламскай рэвалюцыі, якое займаецца спэцыяльнымі апэрацыямі на тэрыторыі замежных дзяржаваў.

Колькі ў Іране беларусаў?

Паводле Міністэрства замежных спраў Беларусі, у Іране на консульскім уліку значацца 12 беларускіх грамадзян.

Аднак станавіцца на консульскі ўлік — гэта добраахвотная справа, таму грамадзян Беларусі ў Іране, верагодна, больш. Пераважна гэта могуць быць жонкі іранцаў.

У міністэрстве ня маюць інфармацыі адносна спэцыялістаў, якія могуць працаваць у Іране. Таксама там не сказалі, ці ёсьць нейкая рызыка для грамадзян Беларусі з прычыны напружанасьці ў стасунках паміж Іранам і ЗША.

Авіякампанія «Белавія» заявіла, што будзе абмінаць тэрыторыю Ірану і Іраку пры чартэрных палётах у Дубай.

«Беларуснафта» ўжо не працуе ў Іране

Такую інфармацыю паведамілі Радыё Свабода прадстаўнікі «Беларуснафты». Кампанія яшчэ ў 2011 годзе выйшла з кантракту па распрацоўцы радовішча Джуфэйр у Іране і цалкам спыніла там дзейнасьць.

Кантракт на распрацоўку радовішча Джуфэйр у Іране быў падпісаны ў 2007 годзе, у яго рэалізацыі з боку падрадчыка брала ўдзел «Беларуснафта». Было створана СП Belpars Petroleum Company Ltd.

Пасьля першага этапу, які быў завершаны ў верасьні 2010 году, «Беларуснафта» пастанавіла выйсьці з кантракту.

У канцы сакавіка 2011 году ўлады ЗША дадалі «Беларуснафту» ў сьпіс кампаній, якія парушаюць дзейныя ў той час санкцыі супраць Ірану.

У 2017 годзе ў Беларусь праз Адэсу паставілі дзьве партыі іранскай нафты.

Нягледзячы на санкцыі, таваразварот з Іранам склаў у 2017 годзе 154,2 млн даляраў. Быў падпісаны стратэгічны плян разьвіцьця супрацоўніцтва да 2020 году.

У 2017 годзе Іран наведалі намесьнік міністра аховы здароўя Беларусі, дэлегацыі канцэрну «Белнафтахім», ЗАТ «Беларуская нафтавая кампанія» і іншыя чыноўнікі зь Беларусі.

Беларускі МЗС мае рэкамэндацыі па правілах знаходжаньня беларускіх грамадзян у Іране

У іх гаворыцца, што на пытаньні пра стаўленьне да ўлады ў Іране трэба адказваць «няпэўна і нэўтральна, пры нагодзе зьмяніць тэму размовы».

Беларускі МЗС не рэкамэндуе «з палітычных прычын» наведваць Іран грамадзянам Беларусі, якія маюць у пашпарце адзнакі аб знаходжаньні ў Ізраілі.

Нагадваецца таксама, што іншаземкі, як і мясцовыя жанчыны, абавязаныя насіць хіджаб.

Сярод іншага, нагадваецца, што «нельга браць і прапаноўваць ежу левай рукой (яна лічыцца „нячыстай“, якая выкарыстоўваецца для асабістай гігіены), не дапускаць фамільярных адносін да жанчын і людзей ва ўзросьце, не прымаць ежу, ваду і не курыць у грамадзкіх месцах у сьветлы час сутак падчас Рамадану, не заходзіць у мячэць у абутку і шортах».

Нэгатыўную рэакцыю ў мясцовых жыхароў могуць выклікаць словы тыпу «абрыкос», «космас», «Кіркораў» і іншыя, у якіх утрымліваюцца гукаспалучэньні «кір» і «кос», якія азначаюць дзетародныя органы.

Хроніка абвастрэньня адносін ЗША і Ірану

29 сьнежня 2019. Злучаныя Штаты нанесьлі авіяўдары па базах шыіцкай групоўкі «Катаіб Хізбала» ў Іраку і Сырыі. Загінулі ня менш за 25 чалавек. Прадстаўнікі Дзярждэпартамэнту ЗША назвалі гэта «абарончымі ўдарамі» ў адказ на ракетную атаку па вайсковай базе блізу Кіркуку. Тады загінуў амэрыканскі кантрактнік. Удары нанесьлі якраз баевікі з «Катаіб Хізбала».

31 сьнежня 2019. Некалькі тысяч чалавек пратэставалі каля будынку амбасады ЗША ў Багдадзе з прычыны амэрыканскіх авіяўдараў па шыіцкім апалчэньні. Дэманстранты выкрыквалі лёзунг «Сьмерць Амэрыцы!» і палілі амэрыканскія сьцягі. Праламаўшы браму, некаторыя ўварваліся на тэрыторыю дыпмісіі. Пры разгоне пратэстоўцаў быў ужыты сьлезацечны газ.

3 студзеня 2020. У выніку амэрыканскага авіяўдару на лётнішчы ў Багдадзе быў забіты генэрал Касэм Сулеймані, камандзір сілаў «Кудс», элітнага падразьдзяленьня Корпусу вартавых ісламскай рэвалюцыі ў Іране. У Пэнтагоне заявілі, што генэрал распрацоўваў пляны нападу на амэрыканскіх дыпляматаў і вайскоўцаў у Іраку. Акцыя была ўхваленая асабіста прэзыдэнтам ЗША Дональдам Трампам.

Афіцыйны Тэгеран заявіў, што адпомсьціць крыўдзіцелям, і заявіў пра 13 плянаў удараў, ад якіх Амэрыка наўрад ці калі акрыяе. Прэзыдэнт Ірану назваў атаку «тэрарыстычным актам» і паабяцаў, што Трамп дорага за яго заплаціць. Эсмаіл Гаані, наступнік Касэма Сулеймані, прыгразіў, што хутка ўвесь сьвет «пабачыць трупы амэрыканцаў па ўсім Блізкім Усходзе». Іран таксама заявіў пра фактычную размарозку ваеннай ядзернай праграмы.

7 студзеня 2020. Каля паўсотні чалавек загінулі ў цісканіне на пахаваньні Сулеймані ў ягоным родным горадзе Керман, яшчэ столькі ж параненыя.​

8 студзеня 2020. Празь некалькі гадзін пасьля пахаваньня іранскага генэрала Касэма Сулеймані, забітага ў выніку авіяўдару ЗША 3 студзеня, Іран зрабіў атаку ў адказ на амэрыканскія вайсковыя аб’екты ў Іраку. Тэгеран запусьціў больш за дзесяць балістычных ракет з тэрыторыі Ірану ў напрамку як мінімум двух ірацкіх вайсковых базаў, на якіх разьмяшчаюцца войскі ЗША. Ад атакі людзі не пацярпелі, Трамп пісаў, што «ўсё нармальна» — ідзе ацэнка шкоды.

8 студзеня 2020. У той жа дзень пры ўзьлёце ў міжнародным аэрапорце Тэгерану «Мехрабад» пацярпеў крушэньне «Боінг» украінскай авіякампаніі МАУ, 176 пасажыраў і чальцоў экіпажу загінулі. Афіцыйных заяваў пра магчымую сувязь катастрофы з канфліктам Ірану і ЗША пакуль няма.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG