Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Трамп: ЗША ўводзяць дадатковыя санкцыі супраць Ірану. ВІДЭА

абноўлена

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп падчас прамовы
Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп падчас прамовы

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп выступіў са зваротам да амэрыканцаў у сувязі з іранскімі атакамі на амэрыканскія вайсковыя базы ў Іраку.

Некаторыя пункты прамовы:

  • Пакуль я прэзыдэнт Злучаных Штатаў, Ірану ня будзе дазволена мець ядзерную зброю.
  • Ніводзін амэрыканец і ніводны жыхар Іраку не пацярпеў ад цяперашняга іранскага нападу. Вайсковыя базы пацярпелі мінімальна.
  • Сыстэма раньняга папярэджаньня спрацавала выдатна.
  • Іран ад 1979 году зьяўляецца адным з галоўных спонсараў тэрарызму. Іншыя краіны занадта доўга талеравалі іранскія паводзіны. Гэтага больш ня будзе.
  • Забіты ранейшым амэрыканскім ударам іранскі генэрал Сулеймані быў бязьлітасным тэрарыстам і асабіста адказным за раненьні і сьмерці многіх людзей, у тым ліку тысяч амэрыканскіх вайскоўцаў.
  • Сулеймані плянаваў новыя напады.
  • ЗША ўвадзяць дадатковыя эканамічныя санкцыі супраць Ірану. Яны застануцца ў сіле, пакуль Іран не памяняе сваіх паводзінаў.
  • Падпісаная папярэдняй амэрыканскай адміністрацыяй ядзерная ўгода з Іранам была «глупствам». Яна толькі ўзмацніла варожасьць з боку Ірану.
  • Іран павінен адмовіцца ад ядзерных плянаў і падтрымкі тэрарызму.
  • Вялікабрытанія, Нямеччына, Францыя, Расея і Кітай павінны выйсьці зь ядзернай угоды з Іранам.
  • Сёньня я заклікаю NATO да большага ўдзелу ў Блізкаўсходнім працэсе.
  • ЗША энэргетычна незалежныя і ня маюць патрэбы ў блізкаўсходняй нафце.
  • Узброеныя сілы ЗША мацнейшыя, чым калі, але гэта ня значыць, што іх трэба выкарыстоўваць. Амэрыканская эканамічная і вайсковая моц — найлепшая стрымка.
  • ЗША пасьпяхова змагаюцца супраць «Ісламскай дзяржавы». «Ісламская дзяржава» — вораг Ірану. Мы меліся б разам працаваць супраць яе.
  • Я зьвяртаюся да народу і кіраўніцтва Ірану: Мы гатовыя да міру з усімі, хто гэтага хоча.

База вайскова-паветраных сілаў аль-Асад і вайсковая база ў Эрбіле ў Іраку, на тэрыторыі якіх разьмяшчаюцца амэрыканскія вайскоўцы, былі атакаваныя 7 студзеня больш як 10 балістычнымі ракетамі з тэрыторыі Ірану.

Іран заявіў, што выпусьціў ракеты ў адказ на забойства Злучанымі Штатамі іранскага вайсковага камандзіра Касэма Сулеймані на мінулым тыдні.

Паводле Reuters, пра чалавечыя ахвяры атакі інфармацыі няма. Іранскія дзяржаўныя СМІ заяўлялі пра 80 забітых амэрыканскіх вайскоўцаў.

Іранскі ісламскі рэвалюцыйны гвардзейскі корпус узяў на сябе адказнасьць за атакі, паведамілі іранская дзяржаўная тэлевізія і дзяржаўныя інфармагенцтвы.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG