Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«У чаканьні вайны». Інтэрвію з тэгеранцам пра жыцьцё ва ўмовах абвастрэньня адносін з Амэрыкай


Улады Ірану настроеныя ваяўніча, а багатыя людзі рыхтуюцца ўцякаць у выпадку вайны ў суседнія краіны. Усяго ў гэтай блізкаўсходняй дзяржаве жыве больш за 80 мільёнаў чалавек.

Спадзяваньняў на мірнае вырашэньне мала

Свабода пагутарыла з жыхаром Тэгерану, 37-гадовым Салехам Саідзі — выпускніком Беларускай акадэміі мастацтваў. Ён вучыўся на факультэце выяўленчага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва і архітэктуры, пасьля магістратуры паступіў там жа ў асьпірантуру, але падчас апошняга сэмэстру ўзяў акадэмічны водпуск.

Салех Саідзі падчас вучобы ў Менску, 2012 год
Салех Саідзі падчас вучобы ў Менску, 2012 год

Ня так даўно Салех атрымаў сэртыфікат Гандлёва-прамысловай палаты Ірану і цяпер працуе ў Тэгеране — займаецца пастаўкамі расходных частак і фарбы для друкарскай тэхнікі.

Усе апошнія дні атмасфэра ў Тэгеране гранічна напружаная, усе рыхтуюцца да горшага сцэнару, кажа суразмоўца. Па яго словах, заявы вышэйшага духоўнага і палітычнага кіраўніцтва не пакідаюць спадзяваньняў на тое, што канфлікт з ЗША ўдасца вырашыць мірным шляхам.

«На гэтым тыдні ўсё складаецца драматычна, — працягвае ён. — Першы раз тата мяне пабудзіў, калі ў Багдадзе забілі генэрала Сулеймані (потым яшчэ была цісканіна зь вялікай колькасьцю ахвяраў падчас яго пахаваньня). Другі раз — гэта калі разьбіўся ўкраінскі самалёт, на вялікі жаль, загінула дачка нашых сяброў... Напружаньне зашкальвае. Уначы тэлефанавала з Канады старэйшая сястра, раіла зьяжджаць у Турэччыну ці яшчэ куды. Усё надзвычай складана, сытуацыя ненармальная. Размовы толькі пра вайну, людзі перажываюць, што будзе далей».

Графіці з выявамі іранскіх шахідаў
Графіці з выявамі іранскіх шахідаў

Жыцьцё пад амэрыканскімі санкцыямі

Паводле Салеха Саідзі, у Іране дамінуе ваяўнічая антыамэрыканская рыторыка — яна гучыць і з высокіх трыбунаў, і на мітынгах. Улады дэкляруюць, што саступаць у канфлікце не зьбіраюцца.

«Па маіх адчуваньнях, ні пра якія перамовы з Амэрыкай гаворка не ідзе, — працягвае суразмоўца. — Сёньня па тэлебачаньні прамаўляў Хасан Рухані, які заявіў, што амэрыканскія войскі павінны без усялякіх папярэдніх умоваў пакінуць Блізкі Ўсход, іначай хай потым не шкадуюць. Бо калі два дні таму адзін дэпутат парлямэнту проста заікнуўся, што праблемы трэба вырашаць за круглым сталом, тут жа каля ягонага офіса ў Тэбрызе быў арганізаваны шматтысячны мітынг — палітыку далі зразумець, што гэта здрадніцкая пазыцыя».

Абстаноўку ў 15-мільённай сталіцы Салех Саідзі ацэньвае як «трывожную» — тэгеранцы засяроджаныя на тым, што ў любую хвіліну можа здарыцца бяда. Пры гэтым уся асноўная інфраструктура функцыянуе, працуюць крамы, грамадзкі транспарт.

Салех Сэд на вуліцах Тэгерану
Салех Сэд на вуліцах Тэгерану

«Іранцы зь не такой ужо даўняй гісторыі ведаюць, што такое вайна, таму, натуральна, настрой кепскі, — канстатуе жыхар мэгаполісу. — Апошнім часам жыцьцё і так ня самае лёгкае. Праз санкцыі скараціўся экспарт нашай нафты, бюджэт не папаўняецца, курс рыяла скача, даходы абваліліся. Цяжка ўявіць, але быў нават дэфіцыт бэнзіну, дайшло да пратэстаў. Наогул стала дрэнна з працай, людзі ня могуць нікуды ўладкавацца. А што будзе пры цяперашняй эскаляцыі напружанасьці — зусім цяжка прадказаць».

Багатыя шукаюць бясьпечных месцаў за мяжой

Як удакладняе суразмоўца, многія ягоныя суайчыньнікі ўжо займелі «бясьпечныя пляцдармы» за межамі краіны, каб у выпадку чаго пасьпець вывезьці туды сем’і. Перадусім гэта Турэччына і некаторыя постсавецкія краіны.

«Як толькі Трамп пачаў вяртаць санкцыі, шмат якія больш-менш заможныя іранцы пачалі набываць нерухомасьць у Турэччыне, — расказвае Салех Саідзі. — Не абавязкова зьехалі і там засталіся, але прынамсі маюць кватэры ці дамы, каб, калі пачнецца вайна, тэрмінова адправіць туды свае сем’і. У Армэніі, Грузіі таксама нешта прыдбалі, але пераважна ўсё ж Турэччына. Мяркую, у каго ёсьць грошы, тыя людзі варыянт ад’езду трымаюць у галаве пастаянна. Бо бясьпека блізкіх — гэта галоўнае, што цяпер усіх хвалюе».

Пахаваньне генэрала Сулеймані
Пахаваньне генэрала Сулеймані

Іранец ня думае, што ў выпадку поўнамаштабных ваенных дзеяньняў будуць абстрэльвацца жылыя кварталы, аднак няма ніякай гарантыі, што сюды не даляціць які-небудзь «шалёны» снарад.

«Пакуль відавочна адно: калі бакі ў самы бліжэйшы час ня пойдуць на перамовы, хутчэй за ўсё, будзе вайна, — не выключае Салех Саідзі. — І нават калі ўдасца канфлікт „замарозіць“, то ці надоўга? Што потым — зноў сядзець і чакаць чарговай фазы абвастрэньня? Нам жа не гавораць, ці прадпрымаюцца якія-небудзь захады, каб не дапусьціць горшага. Толькі канстатацыя, што Амэрыка будзе разьбітая. Таму зразумела, што ўсе іранцы перажываюць наконт ня толькі агляднай будучыні, а нават за сёньня ці заўтра».

Хроніка абвастрэньня адносін ЗША і Ірану

29 сьнежня 2019. Злучаныя Штаты нанесьлі авіяўдары па базах шыіцкай групоўкі «Катаіб Хізбала» ў Іраку і Сырыі. Загінулі ня менш за 25 чалавек. Прадстаўнікі Дзярждэпартамэнту ЗША назвалі гэта «абарончымі ўдарамі» ў адказ на ракетную атаку па вайсковай базе блізу Кіркуку. Тады загінуў амэрыканскі кантрактнік. Удары нанесьлі якраз баевікі з «Катаіб Хізбала».

31 сьнежня 2019. Некалькі тысяч чалавек пратэставалі каля будынку амбасады ЗША ў Багдадзе з прычыны амэрыканскіх авіяўдараў па шыіцкім апалчэньні. Дэманстранты выкрыквалі лёзунг «Сьмерць Амэрыцы!» і палілі амэрыканскія сьцягі. Праламаўшы браму, некаторыя ўварваліся на тэрыторыю дыпмісіі. Пры разгоне пратэстоўцаў быў ужыты сьлезацечны газ.

3 студзеня 2020. У выніку амэрыканскага авіяўдару на лётнішчы ў Багдадзе быў забіты генэрал Касэм Сулеймані, камандзір сілаў «Кудс», элітнага падразьдзяленьня Корпусу вартавых ісламскай рэвалюцыі ў Іране. У Пэнтагоне заявілі, што генэрал распрацоўваў пляны нападу на амэрыканскіх дыпляматаў і вайскоўцаў у Іраку. Акцыя была ўхваленая асабіста прэзыдэнтам ЗША Дональдам Трампам.

Афіцыйны Тэгеран заявіў, што адпомсьціць крыўдзіцелям, і заявіў пра 13 плянаў удараў, ад якіх Амэрыка наўрад ці калі акрыяе. Прэзыдэнт Ірану назваў атаку «тэрарыстычным актам» і паабяцаў, што Трамп дорага за яго заплаціць. Эсмаіл Гаані, наступнік Касэма Сулеймані, прыгразіў, што хутка ўвесь сьвет «пабачыць трупы амэрыканцаў па ўсім Блізкім Усходзе». Іран таксама заявіў пра фактычную размарозку ваеннай ядзернай праграмы.

7 студзеня 2020. Каля паўсотні чалавек загінулі ў цісканіне на пахаваньні Сулеймані ў ягоным родным горадзе Керман, яшчэ столькі ж параненыя.​

8 студзеня 2020. Празь некалькі гадзін пасьля пахаваньня іранскага генэрала Касэма Сулеймані, забітага ў выніку авіяўдару ЗША 3 студзеня, Іран зрабіў атаку ў адказ на амэрыканскія вайсковыя аб’екты ў Іраку. Тэгеран запусьціў больш за дзесяць балістычных ракет з тэрыторыі Ірану ў напрамку як мінімум двух ірацкіх вайсковых базаў, на якіх разьмяшчаюцца войскі ЗША. Ад атакі людзі не пацярпелі, Трамп пісаў, што «ўсё нармальна» — ідзе ацэнка шкоды.

8 студзеня 2020. У той жа дзень пры ўзьлёце ў міжнародным аэрапорце Тэгерану «Мехрабад» пацярпеў крушэньне «Боінг» украінскай авіякампаніі МАУ, 176 пасажыраў і чальцоў экіпажу загінулі. Афіцыйных заяваў пра магчымую сувязь катастрофы з канфліктам Ірану і ЗША пакуль няма.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG