Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На пахаваньні іранскага генэрала загінулі дзясяткі людзей

абноўлена

Пахаваньне генэрала Сулеймані ў іранскім горадзе Керман, 7 студзеня 2020

Прынамсі 35 чалавек чалавек загінулі ў цісканіне на пахаваньні іранскага генэрала Касэма Сулеймані ў ягоным родным горадзе Керман. Яшчэ 48 чалавек атрымалі пашкоджаньні, паведамляе агенцтва Associated Press са спасылкай на іранскае дзяржаўнае тэлебачаньне.

Пазьней іранскае агенцтва навінаў Fars паведаміла пра больш за 40 загінулых і больш за 200 параненых.

Пахаваньне Сулеймані адклалі на пазьнейшы тэрмін. У жалобнай цырымоніі бралі ўдзел тысячы мясцовых жыхароў. Сёньняшні дзень у горадзе быў абвешчаны выходным.

Напярэдадні жалобная цырымонія адбылася ў Тэгеране. Яе наведалі сотні тысяч чалавек. Малітву над целам генэрала прачытаў асабіста вярхоўны лідэр Ірана Алі Хамэнэі. Пасьля малітвы натоўп пачаў скандаваць «Сьмерць Амэрыцы».

Сулеймані,​ які камандаваў спэцназам у складзе Корпуса вартавых ісламскай рэвалюцыі, быў забіты ўдарам з дрона ў раёне багдадзкага аэрапорту 3 студзеня. Удар быў нанесены па распараджэньні прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа. У Пэнтагоне заявілі, што генэрал распрацоўваў пляны нападу на амэрыканскіх дыпляматаў і вайскоўцаў у Іраку.

Прэзыдэнт Ірану назваў атаку «тэрарыстычным актам» і паабяцаў, што «Амэрыка дорага за яго заплаціць». Іран таксама заявіў пра фактычную размарозку ваеннай ядзернай праграмы.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG