«Хлусы!», «Далоў дыктатара!» — у Іране студэнты выйшлі на акцыі пратэсту

Увечары 11 студзеня сотні людзей выйшлі ў Тэгеране на акцыю пратэсту ля ўнівэрсытэту імя Аміра Кабіра, а таксама перад будынкам Тэгеранскага ўнівэрсытэту, перадае іранская служба Свабоды.

У асноўным гэта былі студэнты абедзьвюх ВНУ, яны патрабавалі пакараць вінаватых у крушэньні самалёту «Міжнародных авіяліній Украіны», у якім загінулі 176 чалавек. Раніцай таго ж дня ўлады Ірана прызналі, што ён быў зьбіты ракетай, выпушчанай ваеннымі Корпусу вартавых Ісламскай рэвалюцыі.

Паводле афіцыйнай вэрсіі прадстаўнікоў корпусу, ваенныя нібыта прынялі самалёт за крылатую ракету, таму што ён падляцеў занадта блізка да іх базы.

Як перадаюць відавочцы зь месца, пратэстоўцы скандуюць: «Хлусы, хлусы!», «Ганьба Вартавым Ісламскай рэвалюцыі, пакіньце нашу краіну ў спакоі» і «Далоў дыктатара!»

Пратэстоўцаў атачылі прадстаўнікі сілавых структураў на матацыклах, некаторыя блогеры паведамляюць у соцсетях, што адбыліся сутыкненьні з паліцыяй, а сілавікі ўжылі для разгону натоўпу сьветлашумавыя гранаты.

Агенцтва Irna паведамляе, што пратэстоўцы нясуць сьвечкі і кветкі ў памяць аб загінулых пасажырах самалёта. Аб сутычках з паліцыяй журналісты не паведамляюць.

Яшчэ на гэтую тэму

​
XS
SM
MD
LG