Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пуцін прыляцеў з Сырыі ў Турэччыну — на запуск газаправоду


Уладзімір Пуцін у стамбульскім аэрапорце, 8 студзеня
Уладзімір Пуцін у стамбульскім аэрапорце, 8 студзеня

Пасьля візыту ў Сырыю Ўладзімір Пуцін вечарам 7 студзеня прыбыў у Турэччыну, паведамляе прэс-служба Крамлю.

Цягам 8 студзеня кіраўнік Расеі возьме ўдзел у цырымоніі адкрыцьця газаправоду «Турэцкі паток», а таксама сустрэнецца з прэзыдэнтам Турэччыны Рэджэпам Таіпам Эрдаганам. Чакаецца, што Пуцін і Эрдаган сярод іншага абмяркуюць «міжнародныя праблемы», у тым ліку сытуацыю ў Сырыі і Лібіі.

Месяц таму Кангрэс ЗША заклаў у абаронны бюджэт санкцыі супраць расейскіх газаправодаў «Паўночны паток-2» і «Турэцкі паток». Згодна з дакумэнтам, гэта «абароніць эўрапейскую энэргетычную бясьпеку». Санкцыі прадугледжваюць адмову ў амэрыканскіх візах і замарожваньне амэрыканскіх актываў грамадзян і кампаніяў, якія маюць дачыненьне да праектаў. Эўракамісія раскрытыкавала гэтыя санкцыі ЗША, у Расеі на іх «рыхтуюць адказ».

Газаправод «Турэцкі паток» прадугледжвае будаўніцтва дзьвюх ліній газаправоду магутнасьцю па 15,75 мільярда кубамэтраў кожная — з Краснадарскага краю Расеі па дне Чорнага мора ў эўрапейскую частку Турэччыны. Адна зь іх прызначаная для паставак газу турэцкім спажыўцам, другая — для газазабесьпячэньня краін Паўднёвай і Паўднёва-Ўсходняй Эўропы.

«Паўночны паток-2» прадугледжвае пракладку дзьвюх ліній газаправоду ад узьбярэжжа Расеі праз Балтыйскае мора да Нямеччыны. У Маскве заяўляюць, што гэты праект камэрцыйны і канкурэнтны, аднак краіны Захаду лічаць яго палітычным. Супраць выступае Ўкраіна, якая баіцца страціць даходы ад транзыту расейскага газу.

Днём раней Пуцін наведваў Дамаск, дзе сустрэўся з прэзыдэнтам Сырыі Башарам Асадам, аглядзеў Вялікую мячэць Дамаска і наведаў праваслаўную царкву Сьвятой Дзевы Марыі. У перамовах з Асадам Пуцін адзначыў, што бачыць на вуліцах Дамаску «прыкметы аднаўленьня мірнага жыцьця».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG