Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Грэцыя, Кіпр і Ізраіль дамовіліся будаваць газаправод EastMed, які аслабіць залежнасьць ад Расеі


Прэзыдэнт Кіпру Нікас Анастасіядыс (зьлева), прэмʼер-міністры Грэцыі Кірыякас Міцатакіс (у цэнтры) і Ізраілю Біньямін Нэтаньягу перад падпісаньнем пагадненьня, 2 студзеня 2020 году

Грэцыя, Кіпр і Ізраіль падпісалі пагадненьне аб будаўніцтве 1900-кілямэтровага падводнага трубаправоду для транспартаваньня прыроднага газу з усходняга Міжземнамор’я ў Эўропу, які паменшыць залежнасьць ад Расеі.

Прэмʼер-міністры Грэцыі Кірыякас Міцатакіс і Ізраілю Біньямін Нэтаньягу і прэзыдэнт Кіпру Нікас Анастасіядэс на цырымоніі 2 студзеня ў Атэнах падпісалі пагадненьне аб пачатку будаўніцтва Ўсходнеміжземнаморскага газаправоду (EastMed). 1900-калямэтровае збудаваньне стане найдаўжэйшым падводным газаправодам у сьвеце. Будаўніцтва плянуюць завяршыць да 2025 году.

Чакаецца, што першапачаткова газаправод штогод будзе транспартаваць 10 мільярдаў кубамэтраў газу з ізраільскіх і кіпрскіх падводных радовішчаў на грэцкі востраў Крыт. Потым ён пяройдзе да мацерыковай часткі Грэцыі і ў газавую сетку Эўропы праз Італію.

Турэччына выступіла супраць трубаправоду EastMed, заявіўшы, што не дапусьціць падобных праектаў безь яе ўдзелу або ўхваленьня ва ўсходнім Міжземнаморʼі. ЗША і Эўразьвяз падтрымліваюць праект.

  • Расея рыхтуецца ў 2020 годзе пачаць запампоўваць газ у Эўропу праз два новыя газаправоды: «Турэцкі паток» і «Паўночны паток –​ 2».
  • Трубаправод EastMed патэнцыйна можа канкураваць за балканскія газавыя рынкі з трубаправодам «Турэцкі паток», які прэзыдэнты Расеі і Турэччыны плянуюць запусьціць 8 студзеня. «Турэцкі паток» будзе пастаўляць у Турэччыну максымум 31,5 мільярда кубамэтраў расейскага газу ў год і частку газу экспартаваць у Эўропу праз Грэцыю.
  • Расея разьлічвае запусьціць «Паўночны паток –​ 2» у Нямеччыну праз Балтыйскае мора да канца 2020 году.
  • Вашынгтон падкрэсьлівае неабходнасьць таго, каб Эўропа стала менш залежнай ад Расеі ў пастаўках прыроднага газу. Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп ​20 сьнежня падпісаў законапраект, які прадугледжвае санкцыі супраць кампаніяў, што ўдзельнічаюць у будаўніцтве газаправоду «Паўночны паток –​ 2». Таксама Палата прадстаўнікоў ЗША ўхваліла законапраект, які прадугледжвае 1 мільярд даляраў на падтрымку энэргетычных праектаў ва Ўсходняй Эўропе і Эўразіі, каб паменшыць залежнасьць рэгіёну ад расейскіх нафты і газу.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG