Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кангрэс ЗША заклаў у абаронны бюджэт санкцыі супраць расейскіх газаправодаў


Ілюстрацыйнае фота

Таксама ў бюджэце на 2020 год прадугледжаныя выдзяленьне вайсковай дапамогі Ўкраіне і забарона на продаж Турэччыне зьнішчальнікаў F-35.

Камітэты ўзброеных справаў Палаты прадстаўнікоў і Сэнату ЗША ўзгаднілі абаронны бюджэт на 2020 фінансавы год. Зацьверджана сума ў памеры 738 мільярдаў даляраў. Зь іх 71,5 мільярда даляраў прадугледжана на фінансаваньне апэрацый за мяжой.

У абаронным бюджэце на 2020 год, сярод іншага, прадугледжана ўвядзеньне санкцыяў супраць газаправодаў «Паўночны паток-2» і «Турэцкі паток». Згодна з дакумэнтам, гэта «абароніць эўрапейскую энэргетычную бясьпеку».

Бюджэт таксама прадугледжвае выдзяленьне Ўкраіне вайсковай дапамогі ў памеры 300 мільёнаў даляраў ЗША.

Акрамя таго, вызначаецца забарона на продаж Турэччыне зьнішчальнікаў F-35 у сувязі з набыцьцём Анкарой расейскіх зэнітных комплексаў С-400.

Таксама, згодна з дакумэнтам, Пэнтагон павінен даваць справаздачу аб захадах стрымліваньня Расеі і Кітаю.

Для набыцьця сілы дакумэнт павінен падпісаць прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп.

Газаправод «Турэцкі паток» прадугледжвае будаўніцтва дзьвюх ліній газаправоду магутнасьцю па 15,75 мільярда кубамэтраў кожная — з Краснадарскага краю Расеі па дне Чорнага мора ў эўрапейскую частку Турэччыны. Адна зь іх прызначаная для паставак газу турэцкім спажыўцам, другая — для газазабесьпячэньня краін Паўднёвай і Паўднёва-Ўсходняй Эўропы.

«Паўночны паток-2» прадугледжвае пракладку дзьвюх ліній газаправоду ад узьбярэжжа Расеі праз Балтыйскае мора да Нямеччыны. У Маскве заяўляюць, што гэты праект камэрцыйны і канкурэнтны, аднак краіны Захаду лічаць яго палітычным. Супраць выступае Ўкраіна, якая баіцца страціць даходы ад транзыту расейскага газу.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG