Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выведка ЗША: Расея і Кітай уяўляюць галоўную пагрозу


Дырэктар ФБР Крыстафэр Рэй, кіраўнік ЦРУ Джына Хаспэл і дырэктар Нацыянальнай выведкі Дэніэл Коўтс на слуханьнях у Сэнаце (на здымку зьлева направа)

Імкненьне Расеі і Кітаю да дасягненьня тэхналягічных і вайсковых пераваг перад Злучанымі Штатамі і іх саюзьнікамі будзе уяўляць самую прыкметную пагрозу ЗША ў гэтым годзе, гаворыцца ў штогадовым аналітычным дакладзе «Ацэнка міжнароднай пагрозы».

Даклад быў прадстаўлены 29 тсудзеня ў Сэнаце ЗША дырэктарам амэрыканскай Нацыянальнай выведкі Дэніэлам Коўтсам.

«Кітай і Расея больш зьяднаныя, чым калі-небудзь, пачынаючы зь сярэдзіны 1950-х гадоў, і іх адносіны, верагодна, умацуюцца ў надыходзячым годзе, паколькі некаторыя іх інтарэсы і ўяўленьні пра пагрозы сыходзяцца, асабліва адносна таго, што яны бачаць як амэрыканскі індывідуалізм і падтрымку Захадам дэмакратычных каштоўнасьцяў і правоў чалавека», — гаворыцца ў справаздачы.

Згодна зь меркаваньнямі амэрыканскіх выведаналітыкаў, прэзыдэнцкія выбары 2020 году стануць прывабнай мэтай для ўмяшаньня для многіх амэрыканскіх праціўнікаў. Намаганьні Расеі ў сацыяльных сетках, заявіў на слуханьнях Дэніэл Коўтс, «будуць па-ранейшаму сканцэнтраваныя на абвастрэньні сацыяльнай і расавай напружанасьці, падрыве даверу да ўладаў і крытыцы палітыкаў, якія імі ўспрымаюцца як антырасейскія».

Найбольшую трывогу амэрыканскай выведкі выклікаюць дзеяньні Расеі і Кітаю ў кібэрпрасторы. Хоць магчымасьці Расеі ажыцьцяўляць кампаніі ўплыву і кібэршпіянажу аналягічныя тым, якая былі ў Масквы ў 2016 годзе падчас прэзыдэнцкіх выбараў у ЗША, амэрыканская выведка лічыць, што Масква робіць наступны крок і распрацоўвае кібэратакі, якія могуць дазволіць нанесьці шкоду цывільнаму насельніцтву і вайсковай інфраструктуры ЗША.

Кіраўнік амэрыканскай выведкі заявіў аб тым, што ў Расеі ўжо цяпер ёсьць тэхнічныя магчымасьці адключыць амэрыканскую сыстэму энэргазабесьпячэньня на некалькі гадзін і яна вывучае крытычную для функцыянаваньня ЗША інфраструктуру з тым, каб мець магчымасьць нанесьці па ёй адчувальны ўдар.

Кітай патэнцыйна ўяўляе большую небясьпеку, чым Расея, дзякуючы яго больш значнаму эканамічнаму патэнцыялу. Пэкін асабліва актыўна займаецца эканамічным і тэхналягічным шпіянажам з тым, каб дасягнуць мэтаў у галіне абароны і эканомікі, недасяжных іншымі сродкамі. Пэкін таксама валодае магчымасьцю праводзіць «лякалізаваныя» атакі на амэрыканскую інфраструктуру.

Сярод галоўных пагрозаў нацыянальнай бясьпецы ЗША таксама згаданыя распаўсюджваньне і выкарыстаньне зброі масавага паражэньня і тэрарызм.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Вам можа яшчэ спадабацца

XS
SM
MD
LG