Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Камітэт Сэнату ЗША прагаласаваў за санкцыі супраць «Паўночнага патоку - 2»


Камітэт Сэнату ЗША па міжнародных справах ухваліў законапраект аб санкцыях супраць праекту «Паўночны паток - 2». Пра гэта паведамляе Reuters. На сайце камітэту дакумэнт пакуль не апублікаваны.

Абмежаваньні закрануць прыватных асоб і кампаніі, якія ўдзельнічаюць у будаўніцтве трубаправоду па дне Балтыйскага мора з Расеі ў Нямеччыну. Цяпер дакумэнт маюць разгледзець у Сэнаце і Палаце прадстаўнікоў. Затым законапраект накіруюць на подпіс прэзыдэнту ЗША Дональду Трампу.

Пра тое, што Вашынгтон можа ўвесьці санкцыі супраць «Паўночнага патоку - 2», прэзыдэнт ЗША заявіў падчас свайго візыту ў Польшчу ў сярэдзіне чэрвеня. Тады ён раскрытыкаваў Нямеччыну за супрацоўніцтва з Расеяй у рамках будаўніцтва газаправоду. Трамп удакладніў, што альтэрнатывай для Бэрліну можа стаць звадкаваны прыродны газ са Злучаных Штатаў.

Супраць будаўніцтва газаправоду па дне Балтыйскага мора з Расеі ў Нямеччыну выступаюць ўсходнеэўрапейскія краіны. У Брусэлі лічаць, што «Паўночны паток - 2» узмацняе залежнасьць Эўразьвязу ад паставак расейскага газу, пагражае яго ўнутранаму рынку і парушае палажэньні энэргетычнай палітыкі ЭЗ.

Газаправод «Паўночны паток - 2» мае быць запушчаны ў 2020 годзе. З дапамогай новага праекту Расея спрабуе зьнізіць залежнасьць свайго экспарту энэрганосьбітаў ад транзыту праз Украіну. Згодна з дасягнутым з краінамі Эўразьвязу кампрамісам, усе рашэньні ў сувязі з эксплюатацыяй газаправоду будзе прымаць Нямеччына, якая выступае ў падтрымку яго будаўніцтва.

Масква сьцьвярджае, што «Паўночны паток - 2» носіць выключна эканамічны характар.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Вам можа яшчэ спадабацца

XS
SM
MD
LG