Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь задумала зрабіць пункт кантролю за якасьцю расейскай нафты


ААТ «Гомельтранснафта Дружба» цягам 2020 году пабудуе ўласную сыстэму вымярэньня паказьнікаў якасьці нафты на ўчастку нафтаправоду «Унеча-Мазыр», паведаміў карпаратыўнаму выданьню «Нафтавая магістраль» першы намесьнік генэральнага дырэктара прадпрыемства Андрэй Вярыга.

«Канцэрн „Белнафтахім“ падтрымаў нашую прапанову аб будаўніцтве на беларускім участку магістральнага нафтаправоду „Дружба“ сыстэмы вымярэньня колькасьці і паказьнкіаў якасьці нафты. На працягу наступнага году будзе рэалізаваны першы этап праекту устаноўкі сыстэмы дзеля прыёму нафты з Расеі, гэта 106-ы км трасы нафтаправоду „Унеча-Мазыр“», — адзначыў Андрэй Вярыга.

Раней намесьнік старшыні «Белнафтахіму» Уладзімер Сізоў гэтаксама казаў пра такую ініцыятыву. Па яго словах, адпаведнае рашэньне будзе прымаць непасрэдна канцэрн, для гэтага не патрабуецца рашэньне ўраду.

Пасьля скандалу з пастаўкамі «бруднай нафты» сёлета ў красавіку Беларусь прыняла рашэньне аб стварэньні ўласнай сыстэмы ацэнкі якасьці расейскай сыравіны. Ад 1 жніўня кантроль ажыцьцяўляецца на бліжэйшай да мяжы з Расеяй нафтаперапамповачнай станцыі «Гомель» на нафтаправодзе «Дружба».

Андрэй Вярыга падкрэсьліў, што стварэньне ўласнай станцыі дасьць дадатковую гарантыю бясьпекі, кантролю колькасьці і якасьці імпартаванай нафты.

Беларуска-расейскі «нафтавы канфлікт». Асноўнае

  • 11 красавіка 2019 году Аляксандар Лукашэнка прыгразіў закрыць на рамонт нафтаправод, па якім расейская нафта ідзе ў Эўропу. Гэтак ён адрэагаваў на абмежаваньні, якія Расея ўвяла на імпарт прадуктаў харчаваньня зь Беларусі.
  • Гаворка ідзе пра паўднёвую галіну нафтаправоду «Дружба», апэратар якой — ААТ «Гомельтранснафта Дружба». Па ёй ідзе транзыт расейскай нафты ў Польшчу, Украіну, Вугоршчыну, Нямеччыну.
  • 21 красавіка Беларусь прыняла рашэньне часова абмежаваць экспарт нафтапрадуктаў, бо беларускія НПЗ атрымалі партыю няякаснай расейскай нафты: узровень хлярыдаў вырас у 20 і больш разоў, сьцьвярджае афіцыйны Менск. ​На Мазырскім НПЗ заявлі, што няякасная нафта пашкодзіла дарагое абсталяваньне.
  • Расейскі бок прызнаў факт пастаўкі няякаснай нафты.
  • Беларускі бок заяўляе, што страты ад спыненьня паставак могуць скласьці некалькі сотняў мільёнаў даляраў.
  • 23 красавіка намесьнік гендырэктара Беларускай нафтавай кампаніі (БНК) Сяргей Грыб паведаміў, што празь няякасную расейскую нафту Беларусь вымушана прыпыніла экспарт сьветлых нафтапрадуктаў (бэнзін і дызпаліва) ва Ўкраіну, Польшчу і краіны Балтыі.
  • Таксама Грыб заявіў, што Беларусь гатовая да канца году пачаць альтэрнатыўныя расейскай пастаўкі нафты: адзін з варыянтаў — праз марскія парты краінаў Балтыі, другі — праз Адэсу і нафтправод Адэса—Броды на Мазырскі НПЗ.
  • Пытаньні да якасьці расейскай нафты паўсталі на фоне спрэчак Беларусі і Расеі, калі Масква адхіліла прапанову Менску павялічыць тарыф на транзыт нафты адразу на 23,1% у сувязі з захадамі экалягічнай бясьпекі.
  • 26 красавіка расейцы завялі крымінальную справу аб забруджваньні нафты. Меркавана, хлёрарганіку ўкінулі праз прыватны трубаправод у Самарскай вобласьці.

    27 красавіка прэмʼер-міністар Расеі Дзьмітры Мядзьведзеў загадаў цягам 7 дзён пакараць адказных за забруджаньне нафты ў трубапровадзе «Дружба».

  • 20 стузеня 2020 году Беларусь дамовілася з расейскім бокам пра падыходы і мэтодыку кампэнсацыі за забруджаную нафту

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG