Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У брытанскім парлямэнце ухвалілі новую рэдакцыю пагадненьня пра Брэксыт


Прэм'ер-міністар Брытаніі Борыс Джонсан
Прэм'ер-міністар Брытаніі Борыс Джонсан

Палата абшчын брытанскага парлямэнту ў пятніцу прыняла ў другім чытаньні законапраект аб выхадзе Брытаніі з Эўразьвязу. Ён заснаваны на пагадненьні, заключаным раней прэм’ерам Барысам Джонсанам з ЭЗ.

Законапраект крыху адрозьніваецца ад ранейшай вэрсіі, якую Джонсан спрабаваў правесьці праз парлямэнт у кастрычніку. Тады ён быў заблякаваны шляхам працэдурных галасаваньняў, пасьля чаго былі абвешчаныя датэрміновыя выбары ў парлямэнт. Па выніках выбараў 12 сьнежня кансэрватары на чале з Джонсанам атрымалі перамогу.

За новую вэрсію дакумэнту прагаласавалі 358 дэпутатаў, супраць — 234. Прадстаўнікі апазыцыі прызнавалі, што ня здолеюць заблякаваць законапраект, і засяродзіліся на крытыцы яго спрэчных пунктаў. У прыватнасьці, новая вэрсія прадугледжвае, што пераходны пэрыяд у адносінах з ЭЗ, які завяршаецца 31 сьнежня 2020 года, ня будзе працягнуты, а таксама што заключэньне гандлёвага пагадненьня з ЭЗ пасьля Брэксыту можа абысьціся бяз згоды парлямэнту.

Законапраект прадугледжвае выхад з Эўразьвязу да 31 студзеня 2020 году, пасьля чаго пачнуцца перамовы аб новым гандлёвым пагадненьні. Апазыцыя асьцерагаецца, што бакі не пасьпеюць іх завяршыць да канца будучага году, аднак Джонсан упэўнены ў адваротным.

Законапраекту аб Брэксыце яшчэ трэба будзе трэцяе чытаньне, а потым згода Палаты лордаў. Расклад сілаў у парлямэнце такі, што дакумэнт, як чакаецца, будзе прыняты, і Брытанія выйдзе з ЭЗ да 31 студзеня.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG