Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Асуджаных за наркотыкі ў Беларусі могуць пачаць выпускаць «на парукі»


Суд за наркотыкі ў Гомлі, ілюстрацыйнае фота

Намесьнік старшыні Адміністрацыі прэзыдэнта Валер Мацкевіч 27 лістапада расказаў БелТА пра распрацоўку комплексу захадаў па процідзеяньні нарказлачыннасьці. На наступны дзень блізкі да прэс-службы Аляксандра Лукашэнкі ананімны Telegram-канал «Пул первого» паведаміў, што Лукашэнка падпісаў пратакол даручэньняў па тым комплексе.

Як сьцьвярджае «Пул первого», Лукашэнка падпісаў даручэньне «абнавіць увесь комплекс захадаў» дзеля процідзеяньня наркатрафіку, апісаць канкрэтны мэханізм ацэнкі працы праваахоўнікаў «не за колькасьць, а за якасьць» і зьмяніць падыходы да памілаваньня асуджаных па «наркатычным» артыкуле 328 КК РБ. Паводле каналу, «гэта вельмі падобна да таго, пра што прасілі „Маці-328“».

Мацкевіч жа адзначаў, што новы комплекс антынаркатычных захадаў толькі распрацоўваецца, а Лукашэнка даручаў распрацаваць новыя падыходы да 1 студзеня 2020 году. Ранейшая жорсткая антынаркатычная палітыка «дала вынікі», сьцьвярджаў Мацкевіч: «Наркапагроза была прыпыненая, але нікуды не падзелася».

Паводле Мацкевіча, зьмены задуманыя такія:

  • у ацэнцы працы праваахоўнікаў выкарыстоўваць «больш сур’ёзныя і аб’ектыўныя крытэры — замест колькасьці асуджаных і аб’ёмаў канфіскаванага сачыць за колькасьцю сьмерцяў ад перадазаваньня і колькасьцю непаўналетніх наркаманаў;
  • у самой працы праваахоўнікаў арыентавацца не на максымальную колькасьць затрыманьняў дробных гандляроў, а на выяўленьне лябараторый і буйных каналаў паставак наркотыкаў;
  • выпускаць з турмаў праз умоўна-датэрміновае вызваленьне тых асуджаных за наркотыкі, хто «стане на шлях выпраўленьня, возьме на сябе абавязак працаўладкавацца ці паступіць на вучобу» (Лукашэнка, як сьцьвярджаецца, даручыў «паглядзець, хто знаходзіцца ў месцах пазбаўленьня волі» цяпер і ці яны «зразумелі, што памыліліся»);
  • у індывідуальным парадку памілаваць тых, хто «выпадкова спатыкнуўся», калі «родзічы возьмуць на сябе адказнасьць за гэтых людзей» (але калі памілаваныя вернуцца да злачынстваў, то «адказнасьць будзе вельмі суровая»).

Афіцыйныя дакумэнты, якія пацьвярджалі б зьмену падыходаў, не публікаваліся. Яшчэ нядаўна, 29 кастрычніка, Лукашэнка вінаваціў маці асуджаных за наркотыкі ў тым, што гэта яны «не займаліся сваёй справай своечасова».

У жніўні, «разносячы» сілавікоў, Лукашэнка адзначаў, што праваахоўнікі фальсыфікуюць «наркатычныя» справы.

Пакараньне за наркатычныя злачынствы ў Беларусі. Што важна ведаць

  • У красавіку-траўні 2018 года актывісткі «Маці 328» правялі 15-дзённую галадоўку ў Калінкавічах на Гомельшчыне і ў Пухавіцкім раёне на Меншчыне, а таксама 10-дзённую галадоўку ў Лідзе.
  • Удзельнікі галадоўкі патрабавалі перагляду жорсткіх прысудаў, якія выносіліся ад 2013 году паводле 328 артыкула (ад 5 да 25 гадоў пазбаўленьня волі), а таксама зьменаў у заканадаўства.
  • «Маці 328» лічаць, што ў некаторых выпадках тэрміны зьняволеньня несувымерныя злачынству, а закон недастаткова ўлічвае асобы злачынцаў, іх узрост ды іншыя акалічнасьці.
  • 13 чэрвеня 2019 года Палата Прадстаўнікоў у другім чытаньні прыняла папраўкі ў артыкул 328. Мінімальны тэрмін пазбаўленьня волі за незаконнае абарачэньне наркотыкаў зьменшылі на 2 гады. У ліпені Лукашэнка падпісаў закон аб зьмене КК.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG