Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка: маці асуджаных за наркотыкі не займаліся сваёй справай сваечасова


Плякат «Маці-328» падчас галадоўкі, чэрвень 2019 году
Плякат «Маці-328» падчас галадоўкі, чэрвень 2019 году

Аляксандар Лукашэнка правёў 29 кастрычніка нараду ў пытаньнях процідзеяньня распаўсюду наркотыкаў, якую анансавала кіраўніца ягонай адміністрацыі на сустрэчы з прадстаўніцамі руху «Маці-328». Лукашэнка на нарадзе раскрытыкаваў рух «Маці-328», але адзначыў, што трэба ўважліва вывучыць іхныя прапановы.

На думку Аляксандра Лукашэнкі, прынятыя ў 2014 годзе антынаркатычныя захады «пераламілі сытуацыю» і «паставілі заслону на шляху распаўсюду» сынтэтычных наркотыкаў — так званых спайсаў.

Ён сьцьвярджае, што ўдалося «стабілізаваць абстаноўку»: колькасьць «нарказлачынстваў» з таго часу скарацілася ў паўтара раза (з удзелам непаўналетніх — у пяць разоў), а колькасьць сьмерцяў ад перадазаваньня наркотыкаў у 14 разоў ніжэйшая за Літву і ў 72 разы — за ЗША. (Праўда, статыстыка кажа, што сёлета падлеткаў сталі ўдвая часьцей лавіць на наркотыках).

Але «нагодаў для самазаспакаеньня няма», дадаў ён, бо тэма барацьбы з наркотыкамі новая, заявіў Лукашэнка: гэта «нязьведаная цалінá». У 2014 годзе вырашылі, што прыблізна празь пяць гадоў трэба прааналізаваць практыкі — і да 1 студзеня 2020 году «мусяць быць расстаўленыя кропкі над „і“».

Пра «Маці-328»

Беларускі шлях барацьбы з наркотыкамі актыўна крытыкавалі маці асуджаных — супольнасьць «Маці-328». Яны нават праводзілі вулічныя акцыі і галадоўкі. «Маці-328» лічаць, што пакараньні занадта жорсткія, што спажыўцоў (а не распаўсюднікаў) дарэмна кідаюць за краты на доўгія гады, а закон ня ўлічвае ўсіх акалічнасьцяў спраў.

Лукашэнка спачатку рабіў выгляд, што ня памятае пра рух: казаў, што за зьмякчэньне заканадаўства выступала «так званая ці то партыя, ці то грамадзкая арганізацыя». Але неўзабаве «прыгадаў» назву.

«Асабліва абмяркоўваюць і галосяць так званыя „Маці 328“, — сказаў Лукашэнка. — Мы, вядома, іх разумеем: гэта бяда ў сямʼі. Ім трэба параіць своечасова займацца сваімі дзецьмі. А потым галасіць, стагнаць і выстаўляць прэтэнзіі ўладзе.

Маці правільна завастраюць увагу на неабходнасьці больш эфэктыўнай працы з моладзьдзю па прафіляктыцы нарказлачыннасьці і наркаманіі. Прапануюць нам больш актыўна весьці прафіляктыку, толькі забыліся, што ім самім трэба было гэтай справай займацца ў сямʼі».

Лукашэнка дадаў, што варта пільна вывучыць прапановы «Маці-328», бо «яны пацярпелыя» і «напэўна, адчуваюць гэтую праблему вастрэй за іншых».

А людзей, якія выйшлі на волю пасьля тэрмінаў за нарказлачынствы, трэба забясьпечваць падтрымкай і працай, бо «яны нашыя грамадзяне, і ім трэба дапамагчы вярнуцца да нармальнага жыцьця», «не дапусьціць вяртаньня зноў у злачыннае асяродзьдзе».

Лукашэнка адзначыў: у людзей «ня мусіць быць сумневаў у справядлівасьці і абгрунтаванасьці судовых рашэньняў». Яшчэ ў жніўні ён жа заяўляў, што сьледчыя, апэратыўнікі і судовыя экспэрты фальсыфікавалі наркатычныя справы.

Як Лукашэнка бачыць барацьбу з наркотыкамі, сьцісла

У верасьні Лукашэнка казаў пра барацьбу з наркотыкамі, што «мы пераканаліся, што мы жарсткавата гэта зрабілі» і «дзесьці мы, напэўна, перагнулі». На нарадзе 29 кастрычніка ён апісаў шляхі барацьбы з наркотыкамі.

  • Не «аслабляць ціск на суб’екты наркатрафіку» на межах Беларусі (Прытым на беларуска-расейскай мяжы кантроль выбарачны).
  • Сачыць за тым, як моладзь уцягваюць у распаўсюд наркотыкаў праз «сумнеўныя сайты, мэсэнджэры» (раней ён згадваў і даркнэт, а блякаваць звычайныя сайты за распаўсюд наркотыкаў дазваляе яшчэ дэкрэт 2014 году).
  • Аптовых пастаўнікоў і арганізаваныя групы, што знаходзяцца за мяжой, лавіць празь міжнародныя каналы і «іншыя вядомыя ў працы спэцслужбаў мэтады».
  • «Самы эфэктыўны барʼер на шляху распаўсюду наркотыкаў — гэта іх татальнае непрыманьне грамадзтвам. Ня будзе попыту — ня будзе і прапановаў».
  • Прафіляктыку спажываньня наркотыкаў трэба праводзіць «па лініі ўстановаў адукацыі, аховы здароўя і перадусім у сям’і», таксама трэба ўдасканальваць антынаркатычную прапаганду «з улікам інтарэсаў моладзі», «падключаць сацыяльныя сеткі і іншыя віды папулярных у моладзі інтэрнэт-рэсурсаў».

Пакараньне за наркатычныя злачынствы ў Беларусі. Што важна ведаць

  • У красавіку-траўні 2018 года актывісткі «Маці 328» правялі 15-дзённую галадоўку ў Калінкавічах на Гомельшчыне і ў Пухавіцкім раёне на Меншчыне, а таксама 10-дзённую галадоўку ў Лідзе.
  • Удзельнікі галадоўкі патрабавалі перагляду жорсткіх прысудаў, якія выносіліся ад 2013 году паводле 328 артыкула (ад 5 да 25 гадоў пазбаўленьня волі), а таксама зьменаў у заканадаўства.
  • «Маці 328» лічаць, што ў некаторых выпадках тэрміны зьняволеньня несувымерныя злачынству, а закон недастаткова ўлічвае асобы злачынцаў, іх узрост ды іншыя акалічнасьці.
  • 13 чэрвеня 2019 года Палата Прадстаўнікоў у другім чытаньні прыняла папраўкі ў артыкул 328. Мінімальны тэрмін пазбаўленьня волі за незаконнае абарачэньне наркотыкаў зьменшылі на 2 гады. У ліпені Лукашэнка падпісаў закон аб зьмене КК.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG