Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вінаватая агрэсіўная рэкляма? Беларускіх падлеткаў сталі ўдвая часьцей лавіць на наркотыках


Суд Савецкага раёну Гомеля разглядае крымінальную справу за распаўсюд псыхатропных рэчываў, ілюстрацыйнае фота

За першыя 9 месяцаў 2019 году ў Беларусі было зарэгістравана 129 зьвязаных з наркотыкамі злачынстваў сярод падлеткаў. Гэта ўдвая больш за той жа пэрыяд мінулага году — тады было 63 такія злачынствы, паведаміў палкоўнік Сяргей Янкоўскі, які ўзначальвае ў Міністэрстве ўнутраных спраў аддзел па арганізацыі працы інспэкцый па справах непаўналетніх.

На пытаньне карэспандэнта Свабоды пра прычыны такога імклівага росту наркатычнай злачыннасьці сярод непаўналетніх палкоўнік міліцыі Сяргей Янкоўскі засяродзіўся на праблемах недастатковай выхаваўчай і тлумачальнай працы ў сем’ях.

«Адна з прычын — агрэсіўная рэкляма працы з высокімі заробкамі, — сказаў міліцыянт. — Дзеці бачаць гэтую рэкляму, ім хочацца больш зарабляць, а што гэта праца закладчыкаў наркотыкаў і гэта злачынства, ня ведаюць».

Паводле Янкоўскага, сёлета міліцыя актывізавала прафіляктычную працу па прадухіленьні наркатычнай злачыннасьці сярод падлеткаў у школах і навучальных установах, але гэтага недастаткова для выпраўленьня сытуацыі.

«Тлумачыць, што гэта злачынства — займацца закладкамі ды іншымі спосабамі распаўсюду наркотыкаў — трэба найперш у сем’ях», — мяркуе палкоўнік Янкоўскі.

Што кажа «Маці-328»

Актывістка руху «Маці-328» Юлія Астраўко, якая абараняе правы непаўналетніх вязьняў, асуджаных па 328 артыкуле, гэтак пракамэнтавала зьвесткі міліцыянта Янкоўскага пра двухразовы рост падлеткавай злачыннасьці ў сфэры незаконнага абароту наркотыкаў.

Юлія Астраўко, архіўнае фота
Юлія Астраўко, архіўнае фота

«Пра лічбу ня стану спрачацца, магчыма, яна і дакладная, — дапускае яна. — Мне ня дзіўна, бо ўся школьная моладзь сядзіць у інтэрнэце, а там поўна аб’яў аб працы кур’ерам. І там ім да апошняга ня кажуць, што менавіта трэба будзе распаўсюджваць, або пішуць пра курыльныя сумесі, якія не забароненыя.

Але гэтыя сайты, дзе шмат такіх прапаноў і дзе насамрэч вядзецца пра наркотыкі і псыхатропы, трэба і магчыма апэратыўна перакрываць, толькі чамусьці гэта нашым праваахоўнікам не ўдаецца».

Актывістка не пагадзілася зь міліцыянтам адносна таго, што найперш вінаватыя ў сытуацыі бацькі, якія не папярэдзілі сваіх дзяцей пра небясьпеку.

«Яны зноў і зноў кажуць, што найперш гэтым павінна займацца сям’я, — разважае Астраўко. — Добра, тады мы, маці, застанёмся дома і будзем толькі выхоўваць нашых дзяцей. А дзе ж яны ў бюджэт знойдуць грошы, у тым ліку на заробкі міліцыянтам? Бо некаторыя з нас на дзьвюх працах працуюць, каб зарабіць і ўтрымаць сям’ю. Не, мы не адмаўляемся ад дзяцей, але і міліцыянты павінны рабіць сваю працу добра».

Актывістка мяркуе, што міліцыя і ўлады недастаткова робяць для прафіляктыкі распаўсюду наркотыкаў і ўцягваньня моладзі ў гэты злачынны бізнэс, а таксама для выкрыцьця буйных наркадылераў. Летась Юлія Астраўко падавала ў суд на МУС за тое, што міністэрства не праводзіць належнай прафіляктычнай працы. Суд актывістка прайграла.

Сын Юліі Астраўко Эміль асуджаны на 8 гадоў зьняволеньня паводле 3 часткі 328 артыкула, ён адбывае пакараньне ў калёніі ў Бабруйску. Маці дамагаецца перагляду справы сына і перакваліфікаваньня ягоных дзеяньняў.

Пакараньне за наркатычныя злачынствы ў Беларусі. Што важна ведаць

  • У красавіку-траўні 2018 года актывісткі «Маці 328» правялі 15-дзённую галадоўку ў Калінкавічах на Гомельшчыне і ў Пухавіцкім раёне на Меншчыне, а таксама 10-дзённую галадоўку ў Лідзе.
  • Удзельнікі галадоўкі патрабавалі перагляду жорсткіх прысудаў, якія выносіліся ад 2013 году паводле 328 артыкула (ад 5 да 25 гадоў пазбаўленьня волі), а таксама зьменаў у заканадаўства.
  • «Маці 328» лічаць, што ў некаторых выпадках тэрміны зьняволеньня несувымерныя злачынству, а закон недастаткова ўлічвае асобы злачынцаў, іх узрост ды іншыя акалічнасьці.
  • 13 чэрвеня 2019 года Палата Прадстаўнікоў у другім чытаньні прыняла папраўкі ў артыкул 328. Мінімальны тэрмін пазбаўленьня волі за незаконнае абарачэньне наркотыкаў зьменшылі на 2 гады. У ліпені Лукашэнка падпісаў закон аб зьмене КК.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG