Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Школьніцу з Гомля і яе прыяцеля асудзілі на 10 гадоў калёніі за распаўсюд псыхатропных рэчываў


Суд Савецкага раёну Гомля вынес пастанову ў гучнай крымінальнай справе аб распаўсюджваньні псыхатропных рэчываў. 17-гадовую школьніцу Кацярыну і яе 18-гадовага прыяцеля Станіслава пакаралі 10 гадамі пазбаўленьня волі кожнага.

Трэцяга фігуранта справы, 19-гадовага Андрэя, суд з улікам амністыі пакараў 2 гадамі «хіміі» з накіраваньнем ва ўстанову адкрытага тыпу.

Кацярына і Станіслаў заяўлялі на судзе, што шчыра раскайваюцца. Іхныя адвакаты прасілі не караць строга падлеткаў і перакваліфікаваць частку 4 артыкула 328 Крымінальнага кодэксу на частку 3 — прыбраць з абвінавачаньня кваліфікацыю «ў складзе арганізаванай злачыннай групы». Суд не прыслухаўся да гэтых просьбаў.

Абаронца Станіслава зьвярнула ўвагу на такі момант абвінавачаньня, як «крадзеж псыхатропных рэчываў». Сьледзтва лічыць, што падлеткі скралі частку псыхатропных рэчываў, якія павінны былі «закласьці» для спажыўцоў. Станіслаў тлумачыў, што яны ня кралі псыхатропных рэчываў — спажылі частку з дазволу «куратара».

«Выходзіць, дзяржава ў гэтым выпадку абараняе „куратара Бацю“, які ўцягнуў дзяцей у злачынны бізнэс і сам застаўся без пакараньня? Гэта верх цынізму — абвінавачваць падлеткаў у тым, што яны скралі ў буйнога наркадылера частку псыхатропных рэчываў, і даваць ім за гэта тэрмін! „Баця“ і далей застаецца на свабодзе, яго не знайшлі. Пытаньне: ці шукалі ўвогуле? Ён працягвае свой „бізнэс“, ахвярамі якога заўтра стануць іншыя падлеткі. А дзяцей судзяць за тое, што яны „Бацю“ абакралі, хоць зь перапісак, агучаных на судзе, вынікае, што яны ўзялі частку псыхатропных рэчываў з дазволу „куратара“», — пракамэнтавала адна з актывістак руху «Маці 328», якая прысутнічала на судзе.

На момант затрыманьня Станіславу было 17 гадоў, ён вучыўся ў каледжы. Ягоная 16-гадовая сяброўка Кацярына вучылася ў 11-й клясе. Паводле абвінавачаньня, непаўналетнія ў складзе злачыннай групы займаліся распаўсюджваньнем псыхатропных рэчываў. На судзе Станіслаў тлумачыў, што «працу» па распаўсюджваньні псыхатропных рэчываў знайшоў, заўважыўшы графіці на сьцяне з адрасам інтэрнэт-крамы. Ён рабіў закладкі ў Гомлі, Рэчыцы і Магілёве. Заданьні, інструкцыі, мэтады кансьпірацыі непаўналетні атрымліваў ад «нявызначанай асобы». Гэтая ж асоба — «куратар» пад нікам «Баця» — пералічвала непаўналетняму грошы.

Зь цягам часу да «працы» захацела далучыцца сяброўка Кацярына. Спачатку Стас яе адгаворваў, потым саступіў. Непаўналетнія рабілі закладкі, здымалі гэта на фота, дасылалі каардынаты схованак «куратару».

Станіслаў «працаваў мінэрам» зь верасьня да лістапада 2018 году. Сяброўка далучылася да распаўсюджваньні «соляў», «кветак», «крышталёў» 24 верасьня. 21 лістапада абаіх затрымала міліцыя.

Пакараньне за наркатычныя злачынствы ў Беларусі. Што важна ведаць

  • У красавіку-траўні 2018 года актывісткі «Маці 328» правялі 15-дзённую галадоўку ў Калінкавічах на Гомельшчыне і ў Пухавіцкім раёне на Меншчыне, а таксама 10-дзённую галадоўку ў Лідзе.
  • Удзельнікі галадоўкі патрабавалі перагляду жорсткіх прысудаў, якія выносіліся ад 2013 году паводле 328 артыкула (ад 5 да 25 гадоў пазбаўленьня волі), а таксама зьменаў у заканадаўства.
  • «Маці 328» лічаць, што ў некаторых выпадках тэрміны зьняволеньня несувымерныя злачынству, а закон недастаткова ўлічвае асобы злачынцаў, іх узрост ды іншыя акалічнасьці.
  • 13 чэрвеня 2019 года Палата Прадстаўнікоў у другім чытаньні прыняла папраўкі ў артыкул 328. Мінімальны тэрмін пазбаўленьня волі за незаконнае абарачэньне наркотыкаў зьменшылі на 2 гады. У ліпені Лукашэнка падпісаў закон аб зьмене КК.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG