Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Маці 328» ізноў схадзілі да Качанавай. Яна паабяцала вялікую нараду


«Маці 328» каля адміністрацыі прэзыдэнта, архіўнае фота

11 актывістак грамадзкай ініцыятывы «Маці 328» схадзілі да кіраўніцы адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі Натальлі Качанавай. Сёлета гэта ўжо другая размова, яна доўжылася больш за дзьве гадзіны.

Рыхтуецца вялікая нарада

«Размовай мы засталіся задаволеныя, Качанава нас усіх па чарзе выслухала, запісала нашы просьбы, але ня ўсе пытаньні ўдалося падняць, не хапіла часу. Галоўнае: Качанава праінфармавала нас, што рыхтуецца вялікая нарада з удзелам праваахоўнікаў, судзьдзяў, адмыслоўцаў з мэтай вырашыць, як далей лібэралізаваць артыкул 328. То бок нас запэўнілі, што на тых зьменах, якія былі ўнесеныя ў закон улетку, спыняцца ня будуць. Але якой будзе новая лібэралізацыя, пакуль невядома, — сказала Свабодзе актывістка ініцыятывы Сьвятлана Шаляпень.

Чаго патрабуюць маці, чые непаўналетнія дзеці былі асуджаныя па 328-м артыкуле?

Актывісткі кажуць пра сама меней два пункты, дзе, на іх думку, патрэбныя зьмены. Першае — зьмены ў 4-ю частку 328 артыкула (незаконны абарот наркатычных рэчываў у складзе арганізаванай групы). Другое — каб закон мякчэй ставіўся да непаўналетніх.

«Да іх павінен быць іншы падыход, з улікам іх узросту», — казалі актывісткі, якія прыйшлі да адміністрацыі Лукашэнкі. Вось што сказала адна з «Маці 328», Ларыса:

«Апэратыўнікі і сьледчыя зусім ня ўлічваюць, што сутыкаюцца зь непаўналетняй моладзьдзю. Для іх галоўнае, што адказнасьць можа наступаць ужо з 14 гадоў. Значыць, браць і саджаць можна, як толькі паступілі зьвесткі пра наркотыкі. Але чаму спачатку не паведаміць нам, бацькам? Любая маці, калі б ёй пазванілі зь міліцыі і сказалі пра падазрэньні адносна яе дзіцяці, зрабіла б захады, каб такога больш не паўтарылася. Праблему можна было б вырашыць на самым пачатку. Але ім патрэбныя прэміі, зоркі на пагоны. Таму мы прапануем актывізаваць ня проста барацьбу з наркотыкамі, а наладзіць папярэджваньне гэтага злачынства», — сказала Ларыса.

Што такое «агрэсіўная прафіляктыка»?

Паводле ўдзельніц сустрэчы, кіраўніца адміністрацыі Натальля Качанава паведаміла, што цяпер дзяржаўныя органы будуць арыентаваныя на правядзеньне «агрэсіўнай прафіляктычнай працы» адносна ўжываньня наркотыкаў і псыхатропаў. Што гэта значыць?

«Тлумачэньне было такое: раней пра праблему ўжываньня наркотыкаў гаварылі, але асабліва не выпуклялі, што яна закранула гэтак шмат людзей, у тым ліку і непаўналетніх. Зыходзілі з таго, каб не даваць гэтымі размовамі дадатковую рэкляму гэтай зьяве. Цяпер нібыта падыход будзе зьменены і ніхто нічога замоўчваць ня будзе. Але паглядзім. Такія абяцаньні — больш сур’ёзна змагацца з прапагандай наркотыкаў — таксама гучаць упершыню», — заўважыла яшчэ адна з актывістак «Маці 328» Натальля.

Чаму марудзяць з амністыяй для непаўналетніх «вязьняў 328»?

Актывісткі сказалі, што данесьлі да кіраўніцы адміністрацыі сваю занепакоенасьць тым, як ідзе амністыя для непаўналетніх асуджаных па 328 артыкуле.

«Гэта хлусьня, што кажуць у МУС, што нібыта да 100% непаўналетніх ужывуць амністыю. Мы перадалі Качанавай сьпіс з прыкладна 40 прозьвішчаў такіх асуджаных, якіх амністыя абмінае. Сярод іх палова — гэта тыя, хто асуджаны па 4 частцы 328 артыкула, — наконт такіх спраў у нас вялікія сумненьні, і мы просім іх перагледзець. Другая палова сьпісу — гэтак званыя „злосьнікі“. Гэта тыя, на каго ў калёніі яўна дзеля прычэпкі навесілі фармальныя парушэньні і цяпер нібыта на законнай паставе адмаўляюць у амністыі. Прыкладам, ёсьць выпадак, калі хлопца пакаралі за тое, што не пасьпеў зашыць калашыну, якую разарваў на прамысловай зоне, калі зачапіўся за дрот. Такіх выпадкаў шмат. Сьпіс мы перадалі і спадзяёмся, што сытуацыя з кожным будзе вывучаная», — сказала актывістка Ірына Шаркоўская.

Якія праблемы засталіся па-за размовай і чакаюць вырашэньня?

Паводле актывістак «Маці 328», з прычыны дэфіцыту часу ім не ўдалося закрануць шэраг праблем. Сярод іх такія:

  • Асуджаным па артыкуле 328 па-ранейшаму прапануюць самую цяжкую і нізкааплатную працу.
  • Так і ня вырашаная праблема працягу вышэйшай адукацыі праз дыстанцыйнае навучаньне. «Вязьні 328» часьцей з гэтым сутыкаюцца, бо сярод іх шмат тых, хто раней вучыўся ў ВНУ, у тым ліку платна. «Грошы за вучобу пералічылі, а працягнуць яе ня можам», — кажуць маці.
  • Марудна ідзе замена зялёных таблічак, якімі ў калёніі абазначаліся вязьні 238, на звычайныя, белага колеру. «Асуджаныя 328» казалі, што такое абазначэньне прыводзіць да дыскрымінацыі. Паводле «Маці 328», толькі ў лічаных калёніях зялёныя таблічкі на адзеньні асуджаных замянілі на таблічкі агульнага ўзору.

Пакараньне за наркатычныя злачынствы ў Беларусі. Што важна ведаць

  • У красавіку-траўні 2018 года актывісткі «Маці 328» правялі 15-дзённую галадоўку ў Калінкавічах на Гомельшчыне і ў Пухавіцкім раёне на Меншчыне, а таксама 10-дзённую галадоўку ў Лідзе.
  • Удзельнікі галадоўкі патрабавалі перагляду жорсткіх прысудаў, якія выносіліся ад 2013 году паводле 328 артыкула (ад 5 да 25 гадоў пазбаўленьня волі), а таксама зьменаў у заканадаўства.
  • «Маці 328» лічаць, што ў некаторых выпадках тэрміны зьняволеньня несувымерныя злачынству, а закон недастаткова ўлічвае асобы злачынцаў, іх узрост ды іншыя акалічнасьці.
  • 13 чэрвеня 2019 года Палата Прадстаўнікоў у другім чытаньні прыняла папраўкі ў артыкул 328. Мінімальны тэрмін пазбаўленьня волі за незаконнае абарачэньне наркотыкаў зьменшылі на 2 гады. У ліпені Лукашэнка падпісаў закон аб зьмене КК.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG