Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За «какаін у віне» з Дамініканы двух вяскоўцаў з Гомельшчыны асудзілі на 16 і 11 гадоў


Абвінавачаныя Леанід (зьлева ў клетцы) і Андрэй падчас абвяшчэньня прысуду

Суд Гомельскага раёну абвясьціў прысуд у крымінальнай справе за «какаін у віне» з Дамініканы. Абвінавачаныя — 30-гадовы Леанід і 44-гадовы Андрэй, жыхары вёскі Пакалюбічы Гомельскага раёну. Іх пакаралі пазбаўленьнем волі на 11 і 16 гадоў.

Паводле вэрсіі сьледзтва і суду, Леанід і Андрэй уваходзілі ў склад міжнароднай злачыннай групоўкі. Пад выглядам турыстаў яны наведвалі Дамініканскую Рэспубліку і адтуль прывозілі какаін, распушчаны ў віне. Іх затрымалі на памежным пункце пропуску «Новая Гута» ў траўні 2018 году. Абвінавачаныя цалкам адмаўлялі сваю віну.

Пасьля агучваньня прысуду 44-гадовы Андрэй хацеў даць прысутным журналістам камэнтар. Ён паказаў свае парэзаныя рукі (у абвінавачанага ў СІЗА былі дзьве спробы самазабойства) і заявіў пра «самаўладзьдзе гомельскага суду і начальніка наркакантролю МУС Высоцкага». Больш нічога сказаць не пасьпеў, на асуджанага накінуўся канвой, скруціў і выцягнуў з-за кратаў.

Сваякі асуджаных — маці Леаніда і сястра Андрэя — абураныя такімі паводзінамі канвою і ўмовамі ўтрыманьня іхных блізкіх у СІЗА.

«Андрэя ў СІЗА знарок даводзілі да самагубства. Яго саджалі ў камэру да людзей зь ВІЧ і забойцамі, сукамэрнікі падпальвалі яму прасьціну, каб ён ня мог спаць. Яго даводзілі яго да нэрвовага зрыву, каб даў паказаньні і прызнаўся ў злачынстве.

За першую спробу суіцыду ён правёў каля дзесяці дзён у карцэры, дзе сядзеў па шчыкалатку ў вадзе. Цяпер на вашых вачах скруцілі і не далі і слова сказаць, не далі нават з адвакатам пагаварыць», — заявіла сястра Андрэя.

Пакараньне за наркатычныя злачынствы ў Беларусі. Што важна ведаць

  • У красавіку-траўні 2018 года актывісткі «Маці 328» правялі 15-дзённую галадоўку ў Калінкавічах на Гомельшчыне і ў Пухавіцкім раёне на Меншчыне, а таксама 10-дзённую галадоўку ў Лідзе.
  • Удзельнікі галадоўкі патрабавалі перагляду жорсткіх прысудаў, якія выносіліся ад 2013 году паводле 328 артыкула (ад 5 да 25 гадоў пазбаўленьня волі), а таксама зьменаў у заканадаўства.
  • «Маці 328» лічаць, што ў некаторых выпадках тэрміны зьняволеньня несувымерныя злачынству, а закон недастаткова ўлічвае асобы злачынцаў, іх узрост ды іншыя акалічнасьці.
  • 13 чэрвеня 2019 года Палата Прадстаўнікоў у другім чытаньні прыняла папраўкі ў артыкул 328. Мінімальны тэрмін пазбаўленьня волі за незаконнае абарачэньне наркотыкаў зьменшылі на 2 гады. У ліпені Лукашэнка падпісаў закон аб зьмене КК.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG