Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Маці 328» адмовіліся ад галадоўкі пасьля сустрэчы з Качанавай


Натальля Качанава, архіўнае фота
Натальля Качанава, архіўнае фота

10 ліпеня чатыры актывісткі руху «Маці 328» сустрэліся з кіраўніцай адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі Натальляй Качанавай. Размова аб праблемах зьняволеных па антынаркатычным артыкуле цягнулася больш за гадзіну. Пасьля яе жанчыны вырашылі не аднаўляць галадоўку, якую прыпынілі 3 ліпеня, пасьля 21 дня пратэставай акцыі.

Што паабяцала Натальля Качанава «Маці 328»?

  • Вывучыць і, магчыма, перагледзець больш як 100 крымінальных спраў па 328 артыкуле, прысуды па якіх актывісткі лічаць несправядлівымі. У тым ліку будзе вывучана больш за 20 спраў па 4 частцы артыкула 328, якую маці асуджаных за распаўсюд наркотыкаў лічаць «самай праблемнай» і дамагаюцца яе адмены ці зьменаў у яе ўжываньні.
  • Правесьці ў адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі нараду з удзелам кіраўнікоў праваахоўных устаноў і Вярхоўнага суду, на якой будуць прааналізаваныя праблемныя пытаньні барацьбы з наркотыкамі і прапановы актывістак руху «Маці 328». Качанава сказала, што такая нарада пройдзе да канца ліпеня.
  • Зладзіць праверку банкаў, празь якія працягваюцца грашовыя апэрацыі, зьвязаныя з абаротам наркотыкаў.
  • Вывучыць магчымасьць уключэньня асуджаных па 1, 2, 3 і 4 частках артыкула 328 у лік вязьняў, на якіх будзе распаўсюджаная будучая амністыя да 75-годзьдзя перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне.

Чаго не паабяцала Натальля Качанава актывісткам «Маці 328»

«Сказала, што ня можа арганізаваць сустрэчу з Аляксандрам Лукашэнкам. Гэта было наша асноўнае патрабаваньне, але яго вырашыць не ўдалося. Качанава прызналася, што сама бачыцца з Лукашэнкам зрэдку, кантактуе ў асноўным праз тэлефон. Але сказала, што ўсе нашы патрабаваньні занатаваныя і будуць перададзеныя кіраўніку дзяржавы. Шмат абмяркоўвалі пытаньні вяртаньня ў грамадзтва тых, хто адбыў пакараньне па артыкуле 328, і тут Качанава запрасіла да супрацоўніцтва зь дзяржаўнымі арганізацыямі, у тым ліку з намесьніцай старшыні Савету Рэспублікі Мар’янай Шчоткінай. Мы толькі за», — кажа лідэр «Маці 328» Ларыса Жыгар.

Паводле Ларысы Жыгар, Натальля Качанава ведае пра іх сустрэчу зь міністрам унутраных спраў Юрыем Караевым і сказала, што ўсе абяцаньні, якія даў «Маці 328» новы міністар МУС, у яе на кантролі.

«Гаворка пра рэчавыя пасылкі, мэдычную бандэроль, павелічэньне працягласьці спатканьня ды іншыя пункты, якіх усяго было каля 10, прычым яны тычыліся ня толькі вязьняў-328, але ўсіх зьняволеных. Качанава запэўніла, што гэта ўсё будзе пераглядацца», — сказала Ларыса Жыгар.

На размову з Натальляй Качанавай, акрамя Ларысы Жыгар, былі запрошаныя Алена Кузьміна, Людміла Кулініч і Ала Берналь, якія тры тыдні галадавалі ў вёсцы Востраў Пухавіцкага раёну. Тыдзень таму, 3 ліпеня, жанчыны прыпынілі галадоўку, папярэдзіўшы, што адновяць акцыю пратэсту, калі сустрэча з Натальляй Качанавай іх не задаволіць. Пасьля сустрэчы з кіраўніцай адміністрацыі галадоўніцы пацьвердзілі, што ня будуць аднаўляць галадоўку, бо збольшага вынікамі сустрэчы задаволеныя.

Праўда, Алене Кузьміной, па яе словах, не ўдалося высьветліць, хто ў выніку будзе пераглядаць праблемныя справы па 328 артыкуле.

«Сказалі, што справы перагледзяць, але будзе гэта суд ці толькі нейкая міжведамасная камісія, і якія тады ў яе будуць паўнамоцтвы, я не зразумела. Нам паабяцалі даць пісьмовы адказ, спадзяюся, там усё патлумачаць. Вельмі не хацелася б, каб падманулі», — сказала Алена Кузьміна.

Пакараньне за наркатычныя злачынствы ў Беларусі. Што важна ведаць

  • У красавіку-траўні 2018 года актывісткі «Маці 328» правялі 15-дзённую галадоўку ў Калінкавічах на Гомельшчыне і ў Пухавіцкім раёне на Меншчыне, а таксама 10-дзённую галадоўку ў Лідзе.
  • Удзельнікі галадоўкі патрабавалі перагляду жорсткіх прысудаў, якія выносіліся ад 2013 году паводле 328 артыкула (ад 5 да 25 гадоў пазбаўленьня волі), а таксама зьменаў у заканадаўства.
  • «Маці 328» лічаць, што ў некаторых выпадках тэрміны зьняволеньня несувымерныя злачынству, а закон недастаткова ўлічвае асобы злачынцаў, іх узрост ды іншыя акалічнасьці.
  • 13 чэрвеня 2019 года Палата Прадстаўнікоў у другім чытаньні прыняла папраўкі ў артыкул 328. Мінімальны тэрмін пазбаўленьня волі за незаконнае абарачэньне наркотыкаў зьменшылі на 2 гады. У ліпені Лукашэнка падпісаў закон аб зьмене КК.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG