Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Чаму не затрымалі пастаўшчыка?» — «Таму». У Гомлі судзяць падлеткаў-«мінёраў»


Суд Гомельскага раёну пачаў разгляд крымінальнай справы групы «мінёраў», які рабілі закладкі з псыхатропнымі рэчывамі. Судзяць дзевяць чалавек. Пяць зь іх — непаўналетнія.

Разгляд справы праходзіць у будынку Гомельскага абласнога суду, бо райсуд ня мае залі на гэтулькі людзей. Нават у прасторным памяшканьні абласнога суду не знайшлося месца ўсім, хто хацеў быць на працэсе.

Сярод удзельнікаў працэсу — больш за 20 пацярпелых. Апроч «закладак», падлеткаў і іхніх дарослых прыяцеляў абвінавачваюць у крадзяжы грошай з выкарыстаньнем кампутарнай тэхнікі (артыкул 212 Крымінальнага кодэксу).

Сямёра з групы (у тым ліку пяцёра непаўналетніх) знаходзяцца пад вартай, іх на суд прывезьлі зь СІЗА. Падлеткаў вінавацяць у незаконных дзеяньнях з наркотыкамі ці псыхатропнымі рэчывамі, зьдзейсьненых групай (частка 3 артыкула 328 КК). Ім пагражае да 15 гадоў пазбаўленьня волі.

Двое дарослых абвінавачаных прыходзяць на суд з дому — ім інкрымінуюцца «незаконныя бяз мэты збыту выраб, перапрацоўка, набыцьцё, захоўваньне наркатычных ці псыхатропных рэчываў» (частка 1 артыкула 328 КК). Папросту, гэта спажыўцы, якія забіралі з «закладак» псыхатропныя рэчывы.

Непаўналетнія «мінёры» выглядаюць бадзёра, усьміхаюцца, прагна ўзіраюцца ў шматлікія твары ў залі — шукаюць вачыма маці, сяброў.

«Сын казаў мне на спатканьні, каб я ня плакала на судзе. Таму і сам так трымаецца, каб нас не засмучаць», — кажа маці аднаго з хлопцаў.


Пад крымінальны перасьлед трапілі:

  • Віталь 1998 году нараджэньня, беспрацоўны, судзімы;
  • Аляксандар 2002 году нараджэньня, навучэнец ліцэю;
  • Павал 1987 году нараджэньня, жанаты, двое дзяцей, судзімы;
  • Міхаіл 2001 году нараджэньня, навучэнец ліцэю;
  • Аляксандар 2002 году нараджэньня, навучэнец каледжу;
  • Даніла 2002 году нараджэньня, навучэнец каледжу;
  • Вячаслаў 2003 году нараджэньня, навучэнец ліцэю;
  • Раман 1982 году нараджэньня, судзімы;
  • Аляксандар 1987 году нараджэньня, падсобны рабочы.

Пры дапамозе праграм інтэрнэт-банкінгу скралі 2700 рублёў

Першым зачыталі абвінавачаньне адносна 21-гадовага Віталя. Апроч «закладак» па артыкуле 328, яго абвінавачваюць у выкраданьні грошай з дапамогай кампутарнай тэхнікі. Віталь разам зь непаўналетнім Аляксандрам прасілі ў прыяцеляў, знаёмых і проста мінакоў тэлефон, каб «зайсьці ва „Ўкантакце“» ці патэлефанаваць. Яны хутка спампоўвалі пэўную праграму, завалодвалі сродкамі і «перакідалі» грошы на свае тэлефоны. Такіх эпізодаў у Віталя і Аляксандра — 27. Яны скралі 2700 рублёў.

«Той Віталь — здаровы бугай, а нідзе не працаваў. Ён быў сужыцелем маёй дачкі. Маё сэрца нешта адчувала, і я казала дачцэ: „Каця, хоць бы ён Сашу нікуды не ўцягнуў. Вось і ўцягнуў“», — бядуе пасьля суду маці 17-гадовага Аляксандра.

Падлеткі жылі ў адным мікрараёне, трое зь іх былі аднаклясьнікамі, гулялі ў адной футбольнай камандзе.

Сваю віну ў «закладках» яны прызналі падчас сьледзтва. Аднак засталося няясным, дзе падлеткі і іх дарослыя прыяцелі ўзялі для расфасоўкі буйную партыю псыхатропных рэчываў. З вуснаў дзяржаўнага абвінаваўцы гучаць стандартныя для артыкула 328 фармулёўкі: «Неўстаноўленым спосабам, у неўстаноўлены час, у неўстаноўленай асобы».

«Пастаўшчыка не знайшлі, бо і не шукалі»

Падрабязнасьці затрыманьня падлеткаў расказала журналістам Іна, маці 17-гадовага Данілы.

Паводле яе слоў, сына затрымалі 11 красавіка. Як даведалася потым маці, ён тыдзень «працаваў» на інтэрнэт-краму па продажы псыхатропных рэчываў. Як і яго прыяцелі, не пасьпеў атрымаць «заробак».

«Спачатку зьнік яго прыяцель. Бацькі шукалі, у нас пыталіся — дзе ён. Потым міліцыя пагрукала ў нашы дзьверы. Данілу забралі ў Цэнтральны РАУС. Адразу сказалі, каб мы сабралі яму рэчы, бо імаверна, што яго не адпусьцяць», — кажа Данілава маці.

Яна дадае, што была ў шокавым стане і ніколі не магла б падумаць, што сын можа такім займацца.

«Хто іх уцягнуў у гэта? Хто ім даў тыя псыхатропныя рэчывы? Мы чыталі справу, там некаторыя абвінавачаныя называлі нейкага Віталя па мянушцы „Фрыц“. Я пыталася ў сьледчага: „Хто гэты чалавек?“. Ён кажа: „Гэта той, хто ім працу даў“. Кажу, ці яго знайшлі? Кажа: „Не“. Пытаюся: „Чаму?“, а сьледчы адказвае „Таму“», — абураецца Іна.

Бацькі вінавацяць ва ўсім, па-першае, невядомага «Фрыца», па-другое — 21-гадовага Віталя, які «круціўся з малалеткамі».

Міхаілу ў СІЗА споўнілася 18. Ягоны бацька абураецца, што пра затрыманьне сына ён даведаўся толькі назаўтра, прычым не ад міліцыі, а ад выкладчыцы зь ліцэю.

«А яна ўбачыла па інтэрнэце пра затрыманьне. У РАУС іх ужо чакалі з камэрамі, ці журналісты, ці хто гэта быў, і адразу „выкінулі“ ў інтэрнэт. Можа, гэта было сплянавана?» — зьдзіўляецца Аляксандар.

«Калі міліцыі што трэба — дык з-пад зямлі дастануць. А як таго „Фрыца“, дык і не шукалі. Можа, гэта іх апэратыўны супрацоўнік», — кажа маці 17-гадовага Аляксандра.

Зачытваньне абвінавачаньня працягваецца.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG