Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Родзічы «несправядліва асуджаных» — Лукашэнку: чаму парушаюцца Канстытуцыя і законы?


«Ціск, абгавор, фальшаваньне дакумэнтаў сталі нормай у расьсьледаваньні крымінальных спраў», — заяўляюць у сваім маніфэсьце родзічы асуджаных, абʼяднаныя ў грамадзянскую ініцыятыву «Справядлівы прысуд».

«Куды ні зьвяртаемся, даюць адпіскі»

Яны спадзяюцца зьвярнуць увагу Аляксандра Лукашэнкі на факты «грубага парушэньня» супрацоўнікамі праваахоўных органаў Канстытуцыі, заканадаўства ды правоў «несправядліва», як яны цьвердзяць, асуджаных.

Яны лічаць, што органы папярэдняга расьсьледаваньня, суды і пракуратура ставяцца да прэзумпцыі невінаватасьці фармальна, і ў выніку гэтага выносяцца неабгрунтаваныя і сумнеўныя прысуды.

«Куды ні зьвяртаемся, нам даюць фармальныя адпіскі, — кажа адна са стваральніц ініцыятывы Ганна Ільіна, — таму ў кіраўніка дзяржавы мы хочам дазнацца, чаму не выконваюцца ягоныя распараджэньні наконт уважлівага і чулага стаўленьня да зваротаў грамадзян, а таксама — ці можа ён паўплываць на такую сытуацыю. Калі ня можа зьмяніць сытуацыю, дык навошта пра гэта заяўляць?»

Ганна Ільіна, архіўнае фота
Ганна Ільіна, архіўнае фота

Удзельнікі ініцыятывы рыхтуюць супольны зварот у адміністрацыю Лукашэнкі са сваім бачаньнем таго, як функцыянуе цяперашняя судовая сыстэма і што ў ёй трэба мяняць.

«Заявы кіраўніцтва краіны пра абʼектыўнае расьсьледаваньне застаюцца для сьледчых пустым гукам»

Юрыстка з эканамічнай адукацыяй Ганна Ільіна два гады зьбірае доказы невінаватасьці свайго бацькі Ўладзімера Біткоўскага. Яго асудзілі на тры гады калёніі ўзмоцненага рэжыму — за нібыта злоўжываньне службовымі паўнамоцтвамі. Яна сьцьвярджае, што расьсьледаваньне бацькавай справы вымагала прыцягненьня дасьведчаных спэцыялістаў у пытаньнях эканомікі, а гэтага не зрабілі.

«У жорны сыстэмы трапляюць людзі, якія не ўчынялі таго, што ставіцца ім у віну. Заявы ж кіраўніцтва краіны пра неабходнасьць абʼектыўнага расьсьледаваньня застаюцца для сьледчых пустым гукам», — выказвае сваю думку Ганна Ільіна.

Паводле яе, такая сытуацыя прыводзіць да таго, што «выразаецца пласт адукаваных, кваліфікаваных адмыслоўцаў», каб дагадзіць сыстэме.

«Калі крымінальныя справы разглядаюцца неаб’ектыўна, дамагчыся справядлівасьці няма як», — кажа Ганна Ільіна.

Расьсьледуюць па аналёгіі з наркатычнымі злачынствамі

Удзельнікі ініцыятывы настойваюць, што ў кожнага зь іх ёсьць падставы сумнявацца ў законнасьці прысуджанага іхнім родным турэмнага зьняволеньня. Яны адзначаюць, што «прайшлі ўсе неабходныя інстанцыі і не дамагліся справядлівасьці». Паводле іх, факты віны асуджаных здабываюцца гэтаксама, як пры расьсьледаваньні наркатычных злачынстваў.

  • У сьледчых няма доказнай базы. Замест яе перавага аддаецца «суб’ектыўнаму меркаваньню сьледчага».
  • Не прызначаюцца экспэртызы, на якіх настойвае абарона дзеля доказу невінаватасьці. Пры гэтым тыя, што даказваюць віну, сьледзтва праводзіць, і іхнія вынікі прымаюцца судом.
  • Шкоду вызначае сьледзтва, а не адмыслоўцы кампэтэнтных органаў.
  • Няслушна кваліфікуецца склад злачынства. Даюцца больш цяжкія артыкулы.
  • Хадайніцтвы абароны адхіляюцца, а паказаньні сьведак у судах не трактуюцца на карысьць абвінавачваньня.

Гісторыі ўдзельнікаў ініцыятывы «Справядлівы прысуд»

Пакуль да ініцыятывы далучыліся 16 чалавек. У большасьці зь іх родзічы асуджаныя за карупцыйныя злачынствы. Вось некалькі гісторый.

Марыя Кац дамагаецца апраўданьня мужа Юрыя Каца. Ён 16 месяцаў адбыў у сьледчым ізалятары і асуджаны на 6 гадоў за крадзеж шляхам злоўжываньня службовымі паўнамоцтвамі.

Валянціна Дамарацкая лічыць, што справу супраць яе сына Андрэя Дамарацкага, былога начальніка галоўнага ўпраўленьня спажывецкага рынку, сфабрыкавалі. Яго асудзілі па трох карупцыйных артыкулах на 7 гадоў зьняволеньня і амаль 40 тысяч даляраў штрафу.

Родныя патрабуюць перагляду прысуду Марыі Марозавай, якая працавала ў сыстэме спажывецкага рынку Менгарвыканкаму. Яе асудзілі за хабар на 10 гадоў. Паводле родных, абвінавачваньне трымалася на паказаньнях сьведак.

Галоўнага ўрача санаторыя «Сярэбраныя крыніцы» Людмілу Сонец асудзілі за нібыта хабар. Дачка Аксана Сонец сьцьвярджае, што доказы віны маці сумнеўныя і не пацьвярджаюцца экспэртызамі.

Сьвятлана Холад ня верыць у вінаватасьць мужа Дзьмітрыя Холада. Яго зьвінавацілі ў атрыманьні хабару. Абвінавачваньне выставілі толькі пасьля 8 месяцаў у ізалятары часовага ўтрыманьня — і ў выніку асудзілі на 10 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму.

Тамара Голубева патрабуе перагляду справы мужа Дзьмітрыя Голубева, асуджанага на пажыцьцёвае зьняволеньне за забойства адказнай асобы, якая выконвала службовыя абавязкі. Яна лічыць, што мужа пакаралі несправядліва. На яе думку, сьледзтва было прадузятае, неабʼектыўнае, бо сьпяшалася далажыць Лукашэнку пра раскрыцьцё справы. Жанчына лічыць, што забойства чыноўніка трэба было разглядаць як неасьцярожнае абыходжаньне са зброяй. Злоснага намеру ў дзеяньнях мужа не было, кажа яна, і пакараньне павінна было быць адпаведнае.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG