Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што стала з гаспадаркай пасьля арышту Патрончыка, заслужанага будаўніка і «добрага знаёмага» Лукашэнкі


Мікалай Патрончык, архіўнае фота
Мікалай Патрончык, архіўнае фота

«Упалі заробкі, цякучка кадраў, калектыў згадвае былога кіраўніка», — так апісаў у лісьце Свабодзе ананімны работнік цяперашнюю сытуацыю на галаўным у Круглянскім раёне прадпрыемстве — Перасоўнай мэханізаванай калёне № 266.

Доўгія гады калёнаю кіраваў заслужаны будаўнік Беларусі Мікалай Патрончык. У 2018-м ён памёр у зьняволеньні. Праз год ягонага малодшага сына асудзілі на 8 гадоў калёніі. Старэйшы сын асьцерагаецца вяртацца на радзіму.

Ліст з Круглага даў нагоду ўспомніць трагічную гісторыю сямʼі Патрончыкаў ды высьветліць, што адбылося з ПМК-266 без шматгадовага кіраўніка.

Круглянская перасоўна-мэханізаваная калёна № 266
Круглянская перасоўна-мэханізаваная калёна № 266

Мікалай Патрончык называў Лукашэнку «добрым знаёмым»

  • Кіраваў ПМК больш за 20 гадоў. Прадпрыемства лічылася адным з самых пасьпяховых на Магілёўшчыне.
  • У 2011 годзе прысвоена званьне «Заслужаны будаўнік Беларусі». Праз год Аляксандар Лукашэнка, якога Патрончык называў «добрым знаёмым», прапаноўваў яму пасаду міністра архітэктуры і будаўніцтва.
  • У 2013-м, пасьля аўтамабільнай аварыі і некалькіх апэрацыяў, Патрончыка «папрасілі» адкласьці выхад на пэнсію і застацца дырэктарам ПМК.
  • У 2015-м узнагароджаны ордэнам Айчыны ІІІ ступені.
  • У сьнежні 2017 году арыштаваны паводле падазрэньня ў перавышэньні службовых паўнамоцтваў. Вінаватым сябе не прызнаваў.
  • 7 траўня 2018 году памёр у Магілёўскай абласной бальніцы, куды яго даставілі зь вязьніцы непрытомнага. 26 красавіка на два месяцы падоўжылі тэрмін утрыманьня пад вартай, а за месяц да сьмерці дыягнаставалі цыроз пячонкі.

«Не заслужыў такой сьмерці»

Жыхары райцэнтру кажуць, што 66-гадовага Мікалая Патрончыка вывелі з будынку ПМК у кайданках. Для Круглага гэты арышт стаў нечаканасьцю. Падначаленыя Патрончыка зьбіралі подпісы за зьмену меры стрыманьня свайму кіраўніку, але марна. На пахаваньне прыйшлі сотні людзей.

Мікалай і Ларыса Патрончыкі. Зь сямейнага альбома
Мікалай і Ларыса Патрончыкі. Зь сямейнага альбома

У сямейным доме жыве ўдава Мікалая Патрончыка — Ларыса Алегаўна. З прычыны хваробы яна шосты год прыкутая да ложка. На пахаваньні мужа была ў інвалідным вазку.

Патрончык не заслужыў такой сьмерці, кажа жыхарка Круглага Сьвятлана.

«Ён кіраваў так, як вымагалі абставіны, — лічыць яна. — Быў жорсткім і спадзяваўся на заступніцтва Лукашэнкі. Ганарыўся знаёмствам зь ім. Валодаў сувязямі, якія дазвалялі ПМК будаваць па ўсёй Беларусі. Гэта рабіла прадпрыемства пасьпяховым».

Сярод абʼектаў, якія ўзводзіла ПМК Патрончыка, былі рэзыдэнцыя Лукашэнкі «Александрыя-2», Лядовы палац у Шклове, а таксама сельскагаспадарчыя комплексы акцыянэрнага таварыства «Александрыйскае» ды сацыяльна-культурныя будынкі і жытло ў самой вёсцы Александрыі.

Сыны: Дзьмітры ў турме, Алег на ўцёках

Пра малодшага сына Мікалая Патрончыка Дзьмітрыя вядома няшмат. Родныя адмаўляюцца гаварыць пра ягоны арышт і прысуд. Зьбіраюцца абскарджваць вырак і лічаць, што залішняя ўвага можа паўплываць на вынікі апэляцыі.

  • Дзьмітрыю 33 гады. Ён ня быў супрацоўнікам ПМК-266.
  • Як і бацьку, яго арыштавалі ў сьнежні 2017-га. Неафіцыйна гаварылася пра абвінавачаньне ў незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасьці. Афіцыйных камэнтароў Сьледчага камітэту пра яго лёс не было.
  • 18 лютага 2019 году Шклоўскі раённы суд прызнаў Дзьмітрыя Патрончыка вінаватым у «спробе крадзяжу шляхам злоўжываньня службовымі паўнамоцтвамі» і прысудзіў яму 8 гадоў у калёніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасьці.
  • 13 чэрвеня Магілёўскі абласны суд не задаволіў апэляцыйную скаргу абвінавачанага, і вырак уступіў у сілу.

Старэйшы сын Алег Патрончык, як кажуць у Круглым, цяпер за мяжою. Высьветліць у Сьледчым камітэце, ці вядзецца супраць яго праверка аб супрацьпраўнай дзейнасьці, Свабодзе не ўдалося.

У Патрончыка зараблялі пад 400 даляраў. Цяпер — 600 рублёў

ПМК застаецца для 8-тысячнага Круглага асноўным горадаўтваральным прадпрыемствам, якое дае працу сотням жыхароў райцэнтру. Аўтар ліста з Круглага піша, што яму «баліць за родны калектыў». Паводле яго, заробкі цяпер не дацягваюць да 600 рублёў.

«У Патрончыка заробкі сягалі 400 даляраў. Тады даводзілася шмат працаваць, але ўладкавацца можна было толькі праз знаёмствы. Цяпер жа людзі шукаюць працу па-за межамі раёну», — наракае ён.

Дом Патрончыкаў у Круглым
Дом Патрончыкаў у Круглым

На афіцыйным сайце прадпрыемства пазначана, што яно мае патрэбу ў работніках 14 спэцыяльнасьцяў.

«Такая сытуацыя ня толькі ў нас. Яна характэрная для ўсёй краіны», — пракамэнтавала незадаволенасьць аўтара ліста прадстаўніца адміністрацыі прадпрыемства.

ПМК валодае шэрагам сацыяльна-культурных абʼектаў. Сярод іх найбуйнейшыя — экатуркомплекс «Мікалаеўскія ставы» ды гандлёва-гасьцінічны комплекс «Ізумруд».

«Гэтыя абʼекты не даюць прадпрыемству прыбытку, а наадварот, вымываюць зь яго сродкі. Празь іх у Патрончыка былі праблемы, але ён неяк спраўляўся зь імі», — гаворыцца ў лісьце Свабодзе.

Гандлёва-гасьцінічны комплекс «Ізумруд», якім валодае ПМК-266
Гандлёва-гасьцінічны комплекс «Ізумруд», якім валодае ПМК-266

«Цяперашняга кіраўніка не параўнаеш з Патрончыкам»

Начальнікам ПМК-266 прызначылі 23 ліпеня 2018 году Віталя Шумейку, які да гэтага працаваў галоўным інжынэрам Упраўленьня капітальнага будаўніцтва Магілёва. Яму давялося папрацаваць і з Патрончыкам. Пад ягоным кіраўніцтвам быў прарабам і намесьнікам па вытворчасьці. У Магілёў перабраўся ў 2014-м.

Лядовы палац, які ўзводзіла Круглянская ПМК-266
Лядовы палац, які ўзводзіла Круглянская ПМК-266

Калі Шумейку прадстаўлялі калектыву, ён паабяцаў «стабілізаваць сытуацыю і пайсьці шляхам далейшага разьвіцьця». Паразмаўляць з Шумейкам карэспандэнту Свабоды не ўдалося. У прыёмнай спаслаліся на ягоную занятасьць.

«Шумейка стараецца кіраваць, але, параўноўваць яго з Патрончыкам нельга, — піша аўтар ліста. — У таго былі сувязі і ўплывовыя знаёмствы, што дапамагала яму шукаць выгадныя абʼекты».

На сайце прадпрыемства дасягненьні ПМК зьвязаныя толькі зь імем Патрончыка.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG