Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Басанож вадзілі па сьнезе, ставілі на расьцяжку», — жонка вязьня, які памёр за кратамі на Валадарцы


Андрэй Цярэшчанка, фота з фэйсбуку Алены Цярэшчанкі

Тры дні таму Алена Цярэшчанка з Ратамкі пахавала мужа, які памёр у турэмным шпіталі менскага СІЗА на вуліцы Валадарскага. Андрэй Цярэшчанка за кратамі сем разоў пабываў у коме, а супрацоўнікі Жодзінскай турмы № 8 лічылі, што ён сам уводзіць сябе ў гэты стан, каб дамагчыся «актаваньня» — пераводу дадому праз стан здароўя.

Пасьпеў адбыць 3 месяцы з 18

У лютым 2019 году Андрэй Цярэшчанка быў асуджаны Менскім раённым судом на 1,5 года зьняволеньня за паўторнае знаходжаньне за рулём у нецьвярозым стане. З гэтага тэрміну ён пасьпеў адбыць толькі 3 месяцы. Але Алена Цярэшчанка думае, што і гэты час ён ня мусіў знаходзіцца ў Жодзінскай турме, бо паступіў туды ў вельмі цяжкім стане.

Жанчына зьбіраецца скардзіцца на адміністрацыю папраўчай установы. У Жодзіне не маглі ня бачыць, наколькі хворага вязьня ім прывезьлі.

«Акрамя цурковага дыябэту ў цяжкай стадыі, у яго яшчэ было падазрэньне на анкалёгію — рак падстраўнікавай залозы. Яму проста на волі не пасьпелі паставіць такі дыягназ, але па ўсіх аналізах гэта вынікала. Даведкі пра абсьледаваньне ён забраў з сабой, як ішоў у суд, у ягонай справе яны мусяць быць. У турме дакладна ведалі, наколькі той хворы. Не выключаю, ён бы неўзабаве памёр і на волі, але яны нічога не зрабілі, каб яго адпусьціць паміраць дома. Не магу гэтага дараваць», — кажа жанчына.

Карэспандэнту Свабоды Алена таксама паскардзілася на тое, што ніводзін дакумэнт яе мужа аб стане здароўя ёй не вярнулі, толькі асабістыя рэчы.

Вадзілі басанож па сьнезе

Яшчэ адной прычынай яна называе зьвесткі пра тое, як з мужам абыходзіліся ў турме.

«На спатканьні ён сам казаў, што ў яго бываюць комы, але яму ня вераць, кажуць, што ён іх знарок правакуе. І каб гэтага не рабіў, яго каралі. Казаў, што вадзілі басанож па сьнезе, а таксама ставілі на расьцяжку».

Пры гэтым Алена згадвае, што канваір, які прысутнічаў пры размове, не паверыў яе мужу і пачаў яго абвяргаць.

«Але муж казаў праўду. Такога слова, як „расьцяжка“, ён раней і ня ведаў, а тут дакладна ўсё апісаў, як гэта рабілі», — кажа яна.

Паводле яе вэрсіі, такімі зьдзекамі яе мужа спрабавалі адвучыць «выклікаць у сябе комы».

Вы ня ўмееце ўсьміхацца кліенту

Андрэю Цярэшчанку было 45 гадоў, зь іх больш за 10 гадоў ён зарабляў продажам запчастак на аўтарынку ў Ждановічах. Але эканамічны крызіс закрануў і гэтую калісьці пасьпяховую галіну.

«Раней меў тры пункты на аўтарынку, але гады 2-3 таму справы разладзіліся, — кажа Алена. — Там у іх шалёна вырасла арэнда, а прыбыткі ўпалі, попыт зьнізіўся. Свайго ІП мусіў закрыць, нейкі час працаваў на іншага, потым увогуле трапіў у дармаеды. Вельмі перажываў. Зьбіраўся стаць гандляром абутку, але яму сказалі, што ня ўмее ўсьміхацца кліентам. Ды ўмеў ён раней усьміхацца, толькі час такі прыйшоў, што не да сьмеху. У яго праблемы са здароўем, у мяне таксама, сына трэба вучыць... Вось так сышлося ўсё, ён сарваўся раз, другі, пачаўся гэты суд. Ішоў на суд — спадзяваўся, што дадуць штраф, але далі рэальны тэрмін. Гэта быў удар».

У Ратамцы ў Андрэя Цярэшчынкі было шмат сяброў, усе яны былі на пахаваньні.

На словах пра ўзмоцненае харчаваньне судзьдзя ўсьміхнуўся

Алена Цярэшчанка зьбіраецца з дапамогай праваабаронцаў падаць скаргу на судзьдзяў Менскага раённага суду, якія ў траўні разглядалі апэляцыю мужа на прысуд. Жанчына лічыць, што судзьдзі маглі лепш вывучыць становішча,улічыць хваробы яе мужа, але чамусьці яму не паверылі і гэтым пазбавілі шанца.

«У зале былі тры судзьдзі, пракурор і я. Андрэя, вядома ж, не прывезьлі, адваката таксама не было. Адкуль на яго ўзяць грошы? Тыя 250 рублёў, што сабралі мне па пасёлку на адваката, пайшлі на іншыя яго паслугі, у тым ліку на складаньне скаргі, але аб прысутнасьці на апэляцыі гаворкі не ішло. Судзьдзя зачытваў справу. Калі дайшло да месца, што патрэбна ўзмоцненае харчаваньне, усьміхнуўся. Пракурорка была супраць зьмены прысуду. Судзьдзі пайшлі раіцца і ўжо праз 10 хвілін вярнуліся: „У задавальненьні скаргі адмовіць“», — паводле Алены Цярэшчанкі, гэтым рашэньнем апэляцыйнай калегіі ў мужа адабралі апошні шанец выжыць.

Пасьля гэтага Алена была ў Жодзіне, бачыла, у якім муж стане. Падняла трывогу. Але пакуль яго перавялі на Валадарку, пакуль пачалі лячыць, было ўжо позна.

У Дэпартамэнце выкананьня пакараньняў МУС сьмерць у турэмным шпіталі на Валадарскага вязьня Андрэя Цярэшчанкі 23 траўня пацьвердзілі, але на пытаньне, ці будзе праводзіцца праверка, не адказалі.

У Жодзінскай турме № 8 ад камэнтару адмовіліся.

Алена дагэтуль атрымлівае лісты ад мужа з вязьніцы: ужо прыйшлі два допісы пасьля ягонай сьмерці...

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Вам можа яшчэ спадабацца

XS
SM
MD
LG