Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Быў у жахлівым ацёчным стане». У няволі памёр заслужаны будаўнік Патрончык, які называў Лукашэнку «добрым знаёмым»


Мікалай Патрончык, архіўнае фота

У зьняволеньні памёр былы кіраўнік Круглянскай перасоўнай мэханізаванай калёны № 266 Мікалай Патрончык. Ён і ягоны малодшы сын былі пад арыштам праз абвінавачваньне ў крадзяжы шляхам злоўжываньня службовымі паўнамоцтвамі. Патрончыка-старэйшага ўтрымлівалі ў СІЗА магілёўскай турмы № 4. Адвакаты дамагаліся зьмены падабароннаму меры ўтрыманьня, бо ў яго былі сур’ёзныя праблемы са здароўем.

Прадстаўніца Сьледчага камітэту па Магілёўскай вобласьці Аксана Салінюк пацьвердзіла Свабодзе зьвесткі пра сьмерць Мікалая Патрончыка.

«Гэта адбылося ўчора, а больш нічога пакуль паведаміць не магу, бо сьледчы, якому даручана правесьці пэўныя дзеяньні, якраз там знаходзіцца, праводзіць разьбіральніцтва, высьвятляюцца абставіны сьмерці. Толькі пасьля гэтага мы зможам нешта пракамэнтаваць», — сказала карэспандэнту Свабоды Аксана Салінюк.

У прэсавай службе МУС зьвестак пра сьмерць Мікалая Патрончыка не прадставілі.

«Ня мог сагнуцца, абуцца. Зь цяжкасьцю выходзіў на вуліцу»

Як паведамілі родзічы, памёр Мікалай Патрончык 7 траўня ў 19.40 у магілёўскай бальніцы № 1, куды яго даставілі ў непрытомным стане ў гэты ж дзень.

Паводле суразмоўцаў, стан здароўя зьняволенага пагоршыўся 6 красавіка. Яго пад канвоем даставілі зь СІЗА Магілёўскай турмы № 4 у абласную бальніцу, дзе дыягнаставалі цыроз пячонкі. 26 красавіка Мікалаю Патрончыку падоўжылі тэрмін утрыманьня ў няволі яшчэ на два месяцы.

Ён быў у жахлівым ацёчным стане. Ня мог сагнуцца, абуцца. Зь цяжкасьцю выходзіў на вуліцу.

«Адвакаты пісалі хадайніцтвы, у якіх прасілі зьмяніць меру стрыманьня, паколькі Мікалаю Васільевічу патрабаваўся асаблівы рэжым лячэньня і дыета. Ён быў у жахлівым ацёчным стане. Ня мог сагнуцца, абуцца. Зь цяжкасьцю выходзіў на вуліцу. Урачы з абласной бальніцы перагледзелі заключэньне турэмных лекараў і адмянілі палову выпісаных яму лекаў. У дадатак у яго быў дыябэт, мноства траўмаў пасьля аварыі, і ўсё гэта дало ўскладненьне на пячонку. Гепатыт С, як мы высьветлілі, перарос у цыроз пячонкі», —сказала Свабодзе сваячка нябожчыка.

У дзень сьмерці Мікалая Патрончыка ў бальніцы адмаўляліся для яго браць перадачы. Сьледчы, якому датэлефанаваліся сваякі, не патлумачыў, чаму зьняволены знаходзіцца на штучным вэнтыляваньні лёгкіх.

Паводле родзічаў, 8 траўня ім павінны паведаміць прычыны сьмерці Мікалая Патрончыка. Хаваць яго зьбіраюцца 9 траўня.

«Усё ў іхных руках. Да мяне ёсьць пытаньні...»

Мікалай Патрончык, архіўнае фота
Мікалай Патрончык, архіўнае фота

​Мікалай Патрончык узначаліў ПМК у 1995 годзе, а працаваў у гэтай арганізацыі ад 1973 году. Ён заслужаны будаўнік Беларусі. У 2015 годзе Аляксандар Лукашэнка ўзнагародзіў яго ордэнам Айчыны ІІІ ступені. У інтэрвію Naviny.by Патрончык называў «добрым знаёмым» кіраўніка дзяржавы, які ў 2012 годзе прапаноўваў яму пасаду міністра архітэктуры і будаўніцтва. Патрончык адмовіўся.

У 2013 годзе ён трапіў у аўтамабільную аварыю і месяц пасьля яе быў у крытычным стане. Перанёс некалькі апэрацый (апошнюю незадоўга да арышту). Пасьля году рэабілітацыі вярнуўся на працоўнае месца, бо супрацоўнікі арганізацыі папрасілі яго адкласьці выхад на пэнсію. Паводле жонкі, Мікалай Патрончык паслухаўся іх, адмовіўшыся ад інваліднасьці.

Нагодай для крымінальнага перасьледу Патрончыкаў стала супрацоўніцтва ПМК з прыватным прадпрымальнікам, які пастаўляў прадпрыемству запчасткі да тэхнікі.

Каля адміністрацыйнага будынка ПМК. Ілюстрацыйнае фота
Каля адміністрацыйнага будынка ПМК. Ілюстрацыйнае фота

66-гадовага Мікалая Патрончыка арыштавалі 26 сьнежня 2017 году. Сьведкі затрыманьня кажуць, што мужчыну вывелі з адміністрацыйнага будынка арганізацыі, якой ён кіраваў, у кайданках...

У дзень арышту ў доме Патрончыка правялі ператрус. Калі гаспадара выводзілі, ён сказаў жонцы: «Усё ў іхных руках. Да мяне ёсьць пытаньні...»

Пазьней жонка Ларыса Патрончык даведалася, што ператрус адбыўся і ў кватэры сына Дзьмітрыя, якога таксама арыштавалі.

Крымінальную справу супраць кіраўніка ПМК распачала пракуратура Магілёўскай вобласьці. На арышце Мікалая Патрончыка настаяла сьледзтва. Пра зьняволеньне Дзьмітрыя Патрончыка ў афіцыйным паведамленьні Сьледчага камітэту Беларусі не гаварылася. Пра тое, што адбываецца зь Дзьмітрыем Патрончыкам, ягоныя родныя зьвестак ня маюць.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG