Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Хачу яго проста абняць». Споведзь жонкі бізнэсоўца, якога 16 месяцаў трымаюць у сьледчым ізалятары


Марыя і Юры Кац, фота зь сямейнага архіву
Марыя і Юры Кац, фота зь сямейнага архіву

Прадпрымальнік зь Менску Юры Кац ужо 16 месяцаў знаходзіцца ў сьледчым ізалятары Магілёва. Ягоная жонка Марыя Кац называе гэта беззаконьнем і зьдзекам з асобы. Яна дамагаецца, каб мужа апраўдалі, і настойвае, што яго зрабілі вінаватым, бо так было выгадна сьледзтву.

Марыя апавядае Свабодзе пра тое, як зьняволілі мужа, пра сваё змаганьне за яго, а таксама тлумачыць, чаму зьвярнулася да кіраўніцы адміністрацыі Лукашэнкі Натальлі Качанавай.

Сьцісла пра Юрыя Каца і справу супраць яго

  • Камэрцыйнай дзейнасьцю займаецца больш за 20 гадоў. Кіраўнік прыватнага прадпрыемства «МелонГарант» і акцыянэрнага таварыства «БелКранЛіфт», якія цяпер на мяжы банкруцтва.
  • З жніўня 2017 па красавік 2018 году ягоныя прадпрыемствы пастаўлялі на Магілёўскі аўтазавод імя Кірава электратэхнічнае абсталяваньне.
  • У 2018 годзе абласное ўпраўленьне па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі выявіла на заводе крадзеж таварна-матэрыяльных каштоўнасьцяў. Супраць галоўнага энэргетыка Міхаіла Станкевіча распачалі крымінальную справу. Па ёй затрымалі і Юрыя Каца.
  • Абодвух прызналі вінаватымі ў крадзяжы і абавязалі сплаціць заводу 96 тысяч 246 рублёў шкоды.
  • Міхаілу Станкевічу далі 7 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму, Юрыю Кацу — 6.

Паверылі абяцаньню міліцыянтаў

Марыя Кац кажа, што магілёўскія апэратыўнікі забралі мужа зь Менску 25 красавіка 2018 году. Свае дзеяньні яны тлумачылі нормамі закону «Аб карупцыі», які «дае ім права паступаць, як палічаць неабходным». Параілі не тэлефанаваць адвакату, «каб не пагаршаць сытуацыі». Абяцалі пасьля допыту Юрыя адпусьціць.

Па яе словах, раніцай 26 красавіка Юры патэлефанаваў і папрасіў забраць яго з Магілёва. На месцы ж ёй паведамілі, што муж затрыманы, і далі 15 хвілін, каб набыць рэчы першай неабходнасьці.

Пра тое, у чым яго падазраюць, Марыя даведалася, калі да яе прыйшлі з вобшукам. Пазьней ёй стала вядома, што муж напісаў у міліцыі яўку з павіннай, ад якой на судзе адмовіўся.

«Ён казаў, што яўку з павіннай пісаў пад псыхалягічным ціскам пасьля ночы допыту і пад дыктоўку міліцыі. Яму абяцалі, што такога прызнаньня будзе дастаткова, каб выйсьці на волю. Тлумачыў, што ўпершыню быў затрыманы і ня ведаў, як сябе паводзіць», — згадвае Марыя.

Афіцыйна: «падазраваныя фіктыўна пастаўлялі таварна-матэрыяльныя каштоўнасьці»

2 траўня 2018 году Сьледчы камітэт паведаміў пра затрыманьне супрацоўніка Магілёўскага аўтамабільнага заводу імя Кірава і дырэктара прыватнага прадпрыемства, якім інкрымінаваўся крадзеж у асабліва буйным памеры шляхам злоўжываньня службовымі паўнамоцтвамі.

Падазраваныя нібыта праводзілі праз бухгальтарскі ўлік заводу фіктыўныя пастаўкі таварна-матэрыяльных каштоўнасьцяў прыватным прадпрыемствам. А грошы за іх пералічвалі на рахунак гэтага прадпрыемства. Такім чынам прысабечылі больш за 50 тысяч рублёў.

Малюнак жонкі ў адным з турэмных лістоў Юрыя
Малюнак жонкі ў адным з турэмных лістоў Юрыя

Асноўным фігурантам справы быў галоўны энэргетык заводу Міхаіл Станкевіч, які сваю віну прызнаў. Яго асудзілі на 7 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму. Юрыя Каца — на шэсьць.

«Яўка з павіннай супярэчыла высновам сьледзтва»

Марыя Кац мае юрыдычную адукацыю, але да затрыманьня мужа ёй не даводзілася сутыкацца з крымінальным заканадаўствам.

З пачутага на судовых пасяджэньнях зразумела, што пад увагу праваахоўнікаў трапілі спачатку службовыя асобы заводу, а потым спатрэбіўся прыватнік, якім «дапоўнілі» злачынную групоўку. Паводле яе, сьледзтва выбудавала сваю пазыцыю на дапушчэньнях, абы паказаць, што фігуранты дзейнічалі па змове.

Ліст Юрыя з прызнаньнем у каханьні і словамі падтрымкі
Ліст Юрыя з прызнаньнем у каханьні і словамі падтрымкі

Па словах Марыі, матэрыялы справы сьведчаць, што прадукцыя, якая лічылася скрадзенай, на завод была пастаўленая, працуе і нараканьняў на яе няма. Гэта пацьвердзілі супрацоўнікі заводу, якія выступалі на працэсе сьведкамі. З усіх угодаў паміж камэрцыйнымі прадпрыемствамі, якімі кіраваў Юры, і аўтазаводам сплачаныя падаткі. Абарона настойвала на спыненьні крымінальнага перасьледу Юрыя і на яго апраўданьні.

«Тое, што муж напісаў у яўцы з павіннай, супярэчыла таму, што выявіла сьледзтва, — адзначае Марыя. — Аднак суд не палічыў гэтую акалічнасьць важнай. Упор рабіўся на тое, што калі ёсьць яўка з павіннай, то даказваць у прынцыпе нічога ня варта».

Марыя Кац — Качанавай: «Заклікаю да міласэрнасьці і літасьці»

Пасьля агучваньня 9 красавіка 2019 году абвінаваўчага прысуду Марыя Кац спадзявалася, што яго перагледзіць Магілёўскі абласны суд. 15 жніўня апэляцыйную скаргу Юрыя Каца не задаволілі, і вырак набыў сілу.

Марыя Кац
Марыя Кац

Марыя зьвярнулася да кіраўніцы адміністрацыі прэзыдэнта Натальлі Качанавай, спадзеючыся, што тая паспрыяе выпраўленьню «судовай памылкі і аднаўленьню законнасьці».

У лісьце яна адзначае, што падзельнік Юрыя абгаварыў яго, каб пазьбегнуць адказнасьці за ўчыненыя злачынствы. Налічаная мужу «неіснуючая шкода» ў 96 тысяч рублёў ставіць яе перад пагрозай, што трэба будзе прадаць кватэру, каб разьлічыцца.

«Заклікаю да міласэрнасьці і літасьці. Ад вашага рашэньня залежыць лёс чалавека і ягонай сям’і», — піша кіраўніцы адміністрацыі прэзыдэнта Марыя Кац.

Уражаньне ад спатканьня з мужам: «Быў маральна прыгнечаны»

21 траўня 2018 году Марыя і Юры меліся адзначыць 25-годзьдзе свайго вясельля. Срэбны юбілей Юры сустрэў у ізалятары, а Марыя на самоце. Пабачыліся яны толькі праз паўгода — у кастрычніку.

«Юры тады быў упэўнены, што яго зробяць вінаватым, нягледзячы на адсутнасьць доказаў яго датычнасьці да злачынства. Маральна быў прыгнечаны, бо разумеў, што так працуе сыстэма», — кажа пра першае спатканьне з мужам Марыя.

Паводле яе, за паўгода муж дужа схуднеў. Ад недахопу сьвежага паветра і сьвятла твар зрабіўся шэры.

Па словах Марыі, у няволі ў мужа абвастрылася хвароба страўніка. У 1998 годзе яму дыягнаставалі язву. У ізалятары Юры пачаў сьлепнуць. Турэмныя мэдыкі выпісалі акуляры.

«Са зрокам у мужа праблемаў раней не было. Зь ліпеня ён ужо ў акулярах», — кажа Марыя.

Чаму калёнія — гэта лепш, чым 16 месяцаў ізалятара

У красавіку 2019 году, яшчэ ў статусе абвінавачанага, Юрыя Каца перавялі ў камэру да асуджаных. Марыя лічыць, што туды мужа меліся перавесьці пасьля разгляду апэляцыі ў абласным судзе. Па яе словах, у гэтай камэры, пакуль там быў яе муж, сядзелі ад 14 да 18 чалавек.

Такімі бачылі Ірыну і Юрыя Кацаў родныя
Такімі бачылі Ірыну і Юрыя Кацаў родныя

«Я ня ведаю, якая камэра памерамі, але ўтрыманьне ў ёй такой колькасьці нявольнікаў ня можа адпавядаць людзкім умовам. Пастаяннае знаходжаньне ў чатырох сьценах, жаданьне пабыць на сьвежым паветры нэгатыўна адбіваецца на псыхаэмацыйным стане нявольнікаў», — адзначае Марыя.

Марыя спрабавала дазнацца, чаму мужа так доўга трымаюць у сьледчым ізалятары. Ёй тлумачылі, што гэта зьвязана з фармальнасьцямі перадачы справы з аднаго суду ў другі. Яна лічыць: пакуль дамагаецца вызваленьня мужа, яму лепей будзе ў калёніі.

«У ёй больш прасторы, не абмежаванай чатырма сьценамі камэры, сьвежага паветра, і відаць неба», — кажа Марыя і дадае:

«Калі Юры апынецца ў калёніі, то ў яго будзе права на доўгатэрміновае спатканьне, і я змагу яго проста абняць».

«Муж не застанецца без падтрымкі з волі»

Незадоўга да арышту мужа ў Марыі Кац дыягнаставалі шматвузлавую міёму з наяўнасьцю субмукознага росту. Па яе словах, пакуль была «ў барацьбе за Юрыя», на немач не зьвяртала ўвагі. У выніку цяпер мэдыкі настойліва рэкамэндуюць цягам шасьці месяцаў зрабіць апэрацыю. У Марыі таксама выявілі і сярэднюю ступень анэміі. Гэтая хвароба суправаджаецца галавакружэньнем і тахікардыяй.

Апошняе на свабодзе сэлфі Кацаў
Апошняе на свабодзе сэлфі Кацаў

Марыя апякуецца і 75-гадовай мужавай маці. У яе свае хранічныя хваробы, і прыгледзець за ёю няма каму. Мужаў старэйшы брат не жыве ў Беларусі, а бацька памёр 4 гады таму.

Марыя прызнаецца, што апынулася «ў дужа цяжкой сытуацыі». Кажа, што на апэрацыю і рэабілітацыю патрэбныя грошы. Падтрымка мужа ў турме таксама вымагае сродкаў. Яна спадзяецца на дапамогу родных.

«Мой стан здароўя змушае мяне прыпыніць на час барацьбу за блізкага мне чалавека, але вера ў тое, што справядлівасьць і закон перамогуць, мяне не пакідае...»

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG