Лінкі ўнівэрсальнага доступу

16 актыўных дзён супраць гендэрнага гвалту ў Беларусі. Што варта зрабіць і наведаць


Менск, каманда ініцыятыўнай групы "Маршыруй, дзетка", Сьвятлана Гатальская, Аляксандра Савініч.

Зь ініцыятывы ААН у лістападзе праходзіць сусьветная кампанія «16 актыўных дзён супраць гендэрнага гвалту». Патлумачым, дзеля чаго гэта робіцца, і што адбываецца ў Беларусі ў рамках кампаніі.

Што гэта такое

16 дзён супраць гендэрнага гвалту — міжнародная кампанія, накіраваная на ліквідацыю гвалту ў адносінах да жанчын і дзяўчынак. Яна праходзіць з 25 лістапада па 10 сьнежня штогод. У гэты час па ўсім сьвеце праходзяць мерапрыемствы, якія тлумачаць праблему і заклікаюць зь ёй змагацца.

Навошта гэта трэба

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Паводле ініцыятараў кампаніі, 16 дзён — выдатны спосаб прыцягнуць увагу да маштабнасьці і сур’ёзнасьці праблемы гвалту над жанчынамі. Для Беларусі гэта актуальнае пытаньне: за 10 месяцаў больш за 1500 жанчын сталі ахвярамі злачынстваў, учыненых іх блізкімі.

Менавіта жанчыны і дзяўчынкі складаюць больш за 70% усіх пацярпелых ад псыхалягічнага, эканамічнага і сэксуальнага гвалту ў сямʼі. Паводле статыстыкі МУС, больш за 117 злачынстваў у сямʼі за 10 месяцаў — гэта злачынствы супраць палавой недатыкальнасьці, зь іх большасьць — у адносінах да дзяўчынак да 16 гадоў.

Толькі за першыя паўгоду 2019 году 55 чалавек былі забітыя сваімі партнэрамі або членамі сямʼі. Тым ня менш у Беларусі да гэтага часу няма закону аб супрацьдзеяньні хатняму гвалту.

Як у Беларусі праходзяць 16 актыўных дзён супраць гвалту

На працягу 16 актыўных дзён ініцыятыўная група «Маршыруй, дзетка!» сумесна з Беларускай нацыянальнай плятформай Форуму грамадзянскай супольнасьці Усходняга партнэрства праводзяць выставу фотаздымкаў жанчын, якія перажылі хатні гвалт, масавае падпісаньне паштовак, сэрыю пікетаў у Менску і паказ дакумэнтальнага спэктакля, заснаванага на рэальных гісторыях ахвяр хатняга гвалту, а таксама публікуюць шмат карыснай інфармацыі ў сацсетках.

На якія імпрэзы варта зьвярнуць увагу

Вечар бяз гвалту

3 сьнежня ў Галерэі «Ў» адбудзецца масавае падпісаньне паштовак. Будзе раздадзена больш за 300 паштовак, прысьвечаных розным сьвятам: 9 траўня, Каляды, хрэсьбіны, Дзень усіх закаханых, 8 сакавіка, Дзень Вялікадня, Новы год.

Паштоўка — знак таго, што на кожнае сьвята статыстыка па гвалце ў сямʼі павялічваецца ў геамэтрычнай прагрэсіі. Ініцыятары імпрэзы хочуць, каб людзі, якія прымаюць рашэньні, памяталі пра гэта і пачалі дзейнічаць, каб выправіць сытуацыю.

Ініцыятыва «Маршыруй, дзетка!» адправіць паштоўку ў Адміністрацыю прэзыдэнта, Савет Рэспублікі і Палату прадстаўнікоў і павіншуе зь Міжнароднай кампаніяй «16 актыўных дзён супраць гендэрнага гвалту».

Выстава «Кожная трэцяя»

У гэты вечар 3 сьнежня можна будзе ўбачыць выставу «Кожная трэцяя», якую арганізавала «Радзіслава», — першы ў Беларусі прытулак для пацярпелых ад хатняга гвалту. У рамках выставы адбудзецца лекцыя-дыскусія на тэму «Гендэрны гвалт — гэта толькі пра жанчын?», якую падрыхтуе Цэнтар па прасоўваньні правоў жанчын «Яе правы».


Сэрыя пікетаў — 55 ахвяраў

За першае паўгоддзе 2019 году ад рук сваіх блізкіх ужо загінула 55 чалавек. Гэта на 8 чалавек больш, чым за аналягічны пэрыяд 2018 году.

Пікеты будуць прысьвечаныя 55 загінулым ад гвалту ў сямʼі. Актывісткі выйдуць на вуліцы і раскажуць рэальныя гісторыі людзей, якія загінулі ад рук сваіх блізкіх ці перажылі хатні гвалт.

Спэктакль пра рэальныя гісторыі гвалту

Дакумэнтальны спэктакль «Родныя людзі?» Лябараторыі сацыяльнага тэатру распавядае рэальныя гісторыі, заснаваныя на інтэрвію зь людзьмі, якія перажылі хатні гвалт, нейкі час жылі ў прытулку, прайшлі рэабілітацыю з псыхолягамі і здолелі ці ня здолелі ўладкаваць сваё жыцьцё пасьля сыходу ад агрэсара. Пасьля паказу будзе магчымасьць пагаварыць з экспэрткамі аб сытуацыі. Імпрэза адбудзецца 8 сьнежня ў культурным хабе ОК16 ў Менску на вуліцы Кастрычніцкай, 16. Пачатак у 17:00.

Онлайн-лісты дэпутатам

Ці ведаюць людзі, хто дэпутат або дэпутатка па іх акрузе?

На сайце «Маршыруй, дзетка» будзе разьмешчаны сэрвіс, які дапаможа даведацца імя і кантактныя дадзеныя дэпутата. Будзе падрыхтаваны шаблён дакумэнту, з дапамогай якога можна будзе зьвярнуць яго / яе ўвагу на адсутнасьць закону па супрацьдзеяньні хатняму гвалту, а таксама даведацца, якую працу ў гэтым кірунку вядзе дэпутат / ка на дадзены момант і якія дзеяньні ў яго / яе ў плянах.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Яшчэ на гэтую тэму

XS
SM
MD
LG