Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Новым сьпікерам брытанскага парлямэнту стаў апазыцыянэр-лейбарыст


Былы сьпікер Джон Бэркаў сыходзіць з пасады, 31 кастрычніка

Палата грамадаў Вялікай Брытаніі выбрала новым сьпікерам сябра апазыцыйнай Лейбарысцкай партыі Ліндсі Гойла, піша BBC. Былы сьпікер пакінуў крэсла пасьля 10 гадоў службы.

Кандыдатуру Ліндсі Гойла падтрымалі ў чацьвёртым раўндзе 325 дэпутатаў з 650 магчымых, акрамя яго на крэсла прэтэндавалі яшчэ шэсьць кандыдатаў.

Паводле традыцыі, новага сьпікера парлямэнту «гвалтоўна зацягваюць» у крэсла — сьпікер нясе дадатковую адказнасьць, размаўляе беспасярэдне з манархам (некалі той мог і галаву адсячы).

62-гадовы Ліндсі Гойл быў упершыню выбраны ў парлямэнт у 1997 годзе, ад 2010-га быў на пасадзе намесьніка сьпікера.

Але 5 лістапада Палата грамадаў мае быць распушчаная, а пасьля датэрміновых выбараў 12 сьнежня новыя дэпутаты могуць выбраць новага сьпікера.

Ягоны папярэднік Джон Бэркаў быў на пасадзе сьпікера з 2009 году, пайшоў у адстаўку 31 кастрычніка — у дзень, калі плянаваўся выхад Брытаніі з Эўразьвязу (ды Brexit быў зноў адкладзены).

Многім у інтэрнэце Бэркаў запомніўся эмацыйнымі заклікамі да парадку ў парлямэнце (крыкам «Order!»). Дэпутатам жа ён хутчэй запомніцца абаронай інтарэсаў парлямэнту і адыходам ад правых поглядаў ягонай Кансэрватыўнай партыі (за супрацьстаяньне якой яго ўскосна крытыкаваў прэм’ер Борыс Джонсан — нават у разьвітальным слове).

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG